Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каўбаса — вакзал — Расея


На працягу апошніх тыдняў замежная валюта (у тым ліку расейскі рубель) у Беларусі істотна патаньнела, а кошты на беларускія тавары, наадварот, вырасьлі. Ці паўплывала гэта на актыўнасьць жахароў памежных зь Беларусьсю расейскіх рэгіёнаў, якія на працягу ўсяго мінулага лета наладжвалі набегі на беларускія крамы, скупляючы ў вялікіх аб’ёмах тыя тавары, кошты на якія ў Расеі былі значна вышэйшымі?

Аўтамабіль з расейскімі нумарамі ля гомельскага супэрмаркету.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Расеец: «За тры бутэлькі вашых у нас можна купіць толькі адну»

Падзеньне рубля ў так званай саюзнай Расеі пакуль не спыніла наплыў расейскіх шоп-турыстаў у памежныя рэгіёны Гомельшчыны. Прынамсі, нават у будні жыхары суседніх Навазыбкава, Клінцоў, Краснай Гары прыяжджаюць у Гомель, каб купіць, найперш, харчы, радзей — прамысловыя тавары. Гэта пакуль выгадна.

Гаворыць спадар Аляксандар, жыхар Клінцоў, які прыехаў з жонкай і дзецьмі ў гіпэрмаркет «Лінія»:

«Адчувальна, бо калі сходзіш у нас на кірмаш, у Расеі, пакінеш тысячу рублёў і возьмеш маленькую сумачку. І калі прыедзеш да вас у „Лінію“ і памяняеш тую ж расейскую тысячу на вашы „зайчыкі“, возьмеш вазок і загрузіш у багажнік машыны, то гэта адразу адчувальна».

Расеец кажа, што прыяжджаў у Гомель нават тады, калі за расейскі рубель давалі 170, 200 й 300 беларускіх. Прыяжджае й цяпер, бо выгадна:
За тры бутэлькі вашых у нас можна купіць толькі адну.

«Выгадна ўсё адно: 240 беларускіх даюць на мяжы. Купім нават у банку — па 210. Усё адно памяняем і купім вашы малочныя прадукты, хлеб, сьпіртовыя напоі „бацькаўскія“ добрыя. За тры бутэлькі вашых у нас можна купіць толькі адну».

Спадарыня Людміла з Навазыбкава сьцьвярджае, што нейкага рэзкага абвалу свайго рубля расейцы яшчэ не адчулі:

«Ён скача туды-сюды: то менш, то больш. Але я б не сказала, што ў нас абвал. Проста ў вас таньней, мы прыяжджаем і бярэм. Усё адно выгадна, таньней нам. Якасныя прадукты, асабліва малочныя — яны смачнейшыя, чымсьці ў нас. Канечне, зараз крыху падраўняліся кошты. Але ўсё адно таньней — працэнтаў на трыццаць».

Падзеньне расейскага рубля азадачыла і многіх прадпрымальнікаў, якія стаялі нядаўна ў чэргах ля абменьнікаў, каб набыць хоць якую валюту, у тым ліку й расейскія рублі.

Гомельскі прадпрымальнік і грамадзкі актывіст Уладзімер Няпомняшчых: «Калі не было ніякай валюты, я стаяў у чарзе й вымушаны быў купляць расейскія рублі. Купляў у абменьніку на вакзале, там здавалі ў асноўным расейцы. У мяне не было выбару. Калі б быў выбар, я браў бы даляры альбо ў крайнім выпадку эўра».

Прадпрымальнік кажа, што зараз на раздарожжы: калі мяняць расейскія рублі на даляры, багата страціш:

«Зараз я на раздарожжы, але мяняць на даляры „расею“ ня буду, бо пацярплю вялікія страты. Ну, і многія „праляцелі“, асабліва тыя, хто ня езьдзіць у Расею, а езьдзіць ва Ўкраіну альбо ў Польшчу».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Колькасьць прыежджых з Расеі па беларускія харчы не зьмяншаецца

У памежных раёнах Магілёўшчыны ўвялі абмежаваньні на набыцьцё харчоў. Расейцаў гэта не спыняе.

У Мсьціславе, дзе раней у чарзе па харчы здарылася бойка між мясцовай жыхаркай і прыежджай расейкай, сытуацыя не мяняецца. Расейцаў меней не становіцца, зазначае жыхарка райцэнтру:

«Каб нешта купіць, трэба яшчэ ў абед займаць чаргу ў камэрцыйныя шапікі, каб увечары чагосьці купіць. Цяпер розныя прадукты адпускаюць па адным кіляграме ў адны рукі. Аднак расейцы дамаўляюцца з гэтымі камэрсантамі, і тыя іх атаварваюць яшчэ да прыезду ў краму. Цяпер расейцам ня трэба біцца з намі ў краме.
Расейцы дамаўляюцца з гэтымі камэрсантамі, і тыя іх атаварваюць яшчэ да прыезду ў краму.

А што ў іншых памежных райцэнтрах? У Касьцюковічах, напрыклад? Як прыяжджалі, так і прыяжджаюць, кажа мясцовы жыхар. А чаго скупляюць найбольш?

«У першую чаргу — мясныя прадукты. Пра канфлікты я ня чуў, але прадуктаў паменела. Масла шукаем, курэй таксама. Учора я нават цукар шукаў. Я размаўляў з прадаўцом, дык ён мне казаў, што калі нам малочныя прадукты завозяць па некалькі пачак, напрыклад, масла, дык тут ужо хто схопіць, той схопіць».

У Краснапольлі расейцы ў крамы наведваюцца з калькулятарамі. Скупляюць усё — ад сувэніраў да кітайскага шырспажыву, заяўляе жыхар райцэнтру:

«Як было іх многа, так і засталося. Каўбасу і ўсё скрозь бралі. З калькулятарам заходзіць — зьбіў, супаставіў. Адзежу бралі. Лівэрнай каўбасы й сабачага корму няма нават у Магілёве. Ня тое што па раёнах. Відаць, таксама на Расею завезьлі. Напэўна, усё скупяць».

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG