Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"…і ўвесьці сваю валюту – беларускі талер"


1991-шы вачыма ўдзельніка.

Неяк пачуў ад знаёмага – "Ці не надакучыла табе пісаць пра 90-я гады? Той час ужо – гісторыя. Ёсьць жа і актуальныя тэмы".

Сапраўды – чаму я вяртаюся да таго часу? Ці толькі ў тым прычына, што ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі, публіцыстыцы, літаратуры гэтая тэма – табу, і маладым проста няма адкуль даведацца пра нядаўнюю гісторыю сваёй краіны? І што менавіта ў 91-ым адбылася найважнейшая падзея ў гісторыі беларускага народу – абвяшчэньне дзяржаўнай незалежнасьці, падзея, да якой мы, актывісты БНФ, мелі дачыненьне?

Адказаць на такое пытаньне паспрабую, узяўшы ў прыклад клясыкаў – аўтараў так званай "вайсковай прозы".

Пакаленьне, якое прайшло вайну – я маю на ўвазе тых, хто потым браўся за пяро, – абірала для сваіх твораў розныя тэмы, але ўрэшце вярталася да вайны, і самыя лепшыя творы Адамовіча, Быкава, Бакланава, Някрасава, Вараб’ёва – на ваенную тэму. Тут, канечне, можна шмат разважаць пра тое, што экстрэмальныя сытуацыі, якія на вайне здараюцца ці ня штодня, давалі багаты матэрыял для раскрыцьця характараў, для выяўленьня ўзаемаадносінаў, ня кажучы ўжо пра сюжэтныя павароты. Усё гэта так. Але, падаецца, былі і псыхалягічныя прычыны.

Напрыканцы жыцьця яны казалі, што вайна – самае галоўнае, што было ў іхнім лёсе. Найперш, канечне, з прычыны перамогі над тым, у чым яны бачылі абсалютнае зло – над фашызмам. У тыя майскія дні 45-га яны адчувалі сябе ўдзельнікамі сапраўды гістарычнага дасягненьня, ад посьпеху якога – і гэта не гіпэрбала – залежаў лёс чалавецтва. Дні тыя яны прыгадвалі яе самыя шчасьлівыя: зьнікла неймавернае напружаньне, адчуваньне штодзённай, штохвіліннай рызыкі, і зьявілася пачуцьцё свабоды – такой, якой яны ніколі ня зьведалі ў жыцьці. Але – толькі пачуцьцё. Як выявілася, вельмі кароткае.

Празь дзесяцігодзьдзі сказана было Быкавым: "Атрымаўшы перамогу, мы не здабылі свабоды". Зразумела, Быкаў меў на ўвазе мэтафізычны кантэкст – свабоду распараджацца сваім лёсам, так, як маглі ім распараджацца іхнія "калегі па перамозе" – брытанскія, амэрыканскія, францускія салдаты ды афіцэры. Савецкія ж пераможцы заставаліся пад ціскам начальства, пад кантролем НКВД, пад уплывам ідэалёгіі.

Цікавую спробу вырвацца з-пад такога ціску (спробу вельмі кароткую) прыгадвае ў сваіх мэмуарах паэт Аляксандар Дракахруст (і вось таксама: ён меў зборнікі лірыкі, але самыя пранікнёныя радкі, на мой погляд, напісаў – пра вайну). У маі 45-га некалькі савецкіх афіцэраў, ап’яненыя паветрам перамогі (а можа, і ня толькі паветрам), прыхапіўшы маладых лекарак, рванулі на аўтамашынах з Бэрліну ў Парыж. Іх там сустракалі як герояў, і можна толькі ўявіць, якія тосты гучалі ў іх гонар на Шанзэлізэ – ды "парыскія канікулы" хутка абарваліся: нехта з савецкай місіі іх "застукаў" і куды трэба "настукаў". Па вайсковых частках зачыталі загад маршала Жукава: афіцэраў разжалавалі, лекарак выгналі. Але, прыгадвае Аляксандар Дркахруст, гэты загад ён слухаў з адчуваньнем зайздрасьці. Бо “самавольшчыкі" сапраўды глытнулі свабоды -- як кажуць, на поўныя лёгкія.

Думаю, што зайздрасьць – хоць на некалькі сэкундаў – не абмінула ў момант падпісаньня і аўтара загаду, Жукава. Які, нягледзячы на сваю неабмежаваную ўладу з правам распараджацца лёсамі сотняў тысяч, насамрэч быў гэткі ж несвабодны, як лейтэнанты і маёры. І ўжо значна лепей за афіцэраў, на прыкладзе колішніх сваіх знаёмцаў, уяўляў няпэўнасьць лёсаў пры сталінскім кіраўніцтве: сёньня ты – маршал на трыбуне Маўзалею, а заўтра лейтэнант НКВД у падвале Лубянкі выбівае табе зубы.

Аляксандар Дракахруст перакананы, што тыя "самавольшчыкі" прыгадвалі дні сваіх уцёкаў як самыя шчасьлівыя дні свайго жыцьця.

Я зрабіў такі даволі вялікі ўступ пра кароткія дні шчасьця пераможцаў 45-га яшчэ і таму, што нешта падобнае адчувалі і мы ў жніўні 91-га. І таксама прыгадваем як самыя шчасьлівыя дні, і таксама – вельмі кароткія.

Ды й ня толькі мы, дэпутаты БНФ.

У сярэдзіне верасьня 91-га рэдакцыя "ЛіМу" прапанавала сваім чытачам адказаць на пытаньне: якія першачарговыя крокі патрэбныя для ўсталяваньня сапраўднага сувэрэнітэту Беларусі?

Адказы адлюстроўваюць настроі тых дзён.

Ня ўводзіць прэзыдэнцкую, а захаваць парлямэнцкую форму кіраваньня...

Валянцін Падаляцкі, інжынэр-электронік, 45 гадоў, г. Менск: "У першую чаргу ўзаконіць прыватную ўласнасьць, тэрмінова прыняць закон аб грамадзянстве, распусьціць гэты склад Вярхоўнага Савету... Ня ўводзіць прэзыдэнцкую, а захаваць парлямэнцкую форму кіраваньня. Прапаную правесьці выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі 7 лістапада".

Янка Бурак, музыкант, 25 гадоў, г. Менск: "Новы закон аб выбарах і новы парлямэнт..."

Уладзімер Цупранаў, інжынэр-канструктар: "Назоў дзяржавы! Адсюль пачуцьцё нацыянальнай сьвядомасьці, незалежнасьці. Калі ў нас сапраўднае адраджэньне, дык трэба вярнуць гістарычную назву нашай бацькаўшчыне – "Літва". Калі ж пакідаць расейскае "Беларусь", "Белая Русь" – дык трэба такое адраджэньне лічыць ад пачатку стагодзьдзя і сьцьвярджаць гэтым, што мы – маладзенькая дзяржава, якая ніколі ня мела ні Вітаўта, ні Каліноўскага. Калі ў нас ёсьць гонар і розум, дык канчаткова трэба вярнуць усё на свае месцы. А калі не – дык застанемся тутэйшымі. Другі крок – нацыянальна-эканамічная праграма. І яшчэ: важкі "шкілет дзяржаўнасьці", каб не задзьмула нас ні з Усходу, ні з Захаду".

Васіль Базылеўскі, інжынэр, 33 гады, Менск: "Зрабіць беларускую мову рабочай у Вярхоўным Савеце..."

Выбраць Зянона Пазьняка старшынём Вярхоўнага Савету...

Лідзія Валько, 50 гадоў, г. Баранавічы: "Выбраць Зянона Пазьняка старшынём Вярхоўнага Савету рэспублікі. Кандыдатуру Станіслава Шушкевіча адмаўляю".

Вырашыць пытаньне дзяржаўнай мяжы, памежнай службы, мытні...

Эдуард Валасевіч, пісьменьнік, 72 гады, г. Менск: "Эканамічны саюз з Расеяй, бо рэспубліка ня выцягне адна гаспадарчы крызіс. Што тычыцца аспэктаў адміністрацыйнага і палітычнага, дык тут – поўны сувэрэнітэт. Калі хопіць сродкаў, утрымліваць нацыянальнае войска. Вырашыць пытаньне дзяржаўнай мяжы, памежнай службы, мытні..."

Анатоль Мяльгуй, журналіст, 33 гады, Менск: "У першую чаргу праз тэлебачаньне, радыё і друк разгарнуць кампанію па прапагандзе ідэі незалежнасьці Беларусі. Палітычныя лідэры зь лічбамі і дакладнымі фармулёўкамі павінны растлумачыць насельніцтву Беларусі, што дасьць сувэрэнітэт КОЖНАМУ з нас..."

Пятро Коўдзель, будаўнік, 36 гадоў, Даўгаўпілс, Латвійская Рэспубліка: "Як мага хутчэй трэба выходзіць з Савецкага Саюзу. Для ўсталяваньня сувэрэнітэту Беларусі можна ўзяць лепшыя законы сакавіка 1918 году, калі была абвешчана БНР, і кіравацца імі ў сваёй дзейнасьці. Паслаць у парлямэнт больш такіх людзей, як Зянон Пазьняк".

Беларусь – наш дом, і мова беларуская мусіць быць сьвятой для ўсіх, хто жыве ў гэтым доме...

Ніна Ўдарава, інжынэр, працуючая пэнсіянэрка, 56 гадоў, г. Менск: "…Хоць я руская па нацыянальнасьці, а муж мой – паляк, нам крыўдна за людзей, якія ня могуць зразумець, што Беларусь – наш дом, і мова беларуская мусіць быць сьвятой для ўсіх, хто жыве ў гэтым доме".

Аляксандар Пігін, інжынэр, 46 гадоў, Менск: "Трэба найперш пазбавіцца ад трох мітаў. Першы міт – пра Чарнобыль. На ўсіх пасяджэньнях, з усіх трыбун лямантуюць, што мы ня выжывем, бо нас спасьцігла чарнобыльская бяда, і толькі з дапамогай Савецкага Саюзу мы адолеем гэтую навалу. ...Другі міт – пра тое, што мы наагул загінем без Расеі...".

Мікола Бусел, настаўнік, вёска Дуброўка Сьветлагорскага раёну: "Нельга навучыцца плаваць, ня трапіўшы ў ваду. Трэба аддзяляцца, тады ўсё пачне працаваць на Беларусь, на незалежнасьць. Гэта – па-першае. Па-другое, наш паратунак – жорсткае змаганьне з антынацыянальнай гідрай".

Напэўна, з адлегласьці часу некаторыя з гэтых прапаноў камусьці могуць падацца наіўнымі, але іх аўтары выявілі сапраўднае дзяржаўнае мысьленьне – нашмат большае, чым у тагачаснага кіраўніцтва Вярхоўнага Савету альбо рэгіёнаў. Апошнія папросту былі няздольныя ўсьвядоміць сябе палітыкамі незалежнай дзяржавы. А некаторыя і вельмі пашкадавалі пра рашэньні, прынятыя 25-га жніўня.

І вось красамоўны прыклад.

Адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, у канцы жніўня, Апазыцыя БНФ прыняла заяву, у якой заклікала былых камуністаў далучацца да стварэньня сувэрэннай дзяржавы.

Пазьней будуць выдумляць, што Пазьняк і БНФ заклікалі ледзь не фізычна расправіцца з камуністамі. Ды не! Наадварот – заявілі (і гэта было надрукавана шматтысячным накладам на першай паласе "Народнай газеты" – што "ў нашай культурнай, памяркоўнай краіне ніхто не павінен і ня будзе перасьледаваць чалавека толькі за членства ў камуністычнай партыі ці камсамоле". ("Народная газета", 31 жніўня 1991 г.).

Павінен прызнаць, што ніхто з былых функцыянэраў КПБ ці ЛКСМБ у БНФ – а менавіта Фронт быў тады авангардам у справе стварэньня сувэрэннай дзяржавы – не прыйшоў.

Што да стаўленьня да новаўтворанай дзяржавы, дык яно было выказана ў рашэньні Гомельскага абласнога Савету народных дэпутатаў. Гэтым саветам працягваў кіраваць наш даўні апанэнт Вайцянкоў, які 19—21 жніўня актыўна падтрымаў ГКЧП.

Прынялі рашэньне празь дзевяць дзён пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці, 4 верасьня.

Абласны Савет крытыкаваў Вярхоўны Савет – за прыняцьце незалежнасьці.


Рашэньне Гомельскага абласнога Савета. Верасень 1991 г. З архіву С. Навумчыка
Рашэньне Гомельскага абласнога Савета. Верасень 1991 г. З архіву С. Навумчыка
"На апошняй сэсіі Вярхоўнага Савету БССР дэпутаты прынялі шэраг лёсавызначальных для рэспублікі рашэньняў без таго, каб параіцца з народам. У першую чаргу гэта тычыцца Закону аб самастойнасьці Беларусі і, па сутнасьці, нэгатыўнага стаўленьня да падпісаньня саюзнай дамовы. Пры абмеркаваньні гэтых пытаньняў былі праігнараваныя вынікі ўсенароднага рэфэрэндуму аб захаваньні абноўленага Саюзу ССР. У сувязі з гэтым Гомельскі абласны Савет народных дэпутатаў вырашыў:

Патрабаваць ад Вярхоўнага Савету БССР захаваньня дэмакратыі і правоў беларускага народа пры прыняцьці найбольш важных рашэньняў, якія тычацца ў першую чаргу дзяржаўнага пераўтварэньня.

Лічыць неабходным абавязковае правядзеньне агульнанародных рэфэрэндумаў па ўсіх буйных пытаньнях будучага Беларусі.

Старшыня абласнога Савету М.Г. Вайцянкоў".

16 верасьня 1991 г. намесьнік старшыні ВС Васіль Шаладонаў наклаў рэзалюцыю: “Памножыць і раздаць народным дэпутатам”.

Сёньня гэты дакумэнт можа быць моцным аргумэнтам у спрэчцы з тымі, хто кажа, што Незалежнасьць нібыта звалілася на беларусаў "зь неба", што калі б не прынялі рашэньне 25 жніўня – нікуды б ня дзеліся, прынялі б празь месяц ці тры.

Не празь месяц ці тры месяцы – праз тыдзень рашэньне аб Незалежнасьці магло б не прайсьці, калі б мы не запатрабавалі скліканьня нечарговай сэсіі і ня выціснулі з камуністычнай большасьці рашэньня надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону (гомельскія кіраўнікі нават ня здолелі правільна назваць гэты закон). Прыняцьце ў верасьні нацыянальных сымбаляў у якасьці дзяржаўных і ратыфікацыя ў сьнежні Віскулёўскіх пагадненьняў – былі прамым вынікам таго рашэньня 25 жніўня. Не было б Сэсіі Незалежнасьці – не было б нічога.

БССР магла ўвайсьці ў склад Расеі ці стварыць, па сутнасьці, канфэдэрацыю з падпарадкаваньнем Маскве...

Я ўвогуле не выключаю, што БССР магла ўвайсьці ў склад Расеі ці стварыць, па сутнасьці, канфэдэрацыю з падпарадкаваньнем Маскве (што і прапаноўваў Гарбачоў увосень 91-га і з чым фактычна пагаджаўся Шушкевіч); ва ўсялякім разе, у такім варыянце мне бачыцца менш дзіўнага, чым у прэзыдэнце, які, замест таго каб мацаваць сувэрэнітэт, пачаў ствараць "саюзную дзяржаву".

Тое, што ў такім выпадку Беларусь склала б выключэньне зь іншых былых савецкіх рэспублік – не аргумэнт: Беларусь — адзіная рэспубліка, якая стварыла "саюзную дзяржаву" з Расеяй, адзіная, якая вярнула, па сутнасьці, савецкія сымбалі, адзіная, дзе сфэра ўжытку мовы карэннага насельніцтва прымусова і настойліва звужаецца.

Але вернемся ў 91-шы.

Беларусь імкліва страчвала час – з кожным днём восені 91-га рабілася ўсё больш відавочнай неабходнасьць стварыць свае грошы і ўласнае войска. Гэта было яшчэ больш надзённым з улікам палітыкі, якую праводзіла кіраўніцтва Расеі ў дачыненьні да былых саюзных рэспублік – наступальнай і даволі цынічнай.

У прынцыпе, калі разабрацца, дык, па вялікім рахунку, Ельцын дзейнічаў у поўнай адпаведнасьці з інтарэсамі сваёй краіны і свайго народа; ён не абавязаны быў дбаць пра інтарэсы іншых дзяржаў – там ёсьць свае кіраўнікі і свае парлямэнты. Небясьпека была ў тым, што кіраўніцтва Беларусі пра інтарэсы свайго народа ня дбала.

Той час спарадзіў нейкія звыродлівыя зьявы і гэтак перакруціў паняцьці, што праз гады чалавеку, незнаёмаму з рэаліямі тых дзён, шмат што падасца абсурдным.

Ну, напрыклад – чаму мы выступалі супраць вывазу харчовых і прамысловых тавараў за межы Беларусі? Бо экспарт – гэта крыніца папаўненьня бюджэту, кожная краіна зацікаўленая, каб зь яе як мага больш вывозілі, пакідаючы ў ёй грошы.

Вось менавіта што грошы. Увосень жа 91-га савецкія рублі яшчэ не зазналі той інфляцыі, якая пачнецца празь некалькі месяцаў, але ўжо не выконвалі клясычнай функцыі грошай, якімі можна аплаціць набыцьцё тавараў. Бо ў крамах папросту не было чаго купляць. Мая жонка, вяртаючыся з працы і бачачы нейкую чаргу, станавілася ў яе – і толькі потым пыталася: а што даюць? Часам давалі лямпачкі, часам – посуд ці якую драбязу. А вось набыць мэблю, напрыклад, не было ніякай магчымасьці. Гандляры (ці, як іх тады называлі, – "спэкулянты") з паўднёвых рэспублік (дый ня толькі з паўднёвых) прывозілі ў Беларусь чамаданы грошай і па дамове з кіраўнікамі гандлёвых арганізацый скуплялі ўсё, што маглі.

Таму беларускія грошы (ці, як тады казалі, "уласная валюта") былі для нас ня толькі нейкай абстракцыяй, атрыбутам дзяржаўнасьці – але і надзённай патрэбай.

Ня менш драматычнай была і сытуацыя з так званым савецкім войскам.

Беларусь павінна была ўтрымліваць шматтысячнае войска, якое ёй не належала і падпарадкоўвалася Маскве. Прапановы дэпутатаў БНФ у верасьні, у кастрычніку і ў лістападзе разгледзець на сэсіі ВС пытаньне аб стварэньні ўласнага Міністэрства абароны адкідаліся. Ня кажучы ўжо пра фактар небясьпекі для сувэрэнітэту (вайскоўцы не былі прыведзеныя да прысягі на вернасьць Беларусі), тое быў вялізны ціск на бюджэт. Намер Крамля фінансаваць гэтае войска мог увесьці ў зман толькі наіўных людзей: фінансавалі б, натуральна, абясцэненымі савецкімі рублямі.

Таму мы штодня (я не перабольшваю – штодня) настойвалі на неадкладным вырашэньні дзьвюх першачарговых задач. Такіх задач у маладой дзяржавы было шмат, але мы вызначалі дзьве неадкладныя: увядзеньне ўласных грошай і стварэньне беларускага войска зь Міністэрствам абароны. Пытаньні ўтрыманьня (і вываду) вайсковых падразьдзяленьняў, якія не падпарадкоўваліся б Менску, павінна было вырашацца асобнымі пагадненьнямі (тут Беларусь магла б запатрабаваць за ўтрыманьне валюту альбо паліва).

Мы ня бачылі падтрымкі ад старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча

Ні ў якіх сваіх прапановах мы ня бачылі падтрымкі ад старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. Станіслаў Станіслававіч ніколі (падкрэсьліваю – ніколі) не падтрымаў нашых пытаньняў па ўласнай валюце і войску пры ўнясеньні іх у парадак дня спачатку адной, а потым другой восеньскай сэсіі. Наадварот – ён уцягнуўся ў так званы "новаагароўскі працэс", рэгулярна езьдзіў у Нова-Агарова, дзе Гарбачоў спрабаваў рэанімаваць "абноўлены саюз".


Сяргей Навумчык, выступ у Вярхоўным Савеце, 1991 г.
Сяргей Навумчык, выступ у Вярхоўным Савеце, 1991 г.
Але такая пазыцыя Шушкевіча – гэта было б паўбяды, калі б не суцэльны супраціў ідэям БНФ з боку так званых "мясцовых кіраўнікоў" у рэгіёнах. Прыведзенае вышэй рашэньне Гомельскага аблсавету – толькі адзін прыклад актыўнага нежаданьня рабіць Беларусь незалежнай дзяржавай. Як бачым, пачалося гэта зь першых дзён пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці.

І гэтаму я бачу некалькі прычынаў.

Першая – небеларускасьць чынавенства. У адрозьненьне ад рэспублік Прыбалтыкі, дзе кіраўнікі кампартыяў калі ня самі ўзначалілі рух за незалежнасьць, дык актыўна спрыялі яму (дастаткова прыгадаць Бразаўскаса, які прапанаваў правесьці ўстаноўчы зьезд БНФ у Вільні) – у Беларусі сярод партыйнага кіраўніцтва не было нацыянал-камуністаў. У нейкім інтэрвію былы сакратар Менскага гаркаму партыі Пётра Краўчанка сказаў, што сярод высокай намэнклятуры нацыянальна арыентаваных сакратароў было два – ён і сакратар Віцебскага абкаму Іосіф Навумчык (вядома, тэрмін "нацыянальнай арыентацыі" тут трэба ўспрымаць з пэўнымі агаворкамі). Былога загадчыка сэктару літаратуры ЦК КПБ Сяргея Законьнікава прызначылі рэдактарам "Полымя" , былога члена ЦК КПБ, старшыню Дзяржтэлерадыё Генадзя Бураўкіна адаслалі далей – аж у Нью-Ёрк, прадстаўніком у ААН. Прызначылі міністрам замежных спраў і Краўчанку. Сакратар ЦК КПБ Аляксандар Кузьмін, які сымпатызаваў Быкаву, Адамовічу і Караткевічу, пасьля канфлікту са Сьлюньковым з-за Чарнобылю быў даўно адпраўлены на пэнсію.

Да моманту прыпыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС у жніўні 1991-га партыйны апарат быў ня проста дэнацыяналізаваны – ён агрэсіўна адмоўна ўспрымаў саму ідэю стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы.

І другі фактар, пра які, здаецца, ніхто ніколі не казаў, але які адыграў немалую ролю ў найноўшай беларускай гісторыі.

Структура і практыка кіраўніцтва, якая складалася дзесяцігодзьдзямі – і на ўзроўні Менску, і ў рэгіёнах – была наступная: партыйны орган (ЦК, абкам, гаркам, райкам) прымаў рашэньні, а выканаўчы орган (Саўмін, аблвыканкам, гарвыканкам, райвыканкам) іх выконваў. Навык прыняцьця рашэньняў, адказнасьць за гэтыя рашэньні, калі хочаце – самастойнасьць, здольнасьць да рызыкі ў сакратароў абкамаў ці райкамаў была значна большая, чым у старшыняў аблвыканкамаў ці райвыканкамаў. Тое ж тычыцца і вышэйшага ўзроўню – сакратара ЦК і старшыні Саўміну. Кебіч хоць і прыйшоў калісьці ў Саўмін з пасады сакратара Менскага абкаму, але на ўзроўні рэспублікі заставаўся выканаўцам рашэньняў, якія прымалі ў ЦК.

Пасьля жніўня 91-га кіраваць і Беларусьсю, і рэгіёнамі пачалі людзі, якія прызвычаіліся выконваць чужыя загады.

І вось у канцы жніўня 91-га ЦК, абкамы, гаркамы ды райкамы былі ліквідаваныя. Ніхто з партыйных кіраўнікоў не застаўся бяз працы – але, у большасьці, яны перайшлі ў апарат выканкамаў на невысокія пасады (напрыклад, былы першы сакратар ЦК КПБ Малафееў стаў начальнікам аднаго з упраўленьняў Саўміну – пасада ніжэйшая, чым намесьнік міністра). Кіраваць і Беларусьсю, і рэгіёнамі пачалі людзі, якія прызвычаіліся выконваць чужыя загады. Але аддаваць загады не было каму. І яны пачалі чакаць загадаў з Масквы. Але ў Маскве быў ненавісны ім Гарбачоў і страшны Ельцын, які прыхлопнуў кампартыю.

Намэнклятура разгубілася.

Але такую ацэнку (разгубленасьць) можна прымяніць толькі да працы ў інтарэсах дзяржавы.

У сэнсе ж асабістага ўзбагачэньня намэнклятура якраз выявіла актыўнасьць – бо тут у яе быў багаты вопыт.

Ізноў жа, калі параўноўваць партыйных сакратароў і кіраўнікоў выканкамаў (кажу гэта зь веданьнем сытуацыі, бо вырас у сям’і партыйнага сакратара) – дык магчымасьці ўласнага матэрыяльнага забесьпячэньня ў апошніх былі значна большыя. Ад партыйных работнікаў вымагалі "партыйнай сьціпласьці", ім было забаронена мець дачы і ўласныя аўтамабілі (канечне, былі службовыя дачы і службовыя аўтамабілі). Тым часам кіраўнікі выканкамаўскіх органаў (старшыні, іх намесьнікі, начальнікі ўпраўленьняў і аддзелаў) былі шчыльна зьвязаныя з кіраўнікамі прадпрыемстваў і гаспадарак і з сыстэмай разьмеркаваньня – ад футравых шапак, калі казаць пра ўзровень начальніка аддзелу райвыканкаму, да будматэрыялаў і аўтамабіляў, на ўзроўні старшыні выканкаму і вышэй. Ніякі загадчык аддзелу абкаму ня мог сабе дазволіць таго, што дазваляў начальнік абласнога ўпраўленьня выканкаму.

Шмат якія сёньняшнія буйныя фірмы ўзьняліся на глебе той "намэнклятурнай" прыватызацыі...

І пасьля жніўня 91-га, страціўшы над сабой кантроль партыйных камітэтаў, чынавенства з выканаўчых структураў рэалізавала свой "гаспадарчы навык" – на карысьць асабістага ўзбагачэньня – напоўніцу. Ствараліся фірмы, куды пераводзілася дзяржаўная маёмасьць. За капейкі акцыянаваліся (зразумела, пры ўдзеле чынавенства) прадпрыемствы. Сёстры, жонкі, дзеці, пляменьнікі, нават бацькі-пэнсіянэры чыноўнікаў рабіліся бізнэсоўцамі і ўладальнікамі ўчора яшчэ дзяржаўнай маёмасьці. Шмат якія сёньняшнія буйныя фірмы ўзьняліся на глебе той "намэнклятурнай" прыватызацыі, якую людзі называлі "прыхватызацыяй".

Мы бачылі, што намэнклятура ачуняла ад "пасьляпутчаўскага" шоку, перагрупавалася і ўмацоўвае свае пазыцыі, пры гэтым не жадаючы і пальцам варухнуць дзеля ўмацаваньня дзяржаўнасьці – наадварот, вітаючы ўсялякія спробы рэанімаваць імпэрыю.


Заява Апазыцыі БНФ, 6 лістапада 1991 г. Фрагмэнт. З архіву С. Навумчыка.
Заява Апазыцыі БНФ, 6 лістапада 1991 г. Фрагмэнт. З архіву С. Навумчыка.
Перада мной – чатыры старонкі тэксту Заявы апазыцыі БНФ ад 6 лістапада 1991 г. Гэта – другі экзэмпляр машынапісу (друк нярэзкі), у тэкст унесеныя папраўкі ад рукі (почырк нібыта Голубева). Уверсе алоўкам пазначана – "Праект", почырк, адназначна, Пазьняка. У мяне няма падпісанай копіі заявы ці газэтнай выразкі – таму цытую гэты машынапіс; думаю, ён і быў канчатковым варыянтам. У кожным разе, ён каштоўны як гістарычны дакумэнт, які адлюстроўвае атмасфэру восені 91-га.

"Настаў крытычны час для нашай Бацькаўшчыны Беларусі. 25 жніўня перамаглі дэмакратычныя ідэі Народнага Фронту і яго прыхільнікаў, але ўсе структуры кіраваньня, уся ўлада на Беларусі засталіся, як і раней, поўнасьцю ў руках камуністычнай намэнклятуры. Савет Міністраў, узначалены былым членам бюро ЦК КПБ Вячаславам Кебічам, бязьдзейнічае і праводзіць вузкую эгаістычную палітыку ў інтарэсах кіруючай групы людзей і былога партапарату, ажыцьцяўляе незаконную прыватызацыю дзяржаўнай маёмасьці, ня дбаючы пра народ, яго сацыяльна-эканамічнае становішча, будучыню і сувэрэнітэт беларускай дзяржавы...

Ні Савет Міністраў, ні Вярхоўны Савет, нягледзячы на прапановы дэпутацкай Апазыцыі БНФ, не зрабілі нічога дзеля таго, каб падрыхтаваць выпуск беларускіх грошай, стварыць нацыянальную фінансава-крэдытную сыстэму, зрабіць захады, каб абараніць таварны рынак, запабегчы гіпэрінфляцыі, нястрымнаму росту цэнаў, вывазу прадуктаў і прамысловых вырабаў зь Беларусі. Доўжыліся размовы і ашуканства.

Беларусь апынулася ў хвасьце палітыкі Расеі і балтыйскіх краінаў...

У выніку Беларусь апынулася ў хвасьце палітыкі Расеі і балтыйскіх краінаў, стала залежнай ад разбуральных працэсаў у эканоміцы гэтых рэспублік, ад падвышэньня цэнаў і эканамічнага шантажу, стала аплочваць цаной працы свайго народа балячкі чужога грамадзтва, жывіць маскоўскіх спэкулянтаў, паўднёвыя мафіі, рынак Польшчы, Латвіі і Літвы. Урад ня змог забясьпечыць насельніцтва нават па талёнах, якія выпусьціў дзеля гарантаванага разьмеркаваньня.

Апазыцыя БНФ лічыць, што неабходна як найхутчэй вызначыць сацыяльную будучыню і статус савецкага войска ў Рэспубліцы, падыходзячы да яго з пазыцыі закона і павагі правоў чалавека. Аднак намэнклятурны Вярхоўны Савет і Савет Міністраў аказаліся няздольнымі своечасова вырашыць пытаньні часовага знаходжаньня Савецкай Арміі на тэрыторыі Беларусі, стварэньня беларускага войска, ваеннага міністэрства і тым самым паставілі Рэспубліку перад абліччам вайскова-сацыяльнага абвалу, грамадзкага канфлікту і страты незалежнасьці...

...Першым чынам павінен будзе пайсьці ў адстаўку існуючы ўрад разам з прэм’ерам В.Кебічам. Трэба стварыць новы ўрад народнага даверу. Народ можа атрымаць магчымасьць прымяніць ціск на Вярхоўны Савет, патрабуючы неадкладнага прыняцьця новага дэмакратычнага закону аб выбарах, які даўно ўжо падрыхтаваны Апазыцыяй БНФ, і прызначэньня нечарговых выбараў у прафэсійны беларускі парлямэнт.


Выступае Зянон Пазьняк. 1991 г.
Выступае Зянон Пазьняк. 1991 г.
Калі ж ізноў усё застанецца незразуметым і будзе адкінута, тады можна тэрмінова прыступіць да падрыхтоўкі і ўсенароднага рэфэрэндуму па гэтых пытаньнях – адстаўка ўраду, роспуск Вярхоўнага Савету, нечарговыя выбары, а заадно – перадача маёмасьці КПБ-КПСС-ЛКСМБ народу (дзяржаве) і спыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС.

Самы вялікі наш грамадзкі набытак, які ігнаравалі камуністы і ня цэніць кіруючая намэнклятура – гэта незалежная дзяржава. Маючы незалежную дзяржаву, зьбярогшы і ўсталяваўшы дзяржаўны сувэрэнітэт, народ можа забясьпечыць сабе сацыяльную, культурную і гістарычную будучыню, ажыцьцявіць эканамічныя і палітычныя пераўтварэньні, памножыць дабрабыт.

Мы павінны захаваць наш таварны рынак, эканоміку ад разбурэньня і ўвесьці сваю валюту – беларускі талер...

Выходзячы з крызісу, нам трэба рухацца да рынкавай эканомікі, усталяваўшы раўнапраўнасьць усіх формаў уласнасьці. Мы павінны пачынаць на гэтым шляху зь вёскі, ратуючы сельскую гаспадарку і сялян, збалянсаваўшы падаткі і цэны, гарантуючы законам права ўласнасьці на зямлю і на тэхнічнае забесьпячэньне. Мы павінны праводзіць такую прыватызацыю дзяржаўнай маёмасьці, такі пераход да рынку, які забясьпечваў бы роўныя стартавыя магчымасьці для ўсіх грамадзянаў Беларусі. Мы павінны захаваць наш таварны рынак, эканоміку ад разбурэньня і ўвесьці сваю валюту – беларускі талер, а на падрыхтоўчы пэрыяд – пераходныя грошы (купоны). Мы павінны ажыцьцявіць канцэпцыю незалежнай беларускай дзяржавы як свабоднай эўрапейскай краіны. Нам трэба ўнікаць усялякіх саюзаў і супольнасьцяў, што вядуць да рэанімацыі СССР, да стварэньня ўнітарнай дзяржавы, да эканамічнай залежнасьці Беларусі, збаўляцца ад вынікаў бальшавіцкага імпэрыялізму і савецкага каляніялізму. Мы павінны ажыцьцяўляць канцэпцыю актыўнай, партнэрскай, накіраванай ва ўсе бакі міжнароднай палітыкі, каб дасягнуць міжнароднага прызнаньня і супрацоўніцтва. Нам, імкнучыся да нэўтральнай бязьядзернай дзяржавы, трэба ажыцьцяўляць сваю палітыку на аснове двухбаковых, а ня блёкавых пагадненьняў, нам трэба гандляваць".

Гэтая заява была напісаная 6 лістапада; яе апошні прыведзены тут абзац – фактычна міні-праграма першачарговых крокаў па будаўніцтве сувэрэннай дзяржавы і выхадзе з крызісу. Але літаральна пад кожны тэзіс гэтай праграмы мы, Апазыцыя БНФ, мелі ўжо распрацаваныя законапраекты, якія прапаноўвалі Вярхоўнаму Савету. І толькі некаторыя палажэньні ўдавалася зь вялікімі цяжкасьцямі правесьці. Большасьць дэпутацкага корпусу (як і прызначаны імі ўрад) упарта не жадала рабіцца парлямэнтам сувэрэннай краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG