Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузьдзіловіч: Гэты суд быў нейкай фантасмагорыяй


Алег Грузьдзіловіч ад 15 верасьня да 30 лістапада мінулага году асьвятляў працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, якія былі расстраляныя на мінулым тыдні.

Алег Грузьдзіловіч — госьць нашага эфіру.

Абламейка: Ваша кніга будзе называцца «Хто ўзарваў менскае мэтро?» Чаму вы пытаецеся? Здаецца суд адказаў на гэтае пытаньне, тэрарысты вызначаныя і пакараныя сьмерцю?

Грузьдзіловіч: Суд назваў тэрарыстаў, але — я мяркую і па сваіх уражаньнях, і па безьлічы кантактаў — і ўсе кажуць, што ў іх ёсьць пытаньні. У мяне таксама ёсьць пытаньні, мы ўсе няўпэўненыя, што тэрарысты — Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў, а асабліва няўпэўненыя, што тая мера пакараньня, якая дасталася, напрыклад, Кавалёву, можа лічыцца заслужанай.

Таму і ўзьнікае гэтае галоўнае пытаньне: «Хто ўзарваў?», якое, на маю думку, патрабуе высьвятленьня.

Да таго ж можна пэўна сказаць, што так усё сышлося і момант такі быў палітычна небясьпечны, ён і цяпер застаецца складаны. Палітычны чыньнік ва ўсёй гэтай гісторыі відавочны, і таму цяжка паверыць, што гэта проста так вось гэтыя два хлопцы ўзарвалі гэтую бомбу, як навагоднюю пэтарду, што гэта ня мае дачыненьня да палітыкі.

На судзе ў мяне склалася ўражаньне, што ўлада гэты палітычны фактар таксама ўлічвае, і ў матэрыялах справы ён прагучаў. Судзьдзя спрабаваў яго прыхаваць, але ён усё ж вылез. Гэта факт, які даводзіцца ўлічваць. А калі ёсьць палітыка, дык і ня дзіва, што пытаньне «хто ўзарваў» да канца ня высьветленае.

Абламейка: Вы адкажаце на гэтае пытаньне ці пакінеце чытачу магчымасьць самому зрабіць выснову?

Грузьдзіловіч: Вядома ж, сваю думку я пастараюся выкласьці. Але, безумоўна, будзе шмат і пытальнікаў, бо яснага адказу няма і ў мяне, не адказаў на гэта ясна і суд.

Самае галоўнае, што людзі, мяркуючы з допісаў у інтэрнэце, розных артыкулаў, інтэрвію, добра разабраліся ў гэтай сытуацыі або ва ўсялякім разе спрабуюць, і ў іх узьнікаюць пэўныя вэрсыі, вартыя ўвагі і аналізу. Гэтыя вэрсіі я паспрабую таксама неяк аналізаваць. Іх параўнаньне для мяне як журналіста даволі цікавае.

Абламейка: Вы асьвятлялі працэс, прысутнічалі больш чым на сарака паседжаньнях суду над Канавалавым і Кавалёвым. Якое ваша галоўнае ўражаньне ад той дзеі, што адбывалася ў актавай залі Палацу правасудзьдзя? Чым гэты суд адрозьніваўся ад іншых?

Грузьдзіловіч: Магчыма, самае галоўнае адрозьненьне прадыктаванае якраз умовамі, відавочнай тэатральнасьцю ўсяго гэтага дзеяньня. Усё адбывалася ў актавай залі Палацу правасудзьдзя, заля гэтая відавочна прыстасаваная не для суду, а для нейкіх урачыстых мерапрыемстваў, канцэртаў. І вось у такой залі на сцэне стаіць жалезная клетка, мяккія сядушкі, людзі сядзяць у іх разваліўшыся і слухаюць што адбываецца на сцэне. Часам судзьдзя выходзіць і, як фокусьнік, дэманструе нейкія рэчы... Часта было проста фантасмагарычнае ўражаньне. А яшчэ раптам бывалі нейкія дзіўныя ўспышкі рэчаіснасьці — то сабакі забрэшуць у калідорах, то раптам вылезе праз шчыліну ў дзьвярах амапавец у масцы з аўтаматам, што абвінавачаных увядуць у клетку, заламаўшы рукі за сьпінай, як нейкіх птушак. Жудаснае ўражаньне! Кантрасны душ — то цёпла, то холадна...

Абламейка: У адным з Вашых расповядаў аб працэсе мяне ўразіла існаваньне схаваных бальконаў у залі, дзе нібыта сядзелі карэспандэнты Белта і БТ. Гэта сапраўды так? Дзяржаўныя мэдыі мелі значна лепшыя ўмовы для працы, чым незалежныя журналісты?

Грузьдзіловіч: Пра БелТА я дакладна ведаю, бо размаўляў з карэспандэнтам, ён мне гэта пацьвердзіў — ён там сядзеў, меў асобны дрот, які забясьпечваў яму інтэрнэт-сувязь. А ў нас усіх у залі інтэрнэт-сувязь выключалася, мы нават не маглі СМС-кі паслаць. У перапынку выскоквалі і слалі з калідору. Нават у фае каля судовай залі нічога не было чуваць — сувязь не працавала. А ён там наверсе сядзеў, і ў яго ўсё працавала.

Што да БТ — я дакладна ня бачыў, бо з залі было немагчыма за тымі бальконамі назіраць. Але мы бачылі, што судзьдзя, адвакат, абвінавачаныя — тыя, хто сядзіць на сцэне — часам паднімаюць вочы і на некага там глядзяць. Таму ўзьнікала ўражаньне, што там нехта ёсьць.

Але калі я ўбачыў па тэлевізіі літаральна ў першы дзень у вечаровым рэпартажы БТ, як абвінавачаны адказвае ўжывую на пытаньне вінаваты ён ці не — а я дакладна ведаў, што гэтае пытаньне не маглі здымаць, бо на той час судзьдзя ўжо паставіў пытаньне аб дазволе на здымку, і яе не дазволілі — стала ясна, і ракурс падказваў, што гэта здымалася з таго балькона.

Дарэчы, калі быў прысуд, таксама былі зьнятыя кадры з абвяшчэньня прысуду з таго самага балькону — насуперак забароне судзьдзі на здымкі.



СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ:


пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:58 0:00
Наўпроставы лінк


У суботу, 17 сакавіка, на сайце Свабоды пачалася публікацыя разьдзелаў кнігі нашага карэспандэнта Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?». Ад 20 сакавіка ў «Выніках дня» мы пачнём чытаць гэтую кнігу ў эфіры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG