Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі баяцца праверак і чакаюць вяртаньня валютчыкаў


З 9 лістапада беларускія банкі прадаюць валюту насельніцтву толькі па дакумэнтах, якія сьведчаць асобу. Найперш гэта пашпарт. Усе зьвесткі пра кліента банкі перадаюць у аўтаматызаваную інфармацыйную сыстэму «Разьлік», што дзейнічае пад кантролем дзяржаўных службаў. Улады разьлічваюць, што гэта стрымае попыт на валюту.

Чэргаў па валюту пасьля ўвядзеньня новых банкаўскіх правілаў у віцебскіх абменьніках няма.

Прадпрымальнік Канстанцін Халмачоў: «Сёньня валюту звычайны чалавек купляць ня будзе — яму не хапае на паесьці! Цяпер прыстойны, дужа прыстойны заробак — гэта 300 даляраў. Калі дужа эканоміць, ня есьці дасыта, то можна набыць сабе нейкіх 100 даляраў. А вось прадпрымальніку штомесяц трэба набываць ад трох да дзесяці тысяч баксаў».

Таму спадар Халмачоў перакананы, што ўведзены парадак абавязковага паўшпартнага ўліку пры набыцьці валюты адаб’ецца на прадпрымальніках вельмі хутка:

«Калі прадпрымальнік будзе ўвесь час набываць валюту і гэта будзе фіксавацца ў базе дадзеных, то ўрэшце да яго прыйдуць з праверкай: „Ага, ты набыў во столькі валюты. А навошта? Пакажы свае прыбыткі!“».

Знайсьці ў дзейнасьці прадпрымальніка парушэньні і накласьці штраф — вельмі лёгка, бо заканадаўства дужа супярэчлівае, лічыць спадар Халмачоў.

Таму прадпрымальнікі будуць шукаць альтэрнатыўныя шляхі набыцьця валюты, мяркуе ягоны калега па прадпрымальніцкім бізнэсе Анатоль Шапавалаў:
Хто не захоча валюту ў банку купляць, „сьвяціцца“, той пойдзе да тых, хто „стаіць на валюце“, дый усё!

«Валютчыкаў болей будзе, гэта — 100%. Хто не захоча валюту ў банку купляць, „сьвяціцца“, той пойдзе да тых, хто „стаіць на валюце“, дый усё! Ну, валютчыкаў, можа, зьмены гэтыя таксама тычыцца будуць: хто шмат будзе валюты купляць, тых будуць адсочваць».

Але, кажа спадар Шапавалаў, і валютчыкі, і прадпрымальнікі будуць шукаць, як абдурыць банкаўскі ўлік. Самае простае — гэта папрасіць набыць валюту сваяка ці суседа. Таму на Ўкраіне ўжо адмянілі гэткую ж сыстэму, працягвае прадпрымальнік:

«Я на Ўкраіну езьдзіў месяц таму ці нават менш, дык там таксама па пашпарце было — і здаваць валюту, і купляць. Таксама, нібыта, каб адсочваць… Дык народ пачаў „узбухаць“, і там адмянілі».

На Ўкраіне цяпер патрабуюць пашпарт, толькі калі гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч даляраў, удакладняе Анатоль Шапавалаў. А ў беларускіх банках хочуць ведаць пра кожны прыватна набыты грамадзянінам даляр.


Ніякіх істотных зьменаў для эканомікі продаж валюты па пашпартах ня дасьць, перакананы былы лідэр прадпрымальніцкага руху і палітвязень Валеры Леванеўскі з Горадні:

«Крызіс ня ў тым, купляць валюту па пашпарце або не. Крызіс — у сыстэме кіраваньня эканомікай. Тое, што будуць патрабаваць пашпарт, — на гэтым валютчыкі падымуцца. Улічваючы спэцыфіку нашай дзяржавы, скажу: будуць адсочваць людзей, якія купляюць валюту. Вяртаючыся ў 1990-я гады з гэтым продажам, мы разумеем, што вярнуліся да таго, з чаго пачыналі. Усе гэтыя амаль васямнаццаць год, што Рыгоравіч кіраваў, яны нас прывялі назад: таптаньне на месцы, я б сказаў».

Намесьнік кіраўніка аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» зь Берасьця Віктар Чайкоўскі кажа, што продаж валюты па пашпарце стварае толькі дадатковыя праблемы:

«Ізноў будзе пладзіцца армія лайдакоў. Яны будуць з банкаў браць выпіскі, хто купіў, колькі купіў… Дзяржаўныя грошы будуць сыходзіць у нікуды. А рынак тавараў і паслугаў сёньня фактычна паралізаваны. У бліжэйшы час прадпрымальнікам проста няма за што будзе купіць гэтую валюту».

Станіслаў Багданкевіч: «На кантроль за продажам валюты дзяржава патраціць больш»


«Цяперашняя Беларусь — гэта паліцэйская дзяржава. Улада імкнецца кантраляваць ня толькі прыватны бізнэс, грамадзкія арганізацыі і партыі, але і кожнага грамадзяніна асобна. Найперш — як ён спажывае беларускія рублі, дзеля чаго і колькі купляе замежнай валюты.

Я не лічу, што пільнае назіраньне за кожным грамадзянінам дасьць нейкі эканамічны эфэкт. Хутчэй наадварот — выдаткі на адсочваньне такой інфармацыі, яе апрацоўку і ўлік, несумненна, перавысяць у бюджэце тую карысьць, што мяркуецца атрымаць. Толькі ўявіце: трэба ж завесьці 4,5–5 мільёнаў новых асабовых рахункаў! А яшчэ трэба будзе пераправяраць рахункі, аналізаваць, у каго набыцьцё валюты перавышае суму грашовага прыбытку. Трэба будзе дадаткова нагружаць падатковыя інспэкцыі, міліцыю, дзяржкантроль.

Такога татальнага кантролю за фінансамі грамадзянаў яшчэ не было. А для чаго ён уводзіцца цяпер? Магчыма, што нейкі селянін альбо ўладальнік лецішча прадаў частку садавіны ці гародніны, а падатак не заплаціў, купіў за атрыманы прыбытак валюту. Вось і будзе падстава шукаць яго, выбіваць дадатковыя падаткі.

Але ці будзе ад такой працы выгада бюджэту? Ня думаю. Па-мойму дзяржава больш патраціць. Акрамя таго, у Беларусі трывала ўсталюецца „чорны“ рынак валюты», — лічыць доктар эканамічных навук, прафэсар, былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG