Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку вывезьлі мяса, цяпер вывозяць гарэлку


Таннай гарэлкі на віцебскіх паліцах значна паменела.
Таннай гарэлкі на віцебскіх паліцах значна паменела.
У памежных зь Беларусьсю расейскіх рэгіёнах па-ранейшаму ідзе нелегальны харчовы гандаль. Цяпер, апрача мяса, кілбасаў ды малочных вырабаў, беларускія гандляры ўсё часьцей прапануюць расейцам гарэлку. Адно з наступстваў гэтага — тое, што гарэлка мясцовай вытворчасьці зьнікла шмат зь якіх віцебскіх крамаў.

У Смаленску на ходніках уздоўж Жаляпаўскага кірмашу штодня стаяць беларусы зь вялікімі торбамі, якія даводзіцца сьпешна згортваць і ўцякаць, калі воддаль зьяўляецца паліцэйскі патруль. У торбах, дарожных сумках і нават валізах — усё тое, што саматужныя «прадпрымальнікі» хочуць прадаць даражэй, набыўшы ў Беларусі па таньнейшых цэнах. Тут і аршанская тушонка, і глыбоцкая згушчонка, і мяса невядомага паходжаньня. А зь некаторых сумак вытыркаюцца шкляныя рыльцы з коркамі — гэта беларусы прывезьлі ў Расею гарэлку.

Гандлярка ахвотна распавядае, як набывала гарэлку на продаж:

«Па 15.290 — гэта гарадзенская, самая танная, прынамсі ў нас. Віцебскай гарэлкі кшталту „Жытніцы“ ўжо няма — усю „выпілі“, напэўна. Па 18 — гэта ўжо менская „Аквадзіў“. Вось гарадзенскую ня дужа любяць, а менская добрая, кажуць, гарэлка!»
Віцебскай гарэлкі кшталту „Жытніцы“ ўжо няма — усю „выпілі“, напэўна.

У Расеі лічаць, што беларуская гарэлка — больш якасная. Але найчасьцей яе купляюць зь іншай прычыны: яна таньнейшая.

Смаленскі гіпэрмаркет «Лінія» , да прыкладу, гандлюе гарэлкай самых розных гатункаў. Самая танная — па 107 рублёў. Калі пералічыць па курсе 230 беларускіх рублёў за адзін расейскі, то атрымаецца 24 тысячы 610 рублёў. Купляючы ў нас гарэлку па 15-16 тысяч ды прадаючы яе ў Смаленску за 90-100 расейскіх рублёў, можна зарабіць на кожнай бутэльцы 8-9 тысяч.

Гэтую нескладаную арытмэтыку добра засвоілі жыхары Віцебску, Воршы і Лёзна, якія возяць гарэлку на Смаленшчыну, а таксама насельнікі Гарадоцкага раёну, які мяжуе з Пскоўскай вобласьцю. Фармальна існуюць абмежаваньні на вываз сьпіртных напояў. Але, карыстаючся тым, што на беларуска-расейскай мяжы няма мытнага кантролю, можна вывезьці гарэлкі колькі заўгодна — толькі б не паадрываліся рукі, і не нарвацца б на патруль, які забярэ ўсё чыста.

Гандлярка: «Тут як пашанцуе. Калі ўдваіх едзем, дык адзін —10 бутэлек, і другі 10 бутэлек. Увогуле, бяры колькі хочаш! Ёсьць у звычайных бутэльках во, а ёсьць у сувэнірных — тут на 10 тысяч эканомія атрымліваецца!»

«Пасьпяховы гандаль гарэлкай выкліканы тым, што ў Беларусі вельмі падаражэлі прадукты, па якія расейцы ахвотна прыяжджалі ў беларускія крамы раней. Тое ж мяса так падаражэла, што кілбасны „турызм“ мае ўсе шанцы ператварыцца ў лікёра-гарэлачны», — піша смаленскі штотыднёвік «Горад».

Тым часам у Віцебску шмат у якіх крамах гарэлка мясцовай вытворчасьці, самая танная па цане — 15 тысяч 410 рублёў — проста зьнікла. Яе таксама вывозяць расейскія пакупнікі, гавораць у краме «Ласунак»:

«Так, вывезьлі дужа шмат. Шмат закуплялі гарэлкі, і ня толькі гарэлкі — розных алькагольных вырабаў. Ня ведаю, можа, наша па якасьці лепшае…»
Яны столькі кілбасы ды мяса зьвезьлі ад нас, што даўно пара запіць ужо нечым!

Пакупніца той самай крамы па зьніклай гарэлцы не бядуе:

«Яны столькі кілбасы ды мяса зьвезьлі ад нас, што даўно пара запіць ужо нечым! Гэтага не шкада: нагонім яшчэ, пілавіньня рознага ў нас шмат, і як пішуць „на чыстай крынічнай вадзе“, — то вунь яна, з гэтай лужыны! Зноў такі — таваразварот, папаўненьне ў бюджэт. Так што няхай п’юць на здароўе!»

Але масавы вываз беларускай гарэлкі можа выклікаць дужа прадказальную апошнім часам зьяву: мажліва, алькагольныя вырабы неўзабаве істотна падаражэюць. Маўляў, каб у замежжа не вывозілі нашае народнае багацьце. Гэта добра разумеюць і тыя, хто спрабуе пасьпець зарабіць на саматужным «імпарце» хоць нейкія грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG