Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кальварыйскім могілкам пагражае небясьпека


Спэцкамбінат рытуальных паслугаў папярэджвае пра намер зьнесьці шэраг магілаў на найстарэйшых могілках Менску — Кальварыйскіх.

Супраць руйнаваньня гістарычных пахаваньняў пратэстуюць грамадзкія дзеячы і духоўныя асобы, а мясцовыя парафіяне ўласнаручна намагаюцца выратаваць магілы продкаў-менчукоў.

Цэтлікі з папярэджаньнем, што трэба дагледзець пахаваньні, альбо да іх будуць ужытыя меры «ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам», адміністрацыя Кальварыйскіх могілак разьмясьціла больш чым на дзясятку магілаў. Месьцяцца яны пераважна з правага боку ад галоўнай алеі, што вядзе да касьцёла Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, а таксама ў іншых частках могілак.

Пробашч касьцёла, ксёндз Андрэй Бародзіч: «Прыкладна тры тыдні таму я пабачыў, як супрацоўнікі гэтага камбінату хадзілі тут з кампутарам і штосьці глядзелі. А празь некаторы час пабачыў, што ззаду магілаў павешаныя таблічкі. Ведаю, што калі такія таблічкі вывешваюцца, то магілу хочуць зьнесьці. Але гэтая частка могілак — асабліва дарога да касьцёла — яна асабліва адметная, гістарычная. Тут ёсьць помнікі 19 стагодзьдзя, некаторыя зь іх паваленыя, але мы ня ведаем, хто іх паваліў. Магчыма, вецер, а магчыма, яшчэ ў часы перасьледу веры з боку бальшавіцкіх уладаў, калі скідалі крыжы. Але я лічу, што ўсё гэта трэба захоўваць».

На сьвяточнай імшы з нагоды каталіцкага сьвята Трох каралёў ксёндз Андрэй Бародзіч заклікаў вернікаў прыйсьці на могілкі ранкам наступнага дня, каб сваімі сіламі ратаваць даўнія пахаваньні менчукоў: прыбраць пазначаныя таблічкамі магілы, пафарбаваць агароджы.



На Кальварыі пахавана шмат выбітных беларускіх дзеячаў: Вацлаў Іваноўскі, бацька Івана і Антона Луцкевічаў — Баляслаў Луцкевіч, Янка Лучына, Дарэўскія, зь сям’і якіх паходзіць Арцём Вярыга-Дарэўскі, і багата іншых. Вось што наконт апошніх падзеяў гавораць парафіяне Кальварыйскага касьцёла:

Спадарыня: «Гэтыя могілкі неабходна захаваць, бо гэта нашая гісторыя і культура. Гэта людзкая памяць».

Спадарыня: «Спакон веку гэтыя могілкі, і касьцёл тут таксама ж не выпадкова пабудаваны».

Спадарыня: «Гэтым могілкам 400 гадоў. Іх ні ў якім разе прыбіраць нельга. Тут пахаваныя выбітныя людзі, і таму прыбіраць іх нельга».

Супрацоўніца менскага «Спэцкамбінату» Тацяна Крук ня выказала пэўнага меркаваньня пра далейшы лёс адзначаных кальварыйскіх пахаваньняў, спаслаўшыся на тое, што незнаёмая з праблемай:

«Ніхто іх прыбіраць не зьбіраецца. Цэтлікі павесілі, магчыма, таму, каб магілы прыбралі. Магчыма, адны пахаваньні перашкаджаюць іншым і сваякі жаляцца. Ня ведаю, што сказаць».

Дасьледчыца гісторыі менскай Кальварыі, аўтарка кнігі пра яе Ала Сакалоўская перакананая, што спроба парушыць пахаваньні — злачынства, бо менскія Кальварыйскія могілкі — адзіныя ў Беларусі, якія маюць статус помніка культуры міжнароднага значэньня:

«На Кальварыі сытуацыя абсалютна ненармальная. Я б сказала — крымінальная. Бо ў 2001 годзе Кальварыя набыла статус помніка культуры міжнароднага значэньня. Гэта азначае, што там нічога нельга рабіць, можна толькі захоўваць. А яны ўвесь час парушаюць закон — зьнішчаюць магілы, якія былі, і за вялікія грошы хаваюць новых нябожчыкаў. Гэтую праблему неабходна ізноў падымаць».

Паводле Алы Сакалоўскай, пасьля сьвятаў Нараджэньня Хрыстовага, якія цяпер адзначаюць праваслаўныя вернікі, парафіяльная грамадзкасьць будзе вызначаць далейшыя дзеяньні ў абароне Кальварыі.

Кальварыйскім могілкам пагражае небясьпека
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:55 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG