Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея і трагедыя слуцкіх сялян 1920-га



Мястэчка Грозаў, якое схавалася ад галоўных трасаў на мяжы Слуцкага і Капыльскага раёнаў, — мясьціна для сёньняшняй Беларусі ўнікальная. Тут захавалася старая местачковая забудова з камяніцамі крамаў.



На колішнім рынкавым пляцы ляжыць камень у гонар мясцовага ўраджэнца Ісака Рэйнгольда, міністра фінансаў у першым беларускім савецкім урадзе, расстралянага ў 1936-м.



А на ўскраіне мястэчка ўжо 250 гадоў велічна ўздымае высокія калёны клясыцыстычны палац Мержыеўскіх, дзе ў 20-м годзе быў паўстанцкі штаб.



У велізарным будынку, які дзеляць паміж сабой клюб і калгасная кантора, яшчэ ўгадваюцца рысы колішняга касьцёла.



Kаля былога касьцёла ад пачатку 90-х стаіць драўляны крыж з «Пагоняю» і шыльдай, на якой выбіты такі тэкст: «У Грозаве ў лістападзе 1920-га года падчас Слуцкага збройнага чыну быў створаны 2-гі Грозаўскі полк абаронцаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Памяці палеглых герояў антыбальшавіцкага паўстаньня».


І суседзтва паўстанцкага крыжа зь сельсаветам пад дзяржаўным сьцягам у Грозаве зусім ня дзівіць.



Зрэшты, як ня дзівіць і рэакцыя мясцовых жанчын на элемэнтарныя пытаньні.



— А што тут за паўстаньне было ў 20-м годзе?


— Ой, гэтага я ўжо ня знаю.


— Гэтыя бэнээфаўцы?


— Чаму бээнэфаўцы?


Ну, так кажуць. Бо прыяжджаюць бэнээфаўцы. Так гавораць.


— А тут, у самім Грозаве, хоць хто са старых памятае пра гэтае паўстаньне?


Бог іх ведае. Ня ведаю. Прыяжджаюць сюды. Во помнік паставілі. Я раз бачыла, як яны прыяжджалі. Зь Мінску прыяжджаюць.


— Ну, гэтыя «бэнээфаўцы» культурна сябе паводзяць?


Нічога, культурна. Ня б’юцца. Газэты раздаюць. Фатаграфуюць. Бог іх ведае.


Толькі ў прыватнай краме кабета з макіяжам, у элеганцкім паліто, сказала мне праўду.


— Карацей, у нас ня надта расказваюць. Гэта ж палітыка, як гаворыцца. Я на рабоце ніколі ня чула. Ні пра 50-я, ні пра 20-я гады.


Грозаўцы не выстаўляюць, што тут было паўстаньне?


— Ды ніколі ў жыцьці. Яшчэ гавораць — прыдумалі тое-сёе.

Сільна гаварыць нельга. Возьмуць ды павялі за ручкі

Прыдумалі...


— Але гісторыкі гаварылі, што было некалі.


Гэта ня самая папулярная тэма для размоваў.


— У нас цяпер — як выжыць. Цэны высокія, пераходзім на чаі, мала мяса бярэм. А што далей, адзін Бог знае. Сільна гаварыць нельга. Возьмуць ды павялі за ручкі.


Ганна Пятроўна Залеская, мажная, галасістая, румяная старая, жыве ледзь не насупраць крыжа. І ў пагодныя дні, калі можна пасядзець на лаве, праводзіць свае палітінфармацыі.



— Я табе раскажу пра гэта, як ты хочаш. Бо я не магу. Гэтыя бэнээфаўцы адурэлі ўжо з гэтымі балахоўцамі. Быў нейкі Балахаў. І яны ня ў Грозаве былі, а туды во, у лясы. Я з Асаўца родам. І што яны хадзілі? На балоце быў хутар, Неспадзянка называўся. Дык яны прыслугу выразалі ў 20-м годзе. Мой тата ў 21-м жаніўся. Дык іх прыйшло 6 чалавек. Выпівону далі, закусону, каб хаця б не бузацёрылі. Ня дай Бог, што яны выраблялі зь людзьмі. Былі бандыты. Іх і называлі «балахоўцы». А тады, як савецкая ўлада акрэпла, іх пералавілі. А тут іх паднялі ўжо. Полк! Раз прыехалі гэтыя бэнээфаўцы, навезьлі дзяцей. Адзін выступае, гаворыць. Я падышла — што ты дзецям лапшу вешаеш на вушы? Нашто вы няпраўду гаворыце? Дзіва што, цяпер абы-што робіцца.


Няўжо гэта ўсе словы, якіх заслужылі паўстанцы 20-га году? Вядома, не. Вось толькі пачуў я іх ня ў Грозаве, а ў суседніх Сярагах. Дзе жыве сын слуцкага паўстанца, былы партызан Андрэй Новік.


Аляксей Андрэевіч Новік, і з выгляду, і па мове — вясковы інтэлігент, былы настаўнік, нарадзіўся ў сакавіку 1921 году. Гэта значыць, што ў лістападзе 20-га, калі ягоны бацька пайшоў пад бел-чырвона-белыя сьцягі Слуцкага чыну, мой суразмоўца ўжо існаваў. Жылі яны ў вёсцы Іграева, што на поўдзень ад Слуцку. Летам 20-га году, калі бальшавікі наступалі на Варшаву, маладых іграеўцаў мабілізавалі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў Магілёў. Але калі фронт пакаціўся назад, на ўсход, 16 іграеўцаў кінулі службу ў бальшавіцкім войску і падаліся ў родныя мясьціны.



— Мой бацька маёй маці расказваў і махаў пальцам — нікому не гавары. А яна потым нам расказвала. Помню, як да яго прыходзіў яго таварыш, зь якім там былі разам, у гэтым паўстаньні. Яны паміж сабой размаўлялі. Я не прыдаваў гэтаму значэньня. Але потым я асэнсаваў гэта. Я, напрыклад, запомніў, як ён расказваў, што ўзялі яны ў палон камісара. З Чырвонай Арміі. Гавораць, сібірская дывізія іх падаўляла. Дык яны ўзялі ў палон аднаго нейкага камісара, габрэя. Дык рашыў іхны трыбунал — расстраляць. Дык яны завялі яго ў лес расстрэльваць. А ён на каленцы і стаў прасіць літасьці. Дык яны ўзялі яго ды адпусьцілі. Але сказалі гэтаму начальству, што мы яго расстралялі. Габрэй быў па нацыянальнасьці, той камісар.


— Што яшчэ помніцца з таго, што яны расказвалі. Звычайныя мужыкі сабраліся. У гэтым войску. А іх жа ніхто не забясьпечваў. Ні абуткам, ні харчаваньнем. Дык яны многія былі ў лапцях. Дык палякі ім дапамагалі трохі. Зброю давалі, патроны давалі. І харчаваньнем памагалі. Дык гаварылі — што гэта за беларускае войска лапцюжнае? Сьмяяліся з нас: лапцюжнае войска.


— Слухайце, а што імі рухала? Як вы думаеце? Ісьці супраць такой сілішчы, як армія бальшавікоў.


— Буду гаварыць тое, што яны гаварылі. Казалі яны так. «Нас, дурняў, падманулі. Нейкую Беларусь выдумалі. І за Беларусь самі падманулі нас, а цяпер нас будуць перасьледаваць, нас расстрэльваюць, нас высылаюць, а самі яны ў Амэрыку ўцяклі ці ў Англію. А нас, мужыкоў дурных, падманулі. Як ад такой сілы, Расіі, хацелі Слуцкі раён вызваліць. І Беларусь зрабіць. Бяз зброі, без усяго. Падманулі нас».


Трагічнасьць Слуцкага паўстаньня, мне здаецца, была ня толькі ў няроўных маштабах ваюючых бакоў. Але і ў матывацыях тых, хто ўзяўся за зброю. На тым баку ваявалі будаўнікі новага ладу. А на нашым — не палымяныя нацыяналісты, не адчайныя патрыёты, а сяляне, якія толькі ўсяго і хацелі жыць са сваёй зямлі і якія толькі ўчора даведаліся, што яны беларусы.

Мы ж лічыліся рускімі. І ў дакумэнтах, і ўсюды. А адкуль гэтыя беларусы? Паняцьця мы ня мелі

— А ім не было дзе дзецца. Яны дэзертыравалі ў Польшчу. Бо тут іх расстрэльвалі. Як дэзертыраў з Чырвонай Арміі. Яны баяліся расстрэлу. А там ім не было куды дзецца. Ім сказалі — вось зброя. Будзем бальшавікоў выганяць. Выганім бальшавікоў і вернемся дадому. І пачалі карміць іх. Мой бацька казаў: «Мы ўпершыню пачулі, што мы беларусы». Усе былі «рускія». Мы ж лічыліся рускімі. І ў дакумэнтах, і ўсюды. А адкуль гэтыя беларусы? Паняцьця мы ня мелі». Інтэлігенцыя беларуская адрозьнівала рускіх ад беларусаў. А просты народ... Як ім гаварылі, так яны і... «Беларусь сваю створым!» Пачалі іх угаворваць, пачалі выступаць. Сходы праводзіць. І гэтыя дэзертыры — згодныя. Таму спачатку ніякага ўсьведамленьня, за што яны ваююць, не было. Гэта ўжо потым, як кіраўнікі гэтага руху расталкавалі, у іх зьявілася жаданьне выгнаць бальшавікоў і вярнуцца на радзіму. Але ўсё атрымалася іначай.


Усё атрымалася іначай. Ці дажыў зь іх хто да старасьці? Каго з правадыроў успаміналі яны пасьля? Пра гэта ў наступнай частцы перадачы. Але яшчэ адзін момант. Песьні без душэўнай прычыны не сьпяваюцца. Значыцца, не пустым гукам сталася Беларусь.


— А вы помніце тую песьню, якую яны сьпявалі?


— Помню адзін куплет. Вып’юць на вясельлі ці дзе. І сьпяваюць. «Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі. Сказалі, што трэба рабіць. Што трэба свабоду, зямлі чалавеку. Што трэба зладзеяў пабіць».



Нават сёньня, абнесены плотам, з павыбіванымі шыбамі, з праваленым дахам і скасабочаным порцікам, грозаўскі палац Мержыеўскіх глядзіцца сапраўдным гаспадаром навакольля. І гаспадарчыя пабудовы мясцовага калгаса, і тыповы будынак школы толькі падкрэсьліваюць ягоную прыгажосьць і веліч. Палацу пашанцавала ў апошнюю вайну, яго не спалілі. Але не пашчасьціла з новымі ўладамі. Да 70-х тут была школа. Пасьля яна пераехала ў новы будынак. А палац застаўся аддадзены на волю дажджоў і вятроў. Зараз яго нясьпешна рамантуюць. Як паведамілі мне рабочыя, празь некалькі гадоў тут будзе дом адпачынку «Беларуськалія». Адзін з грозаўцаў, Валодзя, сярэдняга веку высокі прыгажун, які працуе прыбіральшчыкам у школе, узрадаваў мяне сваім веданьнем роднай гісторыі. Аказваецца, ёсьць людзі ў Грозаве, якія ведаюць, што ў палацы быў калісьці паўстанцкі штаб.



— Тут хады ёсьць падземныя. Можаце тут залезьці, а ў цэнтры, у клюбе вылезьці.


— А ў клюбе быў касьцёл?


— Там раней касьцёл быў. Пасьля царкву зрабілі. Пяць купалоў стаяла. Агароджа была з каменя выкладзеная.


— А калі ўсё гэта разабралі?


— У 60-я гады. Была царква, званы стаялі, вянчаліся тут. А пасьля — як пайшлі тут усё шарсьціць ды ламаць. Хоць клюб зрабілі. А то ўсё разваленае было.


— А пра дваццаты год тут ніхто нічога не гаварыў?


— Пра дваццаты... Тут другі Грозаўскі полк быў супраць бальшавікоў. Тут баі ішлі. А пасьля пайшлі на Семежава.


— А вы гэта ведаеце?


— Канечне.


— Вы гэта ведаеце з расповедаў бацькоў і дзядоў ці з кніжак і газэт?


— Расказвалі. І ў Слуцку ж полк рабілі.


— Вы мяне ўзрадавалі!


— Майго дзеда ледзь на Салаўкі не саслалі. Гэтыя бальшавікі. Ён са Слуцкага раёну быў. У яго дваццаць гектараў зямлі было. Хутары пачалі зносіць. А дзед упёрся. Не пайду за бальшавікамі. Дык пакінулі карову. А так усё пазабіралі. Ён пайшоў на будоўлю, але ў калгас не пайшоў.


— Тое, што вы ведаеце, гэта здорава.


— А як гэта — жыць ды ня ведаць?


Я ўпэўнены, што калі-небудзь на адноўленых сьценах палаца зьявіцца памятная шыльда, прысьвечаная героям Слуцкага збройнага чыну. Зь пералікам усіх, хто быў уцягнуты ў вір тых грозных падзей. Будзе там і імя Андрэя Майсеевіча Новіка, з чыім сынам Аляксеем Андрэевічам мы працягваем гутарку пра дваццаты год. 28 сьнежня зьнясіленыя баямі ўчорашнія сяляне перайшлі новую польскую мяжу. Улады суседняй краіны абяззброілі іх і зьмясьцілі ў лягер.



— Палякі гэтых паўстанцаў абяззброілі. Аднялі зброю. І іх памясьцілі ў лягер. Ля Беластоку. У тым лягеры іх дрэнна кармілі. З таго лягера многія паехалі ў Амэрыку. У некаторых былі сваякі ў Амэрыцы. Некаторыя ў Польшчы засталіся. Ну, а мой бацька і большасьць зь іх вырашылі зьявіцца ў дом. Бо ў гэты час была абвешчаная амністыя. За подпісам Леніна і Троцкага. Амністыя ўсім, хто ваяваў ці ў белых, ці ва ўсялякіх фармаваньнях антысавецкіх.


— Многія вярнуліся?


— Як яны казалі, хто разумнейшы, тыя засталіся. А мы паверылі Леніну і Троцкаму. Ну, яны перайшлі граніцу. Але тут іх арыштавалі. Заперлі ў Бабруйскую крэпасьць. Там яшчэ трымалі некалькі месяцаў.


— Гэта ў якім годзе?


— Гэта ўжо ў дваццаць першым годзе. І там вялі сьледзтва. Яны там адзін пра аднаго расказвалі. Але пра нашага бацьку, як і пра многіх другіх, ніхто нічога не сказаў дрэннага. Іх адпусьцілі дадому.


— А іх пасьля не чапалі?


— Ой, яшчэ як!


Каго ж успаміналі былыя паўстанцы ў трыццатыя гады?


— Савінкаў выступаў. Вось, яны гаварылі, Савінкаў разумны. Я помню, як яны гаварылі. Потым ужо я даведаўся, хто такі Савінкаў. Што гэта быў рэвалюцыянэр, тэрарыст, левы эсэр.


— Яны з павагай успаміналі Савінкава.


— Так.


— А каго-небудзь са сваіх кіраўнікоў?


— Я помню, успаміналі яны Чайку. Уцёк да бальшавікоў, сьпісы ўсе перадаў.


Камандзір 1-га Слуцкага палку капітан Павел Чайка сапраўды здаўся бальшавікам. Але гэта не ўратавала яго ад сьмерці. Ён быў расстраляны ў студзені 21-га. А вось на адрас іншага паўстанца, Радаслава Астроўскага, які пры немцах служыў старшынём Цэнтральнай Рады, знайшлася пара добрых слоў у самога Аляксея Новіка, колішняга савецкага партызана.


— Ён быў чалавек адукаваны. Па-першае. А па-другое, ён быў гуманны. Ён як стаў прэзыдэнтам, дабіўся таго, што ня сталі расстрэльваць партызан. Партызан вяртаўся дадому, і яго не чапалі. Да гэтага, ой, немцы лютавалі. І сем’і расстрэльвалі партызанскія, і гэтак далей.


Былога паўстанца Андрэя Новіка арыштавалі на пачатку калектывізацыі і саслалі ў Казахстан. Гэта яго ўратавала ад далейшых рэпрэсій, але не ад сьмерці. Ён загінуў у 42-м, пад Сталінградам. А што ж сталася з астатнімі іграеўцамі?

За адну ноч усё Іграева ачысьцілі ад усіх, каторыя былі ў гэтым паўстаньні

— Наступіў 37 год. Тэрор, арышты, расстрэлы. Сьлёзы. За адну ноч усё Іграева ачысьцілі ад усіх, каторыя былі ў гэтым паўстаньні. Іх было чалавек дзесяць у Іграеве. Усіх арыштавалі. І невядома, дзе дзеліся. Бацька мой там у Сяміпалацінску. Яго мінула гэтая навала. А вось дзядзька мой быў, брат бацькі, Павел — яго арыштавалі, і дзе дзеўся? Архіў у Мінску ёсьць усебеларускі. Я напісаў ім ліст. І папрасіў знайсьці дадзеныя пра майго дзядзьку Паўла. І з Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь мне даслалі пра гэтага дзядзьку. Дата нараджэньня — 1897 год. Месца нараджэньня — вёска Іграева. Нацыянальнасьць — беларус. Зь сялян. Месца працы — калгас. Дата арышту — дзясятага кастрычніка трыццаць сёмага году. Код органа — тройка. Характар абвінавачваньня — антысавецкая агітацыя. Артыкул УК — 72 УК БССР. Мера пакараньня — ВМП. Вышэйшая мера. Месца адбыцьця пакараньня — Слуцкая турма. Дата пакараньня — 18 кастрычніка 37-га году. Расстраляны быў менш чым празь месяц пасьля суду. Вось чалавек перажыў колькі. Дата рэабілітацыі — 89 год. Вось усе яны, гэтыя дзесяць чалавек, якія былі арыштаваныя, усе яны там і загінулі. Але ім не прышывалі артыкул за тое, што яны ўдзельнічалі ў паўстаньні. Бо амністыя ж была. Дык яны прыпісалі іншае. Агітацыю. Агітаваў... Ён малапісьменны чалавек быў.


— А самі вы як думаеце? Быў у гэтым нейкі сэнс?


— Я думаю, што гэта напрасьліна была. Ніякай яно ролі не сыграла гістарычнай, гэтае паўстаньне. Яно засталося як успышка ў адным месцы. Пастралялі адзін аднаго. Ахвяры былі дарэмныя. Так думаю я.


Каля грозаўскага крыжа ідзе школьнік-падлетак. На крыж — нуль увагі. Як на даўно звыклую дэталь краявіду.



— А вы ведаеце што-небудзь пра Слуцкае паўстаньне?


— Не. Мы яшчэ гэта не праходзім.


— А тое, што там крыж стаіць? Не глядзелі? Не чыталі?


— У нас яшчэ толькі пяты кляс. Яшчэ не дайшлі.


— А самому няўжо не цікава падысьці і пачытаць, што там на крыжы напісана?..


Азадачаны маім старэчым пытаньнем, школьнік пашыбаваў далей. Але ўсё ж ня мае рацыі стары Новік. Не былі і не маглі быць тыя ахвяры дарэмныя. Бо гэта той самы выпадак, калі ўчынак важнейшы за вынік. Дакладней, вынік творыцца штодня. І час, калі беларусы будуць вывучаць Слуцкае паўстаньне ў школе, надыдзе.



Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG