Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыкрызісная дапамога ўжыванымі рэчамі


Чарга за грашовай дапамогай, верасьнь 2011-га.
Менскія ўлады вырашылі падтрымаць адзінокіх пэнсіянэраў, інвалідаў і шматдзетныя сем’і, распачаўшы дабрачынную акцыю «Другія рукі» па зборы ўжываных рэчаў для маламаёмных. Апрача таго для гэтай катэгорыі грамадзян днямі пачала працаваць сыстэма 10-працэнтных зьніжак на пэўныя групы прамысловых і харчовых тавараў. Ці дапамогуць гэтыя захады маламаёмным перажыць крызіс, калі інфляцыя з пачатку году дасягнула 100%?

Продаж тавараў з 10-працэнтнай зьніжкай арганізаваны па адміністрацыйных раёнах і будзе ажыцьцяўляцца строга паводле сьпісаў райвыканкамаў па прад’яўленьні дакумэнтаў, каб ніхто іншы не скарыстаўся ільготамі. Ужываныя рэчы таксама будуць разьмяркоўваць паводле сьпісаў. Як народ ставіцца да гэтых праяваў дабрачыннасьці з боку дзяржавы?

Спадарыня Ганна кажа, што дапамога — гэта заўсёды добра. Але яна павінна быць разумнай і сапраўды адраснай:

«Напрыклад, нашу самотную бабулю мы можам самі забясьпечыць і паліто, і ботамі. Колькі таму старому чалавеку трэба? Дый свае паліто яна знасіць не пасьпее. Лепш бы пыталіся ў старых, што ім канкрэтна трэба. Камусьці не хапае на лекі, камусьці — элемэнтарна на ежу. Можа, паглядзець у гэты бок, а не ашчасьліўліваць усіх якімісьці паліто ці курткамі».
Сасноў: Такімі мэтадамі можна толькі дапамагаць у нейкі ваенны час… Немагчыма так жыць пастаянна

А вось самотнага пэнсіянэра Паўла Луцэвіча такая дапамога дзяржавы абурае:

«Навошта пэнсіянэрам рэчы, якімі гандлююць са зьніжкай у 10%? Ды не купляюць яны адзеньня, даношваюць старое. Пэнсіянэрам патрэбныя лекі перш за ўсё. Гэта ж проста зьдзек зь людзей, якія ўсё жыцьцё прапрацавалі на гэтую краіну, а цяпер жывуць як жабракі! Лепш даць пэнсіянэрам прыстойную пэнсію, каб яны, як сказаў прэзыдэнт, хадзілі ў крамы не як у музэі, а каб яны маглі там што-небудзь набыць. Каб гэтая пэнсія адпавядала ўзроўню інфляцыі».

Эканаміст Міхал Залескі, што да спробаў дзяржавы дапамагчы хоць неяк маламаёмным, выказаў такую думку:

«Не сказаў бы, што гэта прыніжэньне. Іншая справа — як разглядаецца чалавек. Вось калі чалавек разглядаецца як асоба, якая робіць выбар, то дзяржава стварае грашовы фонд, дзеліць яго на столькі частак, колькі ў яе бедных, і кожны бедны сам заяўляе, што яму трэба. Да прыкладу, у мяне няма кашулі — „На табе, Залескі, кашулю“. А ў другога — Іванова, Пятрова, Сідарава — не хапае на хлеб. У трэцяга — на праязны ці на лекі. Але калі ўжо я кашулю ўзяў, то ні праязны ці хлеб я прасіць ня буду. Вось гэта ёсьць адрасная сацыяльная дапамога. У нас жа — старажытны Рым: раздача збожжа бедным».

Былы міністар працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Сасноў таксама лічыць, што гэта не вырашэньне праблемы:

«Так, гэта дапамога, але дапамога толькі на вызначаны час, ненадоўга, каб маламаёмныя перажылі складаную сытуацыю. Але справа ў тым, што ў Беларусі гэта не часовая складаная сытуацыя, а гэта ўжо надоўга, калі не назаўсёды. Таму гэта ня выйсьце. Такімі мэтадамі можна толькі дапамагаць у нейкі ваенны час. Гэта часовая мера. Немагчыма так жыць пастаянна. На больш сур’ёзныя захады ні ўрад, ні Лукашэнка ня здольныя ўвогуле».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG