Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Лыч: «Сталінобусы — гэта зьдзек са Сталіна»


Леанід Лыч
Леанід Лыч

Над кнігай «Нацыянальна-культурнае жыцьцё Беларусі на тэрыторыі функцыяваньня нямецкага акупацыйнага рэжыму (1941–1944)» доктар гістарычных навук Леанід Лыч працаваў некалькі гадоў. Летась яна выйшла ў львоўскім выдавецтве «Воля».

Чым былі гады акупацыі для беларускай культуры — пэрыядам заняпаду, змаганьня ці калябарацыі? І што насамрэч азначаюць спробы адзначаць Дзень Перамогі пад партрэтамі Сталіна? Аўтар кнігі сёньня — госьцем «Вольнай студыі».

— Спадар Леанід, а навошта немцам увогуле гэта ўсё было патрэбна: беларускае кнігавыданьне, беларускамоўная пэрыёдыка, беларускі нацыянальны тэатар?

— Калі пачалася вайна, пытаньні ідэалёгіі і культуры займалі адно з галоўных месцаў у плянах Трэцяга райху. Немцы не маглі не лічыцца з тымі традыцыямі, паводле якіх насельніцтва пэўнай акупаванай тэрыторыі жыло на працягу стагодзьдзяў. І таму, зразумела, і ў Беларусі яны не маглі быць адразу ў апазыцыі да беларускай нацыянальнай культуры. Іншая справа, што пад уплывам савецкай гістарыяграфіі яны не ўяўлялі дакладна, дзе, на якой тэрыторыі павінна існаваць беларуская культура, а дзе — сумежныя зь ёй культуры: расейская, літоўская, польская, украінская. І таму, на вялікую бяду, у выніку нямецкага адміністрацыйнага падзелу Беларусі наша культура апынулася не ў адным масыве. Па-сутнасьці, яна мела дастатковую магчымасьць для разьвіцьця толькі ў межах Гэнэральнай акругі Беларусь. Гэта дзесяць акругаў — тры акругі на тэрыторыі БССР (Барысаўская, Менская і Слуцкая) і сем акругаў у былой Заходняй Беларусі (Баранавіцкая, Віленская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідзкая, Наваградзкая і Слонімская). У іх пераважала беларускае насельніцтва, за выключэньнем, хіба, акругі Лідзкай, дзе быў даволі значны польскі ўплыў.

— Перад вайной у Беларусі ішла поўным ходам русіфікацыя. Заходнік Максім Танк успамінаў, як яму калегі не рэкамэндавалі размаўляць па-беларуску на менскіх вуліцах. А якая роля расейскай мове адводзілася ў акупаванай Беларусі?

— Расейская мова прысутнічала, але пераважна ва ўсходніх раёнах,
Немцы сыходзілі з таго, што гэта спрадвеку беларускі край, і тут ні польская, ні расейская культура ня маюць права на існаваньне ...

падначаленых вайсковым тылавым уладам. Там нямецкая цывільная адміністрацыя перавагу аддавала расейскай мове, расейскай культуры. А вось што датычыць Генэральнай акругі Беларусь, тут аніякіх афіцыйных пазыцый за расейскай мовай не было захавана. Немцы сыходзілі з таго, што гэта спрадвеку беларускі край, і тут ні польская, ні расейская культура ня маюць права на існаваньне. У гэтым можна пераканацца са слоў генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ, які, выступаючы ўлетку 1942 году ў Койданаве, сказаў: «Гэта недарэчнасьць — называцца расейцамі. Вы належыце да народаў Эўропы, якія расквітнеюць пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера». Можа быць, яшчэ большым праціўнікам расейскай культуры на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь быў райсхміністар усходніх акупаваных абшараў Альфрэд Розэнбэрг. На сустрэчы з беларускай інтэлігенцыяй у Менску ў траўні 1942 году ён заявіў: «Назаўсёды павінны спыніцца ўсякія зьявы русіфікацыі ў гэтай частцы Эўропы, таму што Беларусь павінна стацца моцным і расквітнелым перадкраем Нямеччыны».

— У тым і бяда наша, што беларусізацыяй у нас займаліся то Сталін, то Кубэ з Розэнбэргам, то Берыя, лепш бы — мы самі... А ці існавала пагроза беларусккй нацыянальнай культуры з боку культуры нямецкай?

— Такой выразнай палітычнай лініі на выцясьненьне беларускай культуры і на анямечваньне беларускага народу не праводзілася. Усё ж на першым месцы ў немцаў стаяла вайсковае пытаньне. Усё залежала ад падзеяў на фронце. Немцы разумелі, што выцясьненьне беларускай культуры і ўкараненьне нямецкай маштабнымі, сыстэмнымі спосабамі можа выклікаць недавер у насельніцтва.
Праўда, ужо ў 1942 годзе былі складзеныя дапаўненьні да пляну «Ост», паводле якіх прадугледжвалася анямечваньне 25% беларусаў ...

А гэта значыць, што апрача партызанаў і падпольля можна было займець праціўнікаў акупацыйнага рэжыму сярод тых, хто застаўся на падуладнай фашыстам тэрыторыі. Навошта немцам было ўскладняць сваё становішча на тэрыторыі Беларусі? Пагрозы анямечваньня не існавала яшчэ і таму, што нацыянальная інтэлігенцыя, якая засталася на акупаванай тэрыторыі і супрацоўнічала з нямецкім рэжымам, вельмі стойка прытрымлівалася сваіх нацыянальных стандартаў. Яна стаяла на пазыцыях разьвіцьця прафэсыйных пластоў культуры. І, нягледзечы на ўсе цяжкасьці, ня толькі ў Менску, але і ў многіх буйных гарадах пры немцах працавалі прафэсійныя тэатры. І там ставілася клясыка, прычым ня толькі беларуская. Была і расейская, і нямецкая — але толькі ў беларускіх перакладах. А возьмем, напрыклад, кінатэатры. Вядома, там дэманстраваліся не савецкія, а нямецкія фільмы, даволі прыцягальныя, бо ў Нямеччыне да вайны кінамастацтва было вельмі добра разьвітае. Фільмы ішлі на нямецкай мове, але з субтытрамі па-беларуску. Праўда, ужо ў 1942 годзе былі складзеныя дапаўненьні да пляну «Ост», паводле якіх прадугледжвалася анямечваньне 25% беларусаў. Аўтар гэтых дапаўненьняў доктар Вэтцэль лічыў, што «ў інтарэсах Трэцяга райху неабходна самым старанным чынам адабраць беларусаў нардычнага тыпу, прыдатных паводле расавых прыкметаў для анямечваньня, і накіраваць іх у Гэрманію». Калі ўзяць нашых суседзяў палякаў, то ім была выдзеленая «квота» толькі на 3%. Заплянаванае анямечваньне 25% беларусаў, відаць, ня самая трагічная старонка ў нашай гісторыі. Мы ў выніку палянізацыі, русіфікацыі (царскай і савецкай) страцілі нашмат большы адсотак. Ды і сёньняшняя гэтак званая беларуская ўлада стараецца зьвесьці нас са сьвету.

— Вы гаварылі пра тэатар, пра элітарную культуру. Але ў шырокія масы культура ішла праз мастацкую самадзейнасьць, якой савецкая ўлада ў сваёй ідэалагічнай працы адводзіла вялікую ролю. А вось калі параўнаць мастацкую самадзейнасьць пад немцамі і пад саветамі, чым яна адрозьнівалася?

— Беларуская мастацкая самадзейнасьць перад вайной была дарэшты саветызаваная, яна мусіла садзейнічаць камуністычнаму выхаваньню працоўных. Абавязкова былі там нейкія творы, прысьвечаныя партыі, таварышу Сталіну... А пад немцамі мастацкая самадзейнасьць набыла больш традыцыйны характар — вярнулася ўсё, што было забароненае і забытае пры савецкай уладзе. У газэтах і часопісах, напрыклад, у «Новым шляху» друкаваліся сцэнары на тэмы народных сьвятаў і абрадаў. І ладзілася ўсё даволі цікава. Вядомы факт: сам генэральны камісар Кубэ наведаў у Менску Купальле і быў уражаны ўсім тым, што ўбачыў.

— Пад немцамі выходзіла нямала пэрыядычных выданьняў, якія ахвотна друкавалі мастацкую літаратуру. А ці спрабавалі беларускія пісьменьнікі ў сваіх творах усхваляць нямецкі парадак?

— Па-першае, давайце ўдакладнім, што пэрыёдыка — уся! — выходзіла на беларускай мове. Спробы «Баранавіцкай газэты» (першы нумар выйшаў ужо 27 ліпеня 1941 году) выдавацца на польскай, беларускай і нямецкай мовах пратрымаліся нядоўга. З лютага 1942-га яна цалкам стала выходзіць па-беларуску.

— Дарэчы, у «Баранавіцкай газэце» дэбютаваў паэт і навуковец Алег Лойка.

— Так, у дванаццацігадовым узросьце. Што датычыць адносінаў нашых
Я прагледзеў усю падакупацыйную пэрыёдыку і не знайшоў аніводнага мастацкага твора, у якім усхваляўся б нямецкі рэжым ...

пісьменьнікаў да новага парадку. Мяне ў свой час і парадавала, і зьдзівіла, як яны нават у тых складаных умовах трымаліся сваіх нацыянальных каранёў, а значыць — прывучалі да гэтага і сваіх чытачоў. Я прагледзеў усю падакупацыйную пэрыёдыку і не знайшоў аніводнага мастацкага твора, у якім усхваляўся б нямецкі рэжым. Аніводнага! Галоўнай тэмай для паэтаў і празаікаў была беларуская гісторыя. Шмат пісалася пра ролю беларускай мовы. Вось вам такі прыклад. У нас і за саветамі абвінавачвалі, і цяпер працягваюць абвінавачваць у калябарацыянізме паэтку Натальлю Арсеньневу. А яна, як ніхто іншы, жыла інтарэсамі беларускага народу, гістарычныя праблемы падымала. А як хораша яна напісала пра нашу мову ў вершы, датаваным, што характэрна, 1942 годам: «Мова наша — выкутая з золата — / не йржавеее, блішчыць, зіхаціць. / Гэта мова паэтаў і волатаў, / скарб, які нас трымаў пры жыцьці. / Каб ня мова, даўно б мы растаялі, / расплыліся б імглой між чужых, / зьбеглі ў вырай гусінаю стаяю... / Але з мовай і мы будзем жыць!». Верш меў загаловак-заклік «Жыве Беларусь!», за які і сёньня можна трапіць у пастарунак.

— Усё ж «зьбягаць у вырай гусінаю стаяю» давялося — улетку 1944 году...

— А што заставалася рабіць? Было вядома, што адбывалася ва ўсходняй Беларусі, ва ўсходняй Украіне з прыходам савецкай арміі. Людзі ратавалі свае жыцьці. І ратавалі — нацыянальную культуру. Пісьменьнікі вывозілі яе ў сваёй душы, у сэрцы, у задумах. Кампазытары вывозілі свае нявыкананыя партытуры, мастакі — эскізы сваіх карцінаў. Яны маглі ня браць матэрыяльных каштоўнасьцяў, а свае творы яны імкнуліся вывезьці. Настаўнікі выяжджалі і тут жа ў лягерах для бежанцаў арганізоўвалі беларускія школы. А што іх чакала тут? У лепшым выпадку — Гулаг.

— Напярэдадні 9 траўня ў Беларусі меркавалася выпусьціць на гарадзкія вуліцы гэтак званыя сталінобусы — з парадным партрэтам Сталіна на борце. Як вы ставіцеся да такой ініцыятывы?

— Калі ў ініцыятараў гэтай акцыі ёсьць мэта прынізіць Сталіна, то хай тыя сталінобусы выпускаюць. На маю думку, гэта — прыніжэньне страшэннае, гэта зьдзек. Можа, дзе-небудзь на Курска-Арлоўскай дузе можна было б такія сталінобусы выпусьціць, бо там усё ж мела месца перамога савецкай арміі. У Беларусі ж саветы ў шалёным тэмпе ўцякалі. Якія сталінобусы, якая лінія Сталіна... Гэтая «лінія» — поўха Сталіну, большай нельга і прыдумаць. Калі б Менск быў заняты немцамі хоць бы праз месяц пасьля пачатку вайны, мы ведалі б, што сапраўды тут ішлі баі, была спроба стрымаць вэрмахт... Але ж Менск быў заняты на шосты дзень, дык чым жа тут выхваляцца? «Лінія Сталіна» — гэта проста публічны зьдзек з «правадыра народаў».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG