Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бундэстагу фармуецца шырокі міжпартыйны супраціў ЧС у Беларусі


«Рэжым Лукашэнкі — нягодны гаспадар чэмпіянату, — прыводзіць „Süddeutsche Zeitung“ урывак з падрыхтаванага дэпутатамі ад апазыцыйнай фракцыі зялёных і сацыял-дэмакратаў праекту адмысловай рэзалюцыі. — Трэба зыходзіць з таго, што большасьць спартоўцаў ня хочуць узнагародаў ад дыктатара». Палітыкі заклікаюць кіраўніцтва нямецкага хакейнага зьвязу выступіць на паседжаньні МФХ з прапановай перанесьці ЧС-2014 зь Беларусі ў іншую краіну.

Над адпаведным праектам рэзалюцыі працуюць і дэпутаты ад кіроўнай кааліцыі — хрысьціянскія і вольныя дэмакраты, якія жорстка крытыкуюць рашэньне правесьці міжнародны хакейны турнір у Менску як непрадуманае.

Шмат хто падзяляе думку парлямэнцкага экспэрта ў пытаньнях усходняй палітыкі ад партыі зялёных Марылюізы Бэк, што «сытуацыя ў Беларусі нашмат больш драматычная за сытуацыю ва Ўкраіне, дзе сёлета зьбіраюцца правесьці эўрапейскае першынства па футболе. Пра байкот футбольнага чэмпіянату ва Ўкраіне ўжо заявілі кіраўнікі некаторых краінаў ЭЗ».

Аднак, як лічаць дэпутаты ад кааліцыйных партыяў, спробы апазыцыі ціснуць на нацыянальную фэдэрацыю — досыць праблематычныя.

«Беларусь, сапраўды, няўдалае месца для правядзеньня чэмпіянату, але палітыка ня можа наўпрост умешвацца ў спорт», — кажа дэпутат ад партыі вольных дэмакратаў Біджан Джыр-Сарай. Ён мяркуе, што сумесныя захады кааліцыі і апазыцыі ў гэтым пытаньні павінны быць больш распрацаваныя.

У сваю чаргу, прэзыдэнт хакейнай фэдэрацыі Нямеччыны Увэ Гарнас у кантэксьце цяперашняй палемікі вакол байкоту турніру УЕФА і ЧС-2014 указвае на неабходнасьць фармаваньня адзінай пазыцыі. Паводле ягоных словаў, "ня можа быць так, што футбольны чэмпіянат ва Ўкраіне адбудзецца, а хакейны ў Беларусі – не”. Кіраўнік нямецкага хакейнага зьвязу называе вельмі важным, што беларуская тэма стаіць на парадку дня маючага адбыцца ў сярэдзіне траўня Кангрэсу МФХ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG