Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ацалелы ў пакоі сьмеху


Кандрат Крапіва

У адным сяле, няважна дзе… Хаця назва сяла нам вядомая: Нізок. Тут, у самым што ні ёсьць нізе сацыяльнай лесьвіцы, у сялянскай сям’і, і нарадзіўся некалі Кандрат Атраховіч, будучы Мафусаіл-ардэнаносец і заслужаны сафокл беларускай літаратурнай клясыкі. Згодна зь няўмольнай традыцыяй, у маладыя гады ён абраў сабе батанічны псэўданім, які, нібы пад узьдзеяньнем уэлсаўскай “ежы багоў”, нечакана ўзьнёс Кандрата Атраховіча на небывалую вышыню і не адпускаў ужо да самай сьмерці.

А сьмерць, сапраўды, ня надта сьпяшалася. Пісьменьнік зьявіўся на гэты сьвет за часамі цара Мікалая Другога, а адышоў у іншы ў фактычна ўжо незалежнай Беларусі. Сьведка абвяшчэньня БНР, ён да Дэклярацыі аб сувэрэнітэце 1990-га дажыць пасьпеў. Ён пачаў пісаць яшчэ калі Ленін быў не “жывейшы за ўсіх жывых”, а проста жывы, а апошні вялікі твор апублікаваў пры Брэжневе. Падумаць толькі: на вачах нашага героя прайшлі дзьве сусьветныя вайны, увабралася ў сілу, расьцьвіло і памерла кіно, чалавек паляцеў у космас, Том пазнаёміўся з Джэры, адбылася першая трансплянтацыя сэрца, былі вынайдзеныя тэлевізія, унутрыматачная сьпіраль, шарыкавая асадка, інтэрнэт, атамная бомба, пральны парашок “Тайд” i пракладкі “Олвэйс”. Пры ягоным жыцьці забаранялі “Уліс”, “Лаліту” і абяцалі зарэзаць Рушдзі. Пастарэлы амэрыканец Гары Болдўін зь ягонай п’есы “Брама неўміручасьці” (1972) прыехаў у Менск перад сьмерцю аўтара і сфатаграфаваўся на ганку КДБ у майцы з надпісам “Perestroika kharasho“. Зьмяняліся лад і ўлада, у ладкі пляскалі то аднаму, то другому, ламаліся і ляскалі лямбарднымі замкамі лёсы – а Кандрат Атраховіч пісаў сабе і нідзе і ні ў якія часы не пачуваўся дысыдэнтам. Талентус грандыёзус, унікум рэдкум, санкта сымпліцытас на ідэалягічнай службе.

Крапіва. Існуе павер'е, што яна вырастае там, дзе некалі загінуў грэшнік. Псэўданімы такога кшталту зь лёгкасьцю бяруць закладнікаў, не згаджаюцца на перамовы і не шкадуюць ні жанчын, ні дзяцей, ні народных пісьменьнікаў. Назваўшыся Крапівой, усё жыцьцё будзеш савецкім сатырыкам, хоць тысячу лірычных вершаў напішы. Будзеш высьвятляць, хто сьмяецца апошнім, і так цудоўна ведаючы хто і баючыся гэтага “хто” ня менш за самых апошніх тулягаў. Будзеш пісаць пра івановых і іншых дробных зьвярушак. Паспрабуеш пачынаць эпічна:

“Таму ўжо, будзе, мусіць з год…” –

але крапіва сатырыка, яна як той дзядоўнік, ад яе так проста не адчапіцца:

“…Вучэбную стральбу праходзіла пяхота,
Дык вось страляў аднойчы ўзвод,
Ці, можа, нават рота”.

З сынам Барысам. 1942 год
З сынам Барысам. 1942 год
Так пачынаецца клясычная байка Крапівы “Махальнік Іваноў”. Трынаццаць словаў, не абцяжараныя сэнсам. Якая розьніца – узвод, рота? Трагедыя кожнага штатнага савецкага Ляфантэна найперш у тым, што, заняты выкрываньнем махальнікаў Івановых, ён далікатна абмінаў той факт, што сам зьяўляецца такім махальнікам у літаратуры; бо ледзь ня так памахае – Шэф можа ўзяць на прыцэл і яго. Потым скажуць – прамашка выйшла, “культ быў – але і асоба была”. Згаданая намі байка – не найлепшы ўзор вершаў Крапівы. Але, амаль паўстагодзьдзя пішучы такія рымаванкі, свайго сабаку аўтар на іх у рэшце рэшт зьеў. Або вожыка, разам з двухкосьсем. Ягоныя пазьнейшыя Івановы становяцца Іванамі, адзін зь якіх нават наважваецца пра нешта задумацца.

“Жылі ў суседзтве два Іваны.
Адзін мудрэц –
Шукаў ва ўсім пачатак і канец.
Другі – прастак –
Жыў проста так”.

Прастак аказваецца разумнейшы за мудраца. Жыць проста так – ужо не злачынства. А ў часы, калі гэта было злачынствам, аўтар не шкадаваў фарбаў на асуджэньне. І рэч тут ня толькі ў ляяльнасьці. Ня толькі сваёй сялянскай маральлю цікавыя байкі Крапівы. Нейкая цёмная мізантропія адчуваецца ў гэтых тэкстах. Чаго вартае знакамітае, працэджанае скрозь зубы напалову з жоўцю:

“Разумных бараноў наогул жа нямнога…”

Тут аўтар відавочна пракалоўся. Адчуваецца ў гэтай кінутай мімаходзь заўвазе, што да роду чалавечага і ягоных дробных страсьцішак ён ставіцца з пагардай. Хай пераб’юць адно аднаго – ён усіх перажыве. Бо разумны баран, разумны, якіх нямнога. Ён будзе пісаць што яны хочуць, беларускім дыялектам эзопавай мовы – нават сам Эзоп ніколі не здагадаўся б, што на ўзбраеньне ўзяты менавіта ягоны мэтад.

Байкі – асабліва ў яе крылоўска-крапіўным варыянце – наогул даволі мізантрапічны жанр. Чалавецтва паўстае ў іх як адзін грандыёзны заапарк, аўтар ходзіць уздоўж клетак, адзіны чалавек на гэтай тэрыторыі, апрача Іванова. Ходзіць і ўсьміхаецца. Людзі… Уладары прыроды, якія баяцца гаварыць пра сябе і таму выдумалі літаратуру. Паталягічная схільнасьць Крапівы да баек ёсьць нічым іншым, як геніяльным пробліскам ягонай інтуіцыі, ня толькі творчай, але і чалавечай. Пішучы байкі, можна абысьціся без абавязковых хваласьпеваў правадыру (яго можна пахваліць потым у мовазнаўчых артыкулах), байка – цалкам народная па форме і ў той самы час у меру сацыялістычная па зьмесьце, ня кажучы ўжо пра тое, што байкі даступныя для ўспрыманьня ня толькі крытыкамі ў пагонах, але і простым чытачом, якому абы пасьмяяцца. Папулісцкі жанр, партатыўнасьць якога карыстаецца папулярнасьцю, не выключаючы пры гэтым партыйнасьці. Кандрат Крапіва зразумеў гэта яшчэ ў канцы дваццатых, у сваю прыпозьненую ўзвышэнскую маладосьць. “Некаторыя стра-а-а-шныя рэфарматары,” – пісаў ён, -- “лічаць, што байка састарэла. Але практыка паказвае, што байка прыхільна сустракаецца чытачом (і слухачом) і стварае належны эфэкт”. Практыку-Крапіву я веру. Заваяваць прыхільнае стаўленьне. Прыхільна сустракацца Івановымі. Большага ад літаратуры не патрабавалася. Толькі служыць. Ротамі, узводамі. Байкамі, раманамі, п’есамі.

Зь беларускай дэлегацыяй на І-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Лёндане. 1946 год
Зь беларускай дэлегацыяй на І-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Лёндане. 1946 год
Служыць, пакуль служыцца. Бо ў кожнай службы свой тэрмін. Вельмі цікава, што пры сучасным разглядзе галоўнага беларускага драматургічнага гіта мінулага стагодзьдзя – п’есы “Хто сьмяецца апошнім” – высьвятляецца, што самым пазытыўным яе пэрсанажам ёсьць ніхто іншы, як Гарлахвацкі. Але спачатку трохі пра тое, хто там наогул сьмяецца. П’еса, нягледзячы на посьпех (ці з разьлікам на яго), пабудаваная прымітыўна і схематычна. Падыход Крапівы да дзейных асобаў чыста клясавы. Маем дэманічнага пэрсанажа, доктара Зло, якога выправіць ужо хіба што толькі чэкісцкая куля -- Гарлахвацкага. Маем сумленнага сталага пэрсанажа, беспартыйнага Чарнавуса, супраць якога плятуць інтрыгі. Маем сумленнага маладога пэрсанажа з душой чыстай, як сьляза камсамолкі – Веру. Маем інтрыгана з тых, якія ганяць аблічча савецкага звышчалавека – Зёлкіна. Маем інтэлігента зь ягонымі вечнымі ваганьнямі, фобіямі і нерашучасьцю – Тулягу. Маем беспрынцыпную мяшчанку – жонку Гарлахвацкага. Маем камуніста, які “з усім разьбярэцца” – Левановіча. Маем ахвяру, заблукалую душу Зіну, жонку Зёлкіна. Маем сьвінтуса грандыёзуса. Маем двух дэпутатаў ад сялянаў, ня надта граматных, але кемлівых: дворніка Нічыпара і прыбіральніцу Цёцю Кацю. І – як вянец тварэньня у гэтым драматургічным раі – эпізадычны пэрсанаж пад імем Чалавек у форме НКВД, які зьяўляецца ў п’есе на некалькі хвілінаў і зьнікае, зрабіўшы ўсім недвухсэнсоўны намёк на тое, хто тут гаспадар і чым усё скончыцца.

Галоўны пэрсанаж у творы ўсё ж такі Страх. Страх, страх, страх. Страх пануе ў імпэрыі, страх пануе ў яе заходняй правінцыі, страх пануе ў горадзе М. Страх пануе ў душах, словах, паводзінах, думках і нават у снах. Страх пануе ў геалягічным інстытуце, які ўзначальвае Гарлахвацкі. Прафэсар Чарнавус баіцца быць несправядліва абвінавачаным. Зёлкін баіцца, што калі не данясе ён, данясуць на яго. Туляга баіцца, што яго прымуць за дзянікінскага палкоўніка і расстраляюць. Вера баіцца страціць пільнасьць. Левановіч баіцца страціць пільнасьць. Зёлкін баіцца страціць пільнасьць. Гарлахвацкі баіцца страціць пільнасьць, бо інакш яго выкрыюць. Хітрыя жукі-сяляне Нічыпар і Цёця Каця баяцца страціць сваю сялянскую пільнасьць, бо толькі яна дапамагае ва ўсё гэта ня ўблытацца. І толькі Чалавек у форме НКВД малайчына, нічога не баіцца. Бо чаго яму баяцца?

П’есу можна нават было б назваць па-майстэрску замаскаваным памфлетам супраць сталінізму, калі б не адно “але”. Аўтар недвухсэнсоўна дае зразумець, што Гарлахвацкі – не чалавек. Ён тое, што на тагачасным жаргоне называлася “шкоднік”. Крапіву гэтае слова было добра знаёмае, і ён ужываў яго ў сваіх ранейшых творах: “Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў”, напрыклад. То бок здраднік, палітычны праціўнік улады, якога мала павесіць на сухой асіне. Мітычны ўдзельнік тых мітычных змоваў, абвінавачаньне ў якіх выбівалася Чалавекам у форме НКВД так прафэсійна-лёгка і вяло да паказальных працэсаў і потым або ў ГУЛАГ, або наўпрост да сьценкі.

Зь Пятром Машэравым на сьвяткаваньні 80-годзьдзя. 1976 год
Зь Пятром Машэравым на сьвяткаваньні 80-годзьдзя. 1976 год
Быў бы Гарлахвацкі проста нядбайным кіраўніком, дылетантам, прызначэнцам, плягіятарам і бабнікам, амаральнай асобай, ён застаўся б чалавекам, які заслугоўвае прынамсі разуменьня матываў сваіх учынкаў. Але тады не было б і самой п’есы. Паколькі Гарлахвацкі – не чалавек, а мітычная фігура, антысаветчык, то ніякай пераацэнцы п’еса “Хто сьмяецца апошнім” не падлягае. Яна была створаная як частка вялікай праграмы рэпрэсій, нават вядомы артыкул з “Праўды”, які з тыпова сталінскім крывадушшам заклікаў мясьнікоў улічваць “чалавечы фактар” і не забіваць усіх без разбору, трапіў у п’есу невыпадкова. Твор Крапівы ствараўся, каб абуджаць пільнасьць адных і аслабляць супраціў іншых, каб жывіць страх і вучыць у кожным бачыць патэнцыяльнага ворага.

А Гарлахвацкі, насамрэч, герой. Чаму б і не? Герой антысавецкага падпольля. Рызыкуючы жыцьцём, ён выконваў заданьне ў Кіеве, дзе мусіў “разлажыць адзін наркамат”. Хіба не пачэсная справа – ламаць злачынны бальшавіцкі апарат знутры? Ці “разлажыў” ён той украінскі наркамат, невядома, але вось Гарлахвацкі з чужымі дакумэнтамі перабіраецца ў Менск і пачынае “разлагаць” інстытут геалёгіі. І адразу становіцца відаць гніль гэтай савецкай установы – тут і “разлагаць” няма чаго: адны інтрыгі, страх, прымус і прапаганда. Алесь Гарлахвацкі аддаў сваё жыцьцё за барацьбу супраць камунізму – вось чыя роля, хай сабе і тэатральная, заслугоўвае пераацэнкі ў незалежнай Беларусі.

Сатырыку заўжды патрэбная нейкая гáдзіна. Каб яе давіць. Калоць ёй у вочы выдадзенай дзяржаваю пад расьпіску праўдай. І Кандрат Крапіва калоў і давіў, балазе недахопу ў гáдзінах не было – дзяржзаказ. Пасьля гáдзіны-Гарлахвацкага была фашысцкая гáдзіна. Назва сатырычнай газэты-пляката, якую рэдагаваў Крапіва, аказалася такой удалай, што праз паўстагодзьдзя ёй скарысталіся менскія анархісты, якія думалі-гадалі, як назваць свой рок-фэстываль. Потым былі розныя драбнейшыя гáдзіны. Гáдзіну і сатырыка лучыць між сабой адна асаблівасьць – ім абаім даводзіцца прыстасоўвацца да павеваў часу, каб ня страціць кваліфікацыю. Новы поп, дык і новае маленьне, як казала мудрая Цёця Каця. Крапіва рабіў што мог, нават спускаў на гáдзіну дрэсіраваных жаўрукоў. Яшчэ ў 1945 годзе выйшла ягоная п’еса “Мілы чалавек” – барацьба з гáдзінай дайшла да таго, што, па сьведчаньнях сучасьнікаў, у залі панавала маўчаньне нават у самых сьмешных момантах: публіка баялася сьмяяцца. У “Людзях і д’яблах” (1958) зноў зьяўляецца наш колішні знаёмец, фальшывы дзянікінскі палкоўнік Туляга – гэтым разам пад імем Скробата-Нёманскага. Але і тут новыя левановічы не даюць расстраляць чалавека, дапамагаюць яму стаць на правільны шлях. А Чалавек у форме НКВД усё гэтак жа вызначае, які шлях правільны. Гáдзіна тая самая, толькі што форма ў чалавека зьмянілася. Мода, самі разумееце.

Нічога не паробіш, давядзецца зноў даць слова Цёці Каці, гэтай скарбонцы народнай мудрасьці. “Вось тут людзі нешта робяць, робяць, і работы гэтай не відаць”. Так яна казала пра інстытут геалёгіі, а магла б сказаць пра літаратуру.

Савецкай літаратуры, як і Цёці Каці, патрэбны быў вынік – і пажадана, каб яго можна было памацаць ці прынамсі вымераць у лічбах. Колькі гáдзін задавіў той ці іншы аўтар, калі і якіх канкрэтна. Каб адмовіцца ад паляваньня на гáдзін і задумацца пра гадзíны, Крапіву-драматургу спатрэбілася каля сямідзесяці гадоў. Першай п’есай, дзе ён здолеў пазбавіцца ад гáдзіны, стала “Брама неўміручасьці”. Блізкасьць сьмерці прымусіла Крапіву задумацца не пра тое, што пад нагамі, а пра тое, што там, за дзьвярыма. У гэтым творы таксама ёсьць свае дактары Зло, пры жаданьні як гáдзіну можна ўспрымаць амэрыканскага журналіста Гары Болдўіна (так і бачу, як зьедліва сьмяецца фотаздымак Крапівы з гэтага нявіннага англасаксонскага прозьвішча, гэта ж трэба: само ў рукі прыплыла), але нейкая яна ня надта злая. Крапіва ведаў, дарэчы, як выглядаюць жывыя амэрыканцы: засядаў жа на сэсіях генэральнай асамблеі ААН. Ёсьць у п’есе і свае чарнавусы: прафэсар Дабрыян, ёсьць і свая камсамолка Вера-Наташа (наогул, той інстытут геалёгіі містычным чынам праступае тут скрозь фарбы новага часу, нібы на зачараваным партрэце). Але гáдзіны – гáдзіны тут значна меншыя, і нечаканая канцоўка п’есы робіць гонар старому сатырыку, колішняму майстру прадказальнасьці. “Сьмерць – неабходная ўмова чалавечага абнаўленьня”, -- робіць выснову аўтар: калісьці за такое ўпадніцтва Чалавек у форме НКВД па галоўцы не пагладзіў бы, але тут прамаўчаў: новае маленьне дык новае. Ня ведаў Чалавек у форме, што ад такіх вось брамаў неўміручасьці, спароджаных новым маленьнем, недалёка было і да “новага мысьленьня”, “ускарэнія”, галоснасьці і, як лягічны працяг гэтага безабразія, да “perestroika kharasho“.

Апошняя п’еса Крапівы “На вастрыі” поўная гэтага цьмянага, старэчага прадчуваньня канца. Канца ягонага сьвету. І праўда – згарэў неўзабаве Інстытут геалёгіі, згарэў дазваньня. Абрынуўся дах, накрыўшы сабой дзейных і нядзейных асобаў. Абваліліся сьцены. Выбухнула нешта ў пакоі парткаму, фаервэркам абсыпаўшы навакольле. Уратаваліся толькі аўтар ды, бадай, яшчэ Туляга. Ну, і Чалавек у форме, вядома.


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG