Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просты спосаб скараціць чэргі на мяжы


Чарга з грузавых аўтамабіляў на памежным пераходзе «Каменны лог».
Чарга з грузавых аўтамабіляў на памежным пераходзе «Каменны лог».

Літва прапанавала Беларусі разгрузіць кантрольныя пункты пропуску на аўтамабільных дарогах, што зьвязваюць суседнія краіны.

Гэта дазволіць траціць менш часу на перасячэньне мяжы. На думку літоўцаў, гэтага можна дамагчыся, калі частку грузаў, якія цяпер перавозяць на фурах, будуць транспартаваць чыгункай. Наколькі такія захады цікавяць Беларусь?

Намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Сяргей Барысюк сёньня на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў:

«Мы ўжо паспрабавалі ў якасьці экспэрымэнту правесьці некалькі чыгуначных саставаў. Аднак практычнага досьведу ў нас яшчэ недастаткова. Хоць нам падабаецца такі спосаб перавозак. Асабліва транзытных перавозак. Таму што мы ўжо працавалі з такімі перавозкамі на маршруце: Латвія — транзыт Беларусь — Украіна. Дый наагул перавозкі чыгункай у тэхналягічным пляне для нас больш прывабныя за аўтамабільныя перавозкі».

Сяргей Барысюк прызнаў: сама ідэя ня новая. Яе спрабавалі выкарыстаць ужо двойчы. Аднак яна, паводле беларускага чыноўніка, «чамусьці не прыжылася». Чаму?

«Я думаю, калі б да гэтага падключылі эколягаў… Бо гэтыя праекты ўсё ж найперш скіраваныя не на скарачэньне часу для перасячэньня мяжы (прынамсі, так паказвае досьвед Эўразьвязу), а на зьмяншэньне шкоды для навакольнага асяродзьдзя. Бо чыгуначны транспарт усё ж больш экалягічны за аўтамабільны. І калі б сваё важкае слова сказалі ня толькі транспартнікі, а і эколягі, то, мабыць, гэты праект ужо быў бы ўвасоблены ў жыцьцё».

Хіба ж гэта залежыць ад эколягаў?! — дзівіцца першы намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў:

«Калі справа застаецца толькі за «зялёнымі», то мы дзьвюма рукамі «за» прагаласуем хоць сёньня. Няхай зьвяртаюцца. Мы вельмі нават «за».

Прывабным падаецца такі праект і літоўскаму палітолягу Арунасу Молісу. На ягоную думку, гэтыя захады не павінны выклікаць пярэчаньняў і ў Брусэлі, бо тут на першым пляне выгада для дзьвюх сумежных краін:

«Я думаю, што паляпшэньне любой інфраструктуры — гэта рашэньне кожнай асобнай краіны. І я ня думаю, што на гэта будуць уплываць санкцыі Эўразьвязу. Бо калі мы будзем рабіць інвэстыцыі, то гэта будзе ўкладаньне ў літоўскую інфраструктуру. І нейкіх супярэчнасьцяў я тут ня бачу».

Аднак новыя пляны беларускіх мытнікаў скіраваныя на выкарыстаньне не чыгункі, а аўтамабільных дарог. Гэта вынікае з тых лічбаў, якія назваў сёньня спадар Барысюк. Ад 2015 году прапускная здольнасьць кантрольных памежных пунктаў на шашы ўзрасьце да 33 980 аўтамабіляў за суткі. У 2011 годзе ў сярэднім за суткі празь беларускую мяжу праяжджала на 10 280 аўто меней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG