Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: «Тутэйшыя» ў халодным клімаце


Так, я таксама быў у «Тутэйшых», ажно дзіўна, чвэрць стагодзьдзя таму пачуліся гэтыя галасы: хочам сказаць сваё слова, сказаць інакш.

Але ненадоўга хапіла імпэту трымацца ў зададзеных рамках, хіба агульная кніжка «Тутэйшыя. Творчасьць сяброў таварыства» стала кропкай, далей пайшлі кожны сам.

Прыяцель паэт прывёз толькі што зь Беластоку «Пісьменства ў халодным клімаце» прафэсара Макміліна, проста з друкарні. Якраз «Тутэйшым» увага адпаведная. Ён піша прыязна, погляд зь іншай краіны — заўсёды цікавы.

Вежы, званіцы


Калі ты жыў па-за сталіцай, твая далучанасьць да «Тутэйшых» была слабейшай. Але што запомнілася? Хіба двойчы паездкі, каб пачытаць свае апавяданьні: у Доме літаратара, за тым авальным сталом. Ня проста пачытаць, гэта —абмеркаваньне. Хтосьці: ты напісаў «вежа касьцёла», чаму не званіца? Вельмі напружнае пытаньне. Хаця ясна: званіца адначасова вежа, а вежа званіцай не зьяўляецца. А тут Бяляцкі падтрымаў: мне падабаюцца некаторыя рэчы, як ён піша, напрыклад — «быў забраны да войска». Паездка як сабра таварыства на «Іслач», на нараду маладых літаратараў. Незабыўныя ўражаньні: гутаркі ля каміна, вёў сэмінар Генрых Далідовіч.

Першы й апошні зьезд «Тутэйшых». Той жа, недаступны сёньня Дом літаратара. З Горадні паэт і празаік. Выступае, зразумела, паэт, паэтам заўсёды ёсьць што сказаць. Трыбуна для іх — вабнае месца. Я ня маю на ўвазе ўсіх паэтаў, многія — удумлівыя, нешматслоўныя людзі, такія мне бліжэй.

Невялікі зборнік 1990 году з апавяданьнямі некалькіх з «Тутэйшых». Была агульная рэцэнзія, крытыкесе не спадабалася, што ў аднаго з аўтараў — псыхушка (у мяне ўспамінаецца багадзельня). Калі няма сапраўдных думак, то заўсёды пад рукой «псыхбальніца», напісала яна. Ніякавата было: калі няма чаго напісаць, не пішы. Памятаю, а гэта быў яшчэ СССР, як я зашыфраваў у тым аповедзе няспраўджаныя мары пра БНР. Там і сьцяг з надпісам «Вы ідзеце паміраць, каб жыла Бацькаўшчына», які нібы вышылі гарадзенкі для слуцкіх паўстанцаў, там і жаўнерскай песьня «Сьвішча куля!» на словы Купалы. Ну, але крытыкеса была ня ў курсе дзела, ясна.

«Халодны клімат»


Вядома ж: хтось аўтара больш цікавіць, кагось больш чытаў, нехта меў магчымасьць яму падараваць сваю кніжку, калі прафэсар Макмілін прыяжджаў у Менск. Мне ўспамінаецца: адзін паэт перадае просьбу дасьледчыка і ягоны і-мэйл, каб я яму напісаў. Яго цікавіла мая кніга «Лісты да гома саветыкуса». Што ж, гэта кавалак майго жыцьця больш, чым за дзесяць год, семдзесят пяць тэкстаў. Кожная кніга мае дзьве гісторыі. Спачатку ты яе пісаў, друкаваў, потым яе чыталі.

«Лісты да гома саветыкуса» былі гатовыя, але мой сусед, які лічыў, што распараджаецца друкарскім варштатам, тармазіў яе: месяц, два, тры. Маўляў, той, хто пры варштаце, важнейшы за таго, хто піша. Апошні вагон быў яе лёсам, літаральна на наступны дзень варштат сканфіскавалі. Застаўся асадак у душы… Прафэсар Макмілін запытаўся: як я друкаваў «Лісты», я шчыра напісаў, уяўляючы, што яго цікавіць тое, што дагэтуль некаторым беларускім аўтарам даводзіцца рабіць кнігі з такімі высілкамі. Самавыдавецкія кнігі.

А потым была наступная — «Кактэйль Молатава». Я ня ведаў, дзе яе выдаць. Сустрэў прыяцеля, кажа: нават пра футбол на беларускай мове ня хочуць брацца, у друкарнях зноўку праверкі перад выбарамі. І я паспрабаваў ранейшым чынам зрабіць яе, клей зь цяжкасьцю якасны набыў. Друк атрымаўся мо занадта насычаны, вокладка, наадварот, крыху блякла выйшла, але галоўнае — склейка была нядобрай. Усё павінна быць прыгожа, ясна, але шакаляд, зьмест — усё ж больш важны, чымся абгортка, дакладна. Калі адным сказам: у дзевятнаццаці апавяданьнях «Кактэйля», напісаных у 2000-2001 гадах, стан людзей, якім бы хацелася радавацца пачатку новага стагодзьдзя, але абставіны супраць іх. Палова друкавалася ў «Крыніцы», «Дзеяслове», «Архэ», «Правінцыі», «Нашай Ніве».

На жаль, мне вядомыя толькі два чалавекі, якія прачыталі «Кактэйль», аднаго зь іх больш няма. Я падпісаў кніжку суседу, робячы жэст — што не трымаю крыўды за перашкоды з друкам «Лістоў». Ён гэта ацаніў. Калі была прэзэнтацыя ў маленькай, цеснай кавярні-пячоры, ён прыйшоў і грунтоўна, глыбока выказаўся пра тэксты. Пазьней мы зь ім адначасова трапілі ў шпіталь: я — на апэрацыю, ён — каб змагацца за жыцьцё. Я вярнуўся дахаты, гэта быў дзень маіх народзінаў, і даведаўся, што сусед толькі што памёр. Мне нельга было, але я ў зусім кволым стане пайшоў у царкву на адпяваньне і моцна захварэў потым.

Кніжкі з аўтографамі


Працяг гісторыі такі: на апошнім пісьменьніцкім зьезьдзе да мяне падышоў вядомы празаік Б. Я спачатку не зусім зразумеў, пра што мова. Аказалася, на адной пісьменьніцкай сходцы ён знайшоў маю кніжку з подпісам, на падлозе, нехта забыўся, і прачытаў, яму хацелася паразмаўляць са мною. Каб зьвесьці да жарту, я ўспомніў апавяданьне галяндзкага пісьменьніка Сымона Кармігелта: аўтар бачыць у цягніку, як сусед чытае яго першую кніжку. Такая радасьць! Але на наступным прыпынку той выходзіць, кінуўшы кніжку, да якой прыляпіўся недаедзены кавалак яблыка.

Вяртаючыся да «Пісьменства ў халодным клімаце»: аўтар напісаў, што мае кнігі прыгожа выдадзеныя, апроч «Лістоў да гома саветыкуса», якая зроблена «па-калгаснаму», прымітыўна. Гляджу і не магу ўцяміць: прыкол гэта, дурны жарт? Якраз «Лісты» выглядаюць найбольш кідка, мелі добры попыт — згодна з рэйтынгам «Нашай Нівы». Спадар Макмілін не патлумачыў мне, выходзіць, сваёй мэты, але ж мы перапісваліся некалькі разоў, ён меў магчымасьць сапраўды ўсё высьветліць, атрымаць зь першых рук. Для мяне, прафэсія якога заўсёды перапытваць, удакладняць, усьвядоміць такое немагчыма.

Вымушана спрабую зразумець учынак аўтара: магчыма, паэт, які зьвёў мяне з Макмілінам, сказаў яму, што кніжка «прымітыўная, калгасная». Сам паэт кніжкі, ясна, не разгортваў і тым больш не чытаў. Бо інакш мог бы сказаць пару слоў — аб чым яна… У выніку я застаўся да сёньня ў «Тутэйшых»: у «Пісьменстве ў халодным клімаце» толькі ўзгадкі пра мае першыя апавяданьні, калі я толькі вучыўся пісаць і езьдзіў на літаратурныя сходкі ў сталіцу, хаця мінула з таго часу амаль дваццаць пяць гадоў. Выходзіць, хаця «Тутэйшых» даўно больш няма, я апошні зь іх, упарта ўчапіўся ў кінутыя граблі, якімі некалі карцела расчысьціць дзялку ад збуцьвелага лісьця савецкай партыйнай літаратуры. Апошні змагар зь ветракамі…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG