Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей: аутсайдэрамі былі — аутсайдэрамі засталіся


Матч з Казахстанам.
Матч з Казахстанам.
Хоць спартовыя функцыянэры давялі нацыянальнай камандзе праграму-мінімум — трапіць у васьмёрку наймацнейшых, выхаванцам фінскага трэнэра Кары Хейкіля ледзьве ўдалося зачапіцца за элітны дывізіён. Выніковае 14-е месца пакінула беларусаў у групе «А», але стала абсалютна горшым сярод усіх удзельнікаў турніру, апрача толькі камандаў Казахстану і Італіі, якія па выніках спаборніцтваў пакідаюць групу наймацнейшых.

Цягам дзесяці дзён зборная Беларусі прайграла камандам Фінляндыі, Швайцарыі, ЗША, Славаччыны, Францыі і Канады. І толькі адзіная мінімальная перамога зь лікам 3:2 над зборнай Казахстану ўратавала ад вылету ў ніжэйшы дывізіён усясьветнага хакею. Такі выступ стаў нечаканым ня толькі для спартовага начальства, якое, памятаючы пра асаблівы статус хакею ў Беларусі, загадзя заплянавала зборнай месца ў чвэрцьфінале, але і для адмыслоўцаў — былых хакеістаў, трэнэраў, спартовых аглядальнікаў.

Нядаўні гулец зборнай Беларусі Ўладзімер Копаць перакананы: з такім падборам гульцоў каманда павінна была перамагчы напаўаматарскую каманду Францыі і аказаць нашмат большы супраціў блізкім паводле статусу швайцарцам ды славакам:

«Збоку цяжка казаць, што не дало згуляць так, як усе чакалі. Відаць, ёсьць нейкія прычыны. Але, ня ведаючы нюансаў, складана меркаваць, чаму так. Перад чэмпіянатам сьвету зборная ў спарынгах паказвала нядрэнныя вынікі, таму і не зразумела, што адбылося. Як мне бачыцца, не хапала руху на пляцоўцы. Наракаць на тое, што трэнэру не хапіла часу арганізаваць каманду, таксама не выпадае — за месяц падрыхтоўчага пэрыяду можна было нешта наладзіць. Цяжка, вядома, штосьці камэнтаваць, калі няма выніку. Першыя гульні нібыта ўсялялі аптымізм, месцамі была нядрэнная гульня, а не набіралі ачкоў. А потым кудысьці і сама гульня зьнікла. Можа, псыхалягічна зламаліся. Ня ведаю нават, што выйшла на першае месца».

Карэспандэнт: «Для вас было нечаканасьцю, што Беларусь апынулася на мяжы вылету з элітнага дывізіёну?»

«Ну так, было, канечне. Усё ж склад нядрэнны паехаў на чэмпіянат сьвету, на гэтай падставе будавалі пэўныя пляны — ажно на тое, каб трапіць у васьмёрку наймацнейшых. Таму вынік, натуральна, нечаканы».

Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка лічыць, што пры такім стаўленьні да хакею з боку дзяржавы цяперашні вынік зборнай — ганьба. Як удакладняе суразмоўца, ніводзін іншы від спорту ў Беларусі не агорнуты такой увагай: да хакейнага чэмпіянату сьвету-2014 па ўсёй краіне збудуюць больш за паўсотні лядовых палацаў, уключна з трыма арэнамі міжнароднага клясу ў Менску і Бабруйску. Вялізныя сродкі трацяцца на заробкі мясцовым выхаванцам і легіянэрам у камандзе Кантынэнтальнай хакейнай лігі «Дынама» (Менск). Дый гульцы нацыянальнага першынства зарабляюць столькі, колькі бальшыні беларусаў і ня сьнілася: штомесячны заробак хакеістаў унутранага чэмпіянату вагаецца ў межах 10–15 тысяч даляраў:
Усе гэтыя легіянэры ў клюбах, у трэнэрскім складзе прывялі да крызісу ў нацыянальным хакеі, адбываецца яго выпадзеньне з агульнай сыстэмы спорту.

«Усе ж разумеюць, што штучна ніякіх вынікаў не дасягнеш. Нават такі вернападданы чалавек, як Шумідуб (экс-брамнік зборнай, трэнэр клюбу „Гомель“. — РС), і той сказаў: панабудавалі лядовых палацаў, а толку? Уся піраміда згніла яшчэ гадоў 15 таму, і цяпер мы пажынаем плён неакуратных дзеяньняў нашых функцыянэраў. Усе гэтыя легіянэры ў клюбах, у трэнэрскім складзе прывялі да крызісу ў нацыянальным хакеі, адбываецца яго выпадзеньне з агульнай сыстэмы спорту. Паказуха ні да чога не прывяла, бо гэта ня нашае. Трэба быць сьціплейшымі. Так, сапраўды, трэба разьвіваць хакей для здароўя людзей, але не шчаміцца ў васьмёрку хакейных супэрдзяржаў. Вашае месца — 13–14-е, вось і радуйцеся, што сюды яшчэ трапляеце. Абняславіліся, адным словам. І Мезін незразумела чаму такі дэмарш учыніў, зьехаў. Коваль зламаўся. А зь Мільчаковым што здарылася б, дык і ўсё — каму ў вароты станавіцца? Правал поўны…»

Заўзяты папулярызатар хакею ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка, чыю прэзыдэнцкую каманду афіцыйная прапаганда называе наймацнейшым аматарскім калектывам сьвету, балюча рэагуе на правалы зборнай. На дадае аптымізму і маштабная кампанія з боку асобных палітыкаў і цэлых урадаў за тое, каб перанесьці чэмпіянат сьвету 2014 году з таталітарнай Беларусі ў іншую дэмакратычную краіну. У пасланьні беларускаму народу і парлямэнту 8 траўня Лукашэнка ўпершыню «капітуляваў», заявіўшы, што з такой гульнёй зборнай Беларусі лепш бы гэты чэмпіянат сапраўды не праводзіўся.

Аналітыкі не сумняваюцца: Лукашэнка, хутчэй за ўсё, ужо бліжэйшым часам зьбярэ адмысловую нараду па выніках выступу нацыянальнай зборнай, каб яшчэ раз папракнуць хакеістаў, трэнэраў, адказных функцыянэраў за мінімальную аддачу пры вялізных дзяржаўных укладаньнях у спорт № 1 у Беларусі. Падчас падобнага сходу летась, калі беларусы занялі на ўсясьветным першынстве аналягічнае 14-е месца, Лукашэнка сказаў: «Ганьбаваць сябе такім чынам недапушчальна. Гэтаму віду спорту мы ўжо аддалі столькі ўвагі, што больш не прыдумаеш. А ўсё атрымліваецца наадварот: чым больш увагі, тым больш ганебныя і мярзотныя выступы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG