Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі гарэў палац Умястоўскіх, мясцовыя людзі казалі: гарыць наш гонар


Пажар палацу Ўмястоўскіх у мястэчку Жамыслаўль пажарныя амаль з усяго Івейскага раёну тушылі на працягу шасьці гадзінаў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:49 0:00
Наўпроставы лінк

Давялося абрываць бляшаны дах, паколькі пад ім гарэла драўлянае паддашша, што абцяжрвала пажарнікам працу. Мясцовыя людзі кажуць, што пажар пачаўся пасьля таго, як там працавалі калгасныя рабочыя і выразалі трубы ацяпленьня.

Я прыехаў у Жамыслаўль, пасьля 17 гадзін, пажарныя яшчэ ўсе працавалі, нярвова па тэрыторыі хадзіў іх начальнік і ўвесь час размаўляў па тэлефоне. Палац Умястоўскіх, нават у атачэньні пажарных машынаў уражваў веліччу, прыгожым старым паркам. Людзей побач было няшмат, я запытаўся — ад чаго загарэўся палац?

Спадар: «А вось людзі зьбіраліся тут за каровамі а 12-й гадзіне і заўважылі дым. Нібыта калгас тут трубы ацяпленьня вырэзваў...».

Другі спадар: «Насамрэч, дакладна ніхто ня ведае...»

Побач з намі дзяўчынкі школьнага веку, яны падказваюць:

Першая дзяўчынка: «Казалі, што тут трубы пілавалі, трапіла іскрынка і ад гэтага загарэлася».

Другая дзяўчынка: «Бо ўсё сухое было, ад гэтага і загарэлася».

Дым сапраўды ідзе аднекуль зь сярэдзіны, звонку нават не відаць агню, падыходжу да аднаго з пажарнікаў і пытаюся, ці складаны пажар, ці цяжка яго было тушыць.

Першы пажарнік: «Ён ня вельмі складаны, але бляхаю пакрыты, цяжкасьць у тым, што не было як дабрацца».

Другі пажарнік: «Тэмпэратура высокая трымалася, ад гэтага складанасьць».

Першы пажарнік: «Дым высокі, тэмпэратура, у спэцвопратцы працавалі, але гэта звычайная наша праца, што тут такога».

Карэспандэнт: «Шкада вам палацу?»

Першы пажарнік: «Шкада, вельмі шкада, прыгожы будынак, калёны стаяць. Дзе цяпер ёсьць нешта падобнае? Такога мала засталося. Але што атрымалася, тое ўжо атрымалася».

Да нас падыходзіць старэйшы спадар, распавядае, што ягоны прадзед яшчэ працаваў у пана Ўмястоўскага. У яго сьлязяцца вочы.
Прастаяў вайну, ні партызаны не спалілі, ні немцы не спалілі, а ў наш час — на табе.

Спадар: «Прастаяў вайну, ні партызаны не спалілі, ні немцы не спалілі, а ў наш час — на табе. Ну як можна дапусьціць і чаму ў наш час няма грошай на тое, каб яго адрэстаўраваць? Ну і што вось цяпер з гэтага ўсяго атрымалася?»

Да нашае размовы далучаецца спадарыня:

«Ой, як шкада, як шкада, гэта ж такая старына, баліць душа, баліць, гэта ж наш гонар. А трэба было б прадаць людзям, то нешта зрабілі б, мы б ужо тут на катамаранах плавалі».

Ейны муж: «Як будзе ўсё прыватнае, то будзе парадак, а пакуль усё дзяржаўнае, то ніякага парадку ня будзе, будуць красьці».

Спадарыня распавядае, што палац стаіць закінуты ўжо шэсьць гадоў з забітымі вокнамі, а раней у адным будыку мясьцілася і калгасная кантора, і клюб, і бібліятэка, і быткамбінат, і більярдная, і пошта, і ветаптэка:

Фота, відэа, мапа — у матэрыяле «Гарэў палац Умястоўскіх».

«Да нас тут кожны тыдзень едуць турысты, то аўтобусамі, нават двухпавярховымі, во нядаўна цэлая група на раварах была. Едуць і едуць, тут жа прыгажосьць, аж вочы разыходзяцца».

Мясцовыя школьнікі мне распавядалі, што таксама ганарацца палацам, перад кожным сьвятам прыходзяць і прыбіраюць парк, ім вельмі падабаецца, калі ў Жамыслаўль прыяжджаюць турысты паглядзець на іх прыгажосьць.

Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі быў пабудаваны на самым пачатку XIX ст. як зьменшаная копія Лазенкаўскага палацу ў Варшаве. Гэты комплекс будынкаў і цудоўны парк яшчэ да пачатку Другой сусьветнай вайны належаў прыватным шляхецкім родам, а пасьля Віленскаму ўнівэрсытэту. З прыходам савецкай арміі ён быў перададзены мясцоваму калгасу. Цяпер калгас пакінуў будынак, і каторы год ён, фактычна безгаспадарны, развальваецца на вачох. Летась яго выкупіў менскі прадпрымальнік, але пазьней пракуратура палічыла, што ўгода адбылася з парушэньнем заканадаўства, і палац ізноў вярнулі СПК. Са слоў старшыні сельсавету, літаральна празь некалькі дзён палац павінны былі перадаць на балянс райвыканкаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG