Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: каб мець эфэкт ад санкцыяў, трэба гэтаксама ціснуць і на Расею


Пайменна вядомыя амаль тры дзясяткі прадпрыемстваў беларускіх бізнэсоўцаў, на якія накладзеныя эканамічныя санкцыі Эўразьвязу.

У пераліку — 18 кампаніяў холдынгавай групы «Трайпл» Юрыя Чыжа, 8 фірмаў Уладзімера Пефціева і 3 — Анатоля Тарнаўскага. З гэтымі фірмамі эўрапейскаму бізнэсу забаронена весьці камэрцыйную дзейнасьць і заключаць новыя кантракты.

Да кіраўніка кампаніі па экспарце ўзбраеньняў «Белтэхэкспарт» Уладзімера Пефціева, які быў унесены ў чорны сьпіс Эўразьвязу яшчэ летась, дадаліся два новыя прозьвішчы спонсараў беларускіх уладаў. Гэта Юрый Чыж, які, з гледзішча Эўразьвязу, аказвае фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі праз холдынг «Трайпл», а таксама Анатоль Тарнаўскі — буйны прадпрымальнік, набліжаны сям’і Лукашэнкі, адзін з асноўных фундатараў Прэзыдэнцкага спартовага клюбу, які ўзначальвае сын Лукашэнкі Дзьмітрый.

У адносінах да Пефціева пашыраны пералік кампаніяў, зь якімі грамадзянам краінаў Эўразьвязу забаронена мець камэрцыйныя кантакты. Да трох ранейшых фірмаў — «Белтэхэкспарт», «БТ Тэлекамунікацыі» і «Спорт-Пары» — дадаліся яшчэ восем: «Дзелавая сетка», «Сыстэмы інвэстыцый і інавацый», «Сен-Ко», «БТ Інвэст», «Белтэх Холдынг», «Тэхнасаюзпрыбор», «Спецпрыборсэрвіс», гарэлачны завод «Аквадзіў».

Але рэкардсмэнам па забаронах на дзейнасьць у краінах Эўразьвязу стаў Юрый Чыж — у чорным сьпісе адразу 18 ягоных кампаній: «Трайпл», «НафтаХімТрэйдынг», Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў, «Трайпл-Тэхна», «Прастормаркет», «Ракаўскi бровар», «Аскаргатэрмінал», «ТрайплМэталТрэйд», «Варыянт», «Трайпл-дэкор», «Кварцмелпрам», «Альтэрсалюшнс», «Акватрайпл», спартовы комплекс «Лагойск», «Трайпл-Агра», «Трайплфарм», «Трафл-Вялес» і нават менскі футбольны клюб «Дынама», якім Чыж таксама валодае.

Апроч таго, санкцыі ўведзеныя ў дачыненьні да трох кампаніяў бізнэсоўца Анатоля Тарнаўскага — «Юнівест-М», «Юніс Ойл» і «ЮнівестБудІнвест».

Эфэктыўнасьць падобных захадаў празь ціск на «кашалькі Лукашэнкі» камэнтуе эканаміст Станіслаў Гусак:

«Тое, што спонсары рэжыму пацерпяць, — гэта зразумела. Гэта відаць з самой санкцыі, яна на тое і зробленая, каб яны пацярпелі. Тут зроблена ўсё правільна, нават цяжка сказаць, што яшчэ можна дадаць да гэтага. Каб разьвярнуць палітычную сытуацыю, якая зараз мае месца ў Беларусі, каб вызваліць з турмаў палітвязьняў, трэба рабіць нешта радыкальнае, таму што нічога іншага не застаецца і вынікаў рэальных ня будзе. Магчыма, трэба рабіць і штосьці больш радыкальнае дзеля таго, каб сытуацыя зьмянілася.
Але, я думаю, было б правільна, каб Захад зразумеў: Беларусь на сёньня фактычна зьяўляецца часткай Расеі, ёсьць расейскай калёніяй дэ-факта.

Але, я думаю, было б правільна, каб Захад зразумеў: Беларусь на сёньня фактычна зьяўляецца часткай Расеі, ёсьць расейскай калёніяй дэ-факта. Таму трэба, каб заходнія дзяржавы рабілі ціск ня толькі на Беларусь, на беларускія палітычныя ці эканамічныя колы, на пашырэньне сьпісаў невыязных пэрсонаў, а трэба тое ж самае рабіць і ў адносінах да Масквы, якая тым часам манапалізавала права на Беларусь».

З усіх пералічаных алігархаў толькі Юрый Чыж адрэагаваў на новаўведзеныя абмежаваньні, заявіўшы, што яны яму «да аднаго месца». Экспэрты падкрэсьліваюць, што асноўныя праекты з удзелам эўразьвязаўскіх партнэраў Чыжу захаваць усё ж удалося. Да прыкладу, Славенія пралабіравала выключэньне са сьпісу падкантрольнай Чыжу кампаніі «Elite», якая мае кантракт са славенскай фірмай «Riko Group» больш як на 100 мільёнаў эўра на будоўлю гатэля «Kempinski» ў Менску. Няма ў пераліку і латвійскіх падразьдзяленьняў «Трайпла» — «Mamas D» і «Latgales Alus D», якія ў Даўгаўпілсе вырабляюць біяпаліва. На выключэньні настаяла Латвія.

Як лічыць былы бізнэсовец Андрэй Клімаў, спроба Чыжа захаваць твар выкліканая зусім ня тым, што алігархам нібыта насамрэч напляваць на санкцыі:

«Зразумела, што той жа Чыж зусім не дурны чалавек. І цалкам натуральна, што ён павінен захоўваць рэнамэ, бо ён — чалавек прэзыдэнта. Лукашэнка ж трымае марку, калі кажа, што яму ўсё роўна, адбудзецца ў Беларусі чэмпіянат сьвету па хакеі ці не, так і Чыж мусіць трымаць марку — ну падумаеш, невыязны. У Эгіпет ці Турэччыну будзе езьдзіць адпачываць. Але на самой справе сытуацыя не такая адназначная. Што да самога Чыжа, то ў той час, калі я займаўся будаўніцтвам, яму грошы зь неба ня падалі, у іх была толькі адна кампанія „Трайпл“, і ім было досыць складана, цяжка яны падымаліся. Але тое, чым ён займаўся раней і зараз — гэта ніякіх адносінаў адно да аднаго ня мае. То бок у яго, я б так сказаў, дзяржаўны бізнэс».

Паводле ацэнак экспэртаў, найбольш набліжаныя да беларускіх уладаў бізнэсоўцы, чые кампаніі трапілі ў чорны сьпіс, пацярпяць ад забароны на экспарт нафтапрадуктаў у краіны Эўразьвязу. Таксама істотныя страты панясуць будаўнічыя падразьдзяленьні, у структуры якіх значную долю займае імпарт будматэрыялаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG