Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах забаранілі пікет супраць зьбядненьня народу


Віктар Цяпін

Баранавіцкі гарвыканкам забараніў пікет супраць зьбядненьня насельніцтва. Заяўку на такую акцыю накіроўваў кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Віктар Цяпін.

У лісьце з гарвыканкаму за подпісам намесьніка старшыні Дзьмітрыя Касьцюкевіча сьцьвярджаецца, што заяўнік парушыў артыкулы 5 і 6 Закону аб масавых мерапрыемствах. На гэтай падставе пікет і быў забаронены.

Віктар Цяпін кажа, што такі адказ чыноўнікаў — адпіска:

«Адмова абумоўленая парушэньнем артыкулаў 5 і 6 гэтага закону. Артыкул 5 — гэта парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў, а артыкул 6 не зусім зразумела, якім чынам яны да нас прывязалі. Бо артыкул 6 — гэта парадак разгляду заяваў аб масавых мерапрыемствах выканкамам. Атрымліваецца, што мы парушылі артыкул, які яны павінны выконваць. Увогуле, у адказе яны павінны нам дакладна расшыфраваць, што мы парушылі, а то тут — цэлы артыкул 5, а там жа колькі ўсяго! І што з гэтага мы канкрэтна ня выканалі, незразумела».

Віктар Цяпін апавёў, што ня бачыць сэнсу абскарджваць забарону ў судзе:

«Мы ўжо судоў столькі прайшлі і ніводнага ня выйгралі. Суды ўсе такія пытаньні вырашаюць на карысьць гарвыканкаму, не зьвяртаючы ўвагі на закон. Мы ўжо нават спрабавалі дабіцца, каб прызналі рашэньне гарсавету аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Баранавічах неканстытуцыйным. Хоць мы даказвалі, што парушаны цэлы шэраг палажэньняў Закону аб масавых мерапрыемствах і Канстытуцыі, але суд гэта абсалютна ня ўлічваў. Зараз каб ізноў зьвяртацца ў суд — гэта значыць ізноў плаціць пошліну».

Віктар Цяпін падаваў заяўку на тое, каб правесьці 28 студзеня ў Старым парку Баранавічаў пікет супраць зьбядненьня насельніцтва. Ён меркаваў, што ў пікеце возьмуць удзел да 30 чалавек.
XS
SM
MD
LG