Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Svenska Dagbladet»: Чэмпіянат у Менску — шайба ў вароты МФХ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Спартовы аглядальнік «Svenska Dagbladet» Ола Білгер піша, што чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе трэба перанесьці зь Беларусі ў Швэцыю ды Фінляндыю, дзе праходзяць адпаведна ЧС-2012 і ЧС-2013.

«Беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка — тыран, які перасьледуе дысыдэнтаў і цісьне на апазыцыю. Гэта найгоршая дыктатура ў Эўропе, якая захавала ў сабе рысы мінулай эпохі. Затое яе кіраўнік тры разы на тыдзень мае хакейныя трэніроўкі. Даваць яму магчымасьць зьзяць у промнях ЧС — гэта гратэск. Сапраўды, цяперашнюю пазыцыю МФХ можна параўнаць з прыгожым голам ва ўласныя вароты. Аднак у фэдэрацыі ўсё ж ёсьць шанец выправіць гэтую памылку», — адзначае Білгер.

Паводле спартовага журналіста, пратэсты супраць менскага турніру, да якіх далучаецца ўсё больш і больш эўрапейцаў, нельга зводзіць да палітычных патрабаваньняў. Размова ідзе пра правы чалавека, а не пра адрозьненьні палітычных «левых», «правых» ды «цэнтрыстаў».

«І чым большы маштаб ды прэстыж міжнароднага турніру, які праводзіцца ў краіне з дыктатарскім рэжымам», — працягвае аглядальнік «Svenska Dagbladet», — «тым большая шкода ад яго і тым большая ганьба яму».

Міжнародная фэдэрацыя хакею разгледзіць пытаньне пра перанос чэмпіянату сьвету зь Беларусі ў іншую краіну. Гэтае пытаньне ўнесена ў парадак паседжаньня фэдэрацыі, якое заплянаванае на травень у Хэльсынкі.

Ідэя перанесьці чэмпіянат у іншае месца зьявілася пасьля разгону акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Пад заклікам перанесьці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадзкія дзеячы з усяго сьвету. Ідэю пераносу чэмпіянату зь Беларусі падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША.

Супраць пераносу выступае Расея.

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясеньня чэмпіянату з аднае краіны ў іншую. У сувязі з уварваньнем дзяржаваў Варшаўскага пакту ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе хакейны чэмпіянат 1969 году праводзіўся ня ў Празе, як было заплянавана раней, а ў Стакгольме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG