Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Што стаіць за беларуска-польскім дыпляматычным канфліктам?"


Амбасадар Польшчы абверг заявы беларускай тэлевізіі наконт дрэннага стаўленьня да польскіх беларусаў. Чаму ўзьнік гэты канфлікт? Якую ролю тут адыгрывае торг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам? Чаму рыторыка беларускага боку супярэчыць рэальным крокам?


Удзельнікі: дырэктар па дасьледаваньнях грамадзкага аб’яднаньня "Лібэральны клюб" Яўген Прэйгерман зь Менску і экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы.

Валер Карбалевіч
Яўген Прэйгерман
Войцех Бародзіч-Смаліньскі

Чаму ўзьнік гэты канфлікт?


Валер Карбалевіч: "На першым канале беларускага тэлебачаньня ў нядзелю быў паказаны сюжэт, у якім гаварылася, што польскія ўлады выганяюць зь Беластоку Беларускі культурны цэнтар. У адказ амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка правёў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю і абверг гэтыя абвінавачаньні. Апошні раз, здаецца, Беларускае тэлебачаньне абвінавачвала Польшчу ў падтрымцы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі яшчэ ў студзені (фільм "Жалезам па шкле"). Што стаіць за цяперашнім канфліктам?".

Яўген Прэйгерман: "Трэба зьвярнуць увагу ня толькі на макрафактары, на якія мы звычайна глядзім. Пасьля 19 сьнежня канфлікт шмат у чым перайшоў на пэрсанальны ўзровень. Гаворка ідзе пра дачыненьні паміж Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Польшчы Сікорскім. Здаецца, што перад выбарамі паміж імі былі вельмі сур’ёзныя дамоўленасьці. Але яны былі брутальна парушаныя, Сікорскі атрымаў аплявуху. Нібыта агучваньне польскім міністрам інфармацыі пра перамовы ў Менску зь міністрам замежных спраў Баўгарыі і ёсьць праява гэтага асабістага канфлікту.

Акрамя пэрсанальнага чыньніку, Менск ставіць задачу выкінуць Польшчу з ролі галоўнага актора ЭЗ адносна Беларусі. Прычым актора, які адыгрывае, з гледзішча Менску, нэгатыўную ролю. Нагадаю, што Польшча цяпер старшынюе ў ЭЗ, хутка ў Варшаве будзе саміт праграмы ЭЗ "Усходняе партнэрства".

Войцех Бародзіч-Смалінскі: "Ня думаю, што цяперашні беларуска-польскі канфлікт будзе гучны і будзе мець нейкі ўплыў. Гэтая перадача БТ мела на мэце адцягнуць увагу беларусаў ад эканамічных праблемаў.

Іншы момант. Пасьля таго як інфармацыя пра перамовы паміж Лукашэнкам і баўгарскім міністрам Младэнавым была агучаная, беларускаму лідэру трэба паказаць сябе моцным, паказаць, што ён ня будзе схіляцца пад ціскам Захаду. Галоўная праблема яго ў тым, як вызваліць палітвязьняў і адначасова не паказаць сваю слабасьць. Ня думаю, што гэта працяг асабістага канфлікту. Проста цяпер кіраўніцтву Беларусі пільна патрэбныя грошы. А дапамагчы можа ЭЗ і МВФ".

Торг паміж Беларусьсю і Эўразьвязам


Карбалевіч: "У перадачы БТ міністар замежных спраў Польшчы быў абвінавачаны ў тым, што давёў да мэдыяў дакумэнт пра сакрэтныя перамовы Лукашэнкі зь міністрам замежных спраў Баўгарыі Младэнавым. Абодва мае суразмоўцы зьвярнулі на гэта ўвагу. Калі такі факт і сапраўды меў месца, то чаму такая нэрвовая рэакцыя на гэта з боку Менску? На першы погляд, такая інфармацыя нават выгадная кіраўніцтву Беларусі. Па-першае, гэта ціск на Маскву. Маўляў глядзіце, калі вы будзеце дрэнна сябе паводзіць, то мы сыдзем на Захад. Па-другое, гэта дэманстрацыя беларускаму грамадзтву, што, насуперак катэгарычным заявам эўрапейскіх палітыкаў, перамовы ідуць, няма ніякай міжнароднай ізаляцыі, пра якую кажа апазыцыя. І тым ня менш — такая рэзкая рэакцыя. Чаму?".

Прэйгерман: "Сапраўды, з аднаго боку, Менск зацікаўлены ў абнародаваньні гэтай інфармацыі дзеля торгу з Расеяй. Але, думаю, Масква валодала гэтай інфармацыяй і бяз вонкавай дапамогі.

Для Лукашэнкі ўсё ж непрыемна, калі ён толькі пачаў перамовы, паабяцаў непрыемныя для сябе рэчы, і гэта стала ўсім вядома. Тым больш непрыемна, што гэта агучыў Сікорскі. Як аднойчы пасьля выбараў Лукашэнка сказаў пра польскага міністра, што ён "вякае".

Бародзіч-Смалінскі: "Таемныя дыпляматычныя перамовы — гэта нармальная рэч. Калі інфармацыя з дыпляматычнай кухні выходзіць на паверхню, то гэта заўсёды непрыемна. Тым больш непрыемна, што Лукашэнка просіць грошы ў Захаду. Таму што беларусы прызвычаіліся, што грошы Беларусь атрымлівае з Расеі. І тое, што прэзыдэнт просіць грошы ў Захаду, азначае, што сытуацыя ў эканоміцы вельмі дрэнная. Станоўчы вобраз Лукашэнкі ў вачах Беларусі і так дрэнны з пачаткам крызісу. А абнародаваньне гэтай інфармацыі можа яшчэ больш яго разбурыць.

Чаму рыторыка беларускага боку супярэчыць рэальным крокам?


Карбалевіч: "Рыторыка і справы вельмі моцна адрозьніваюцца. Лукашэнка кажа — мы не вядзем ніякага торгу з ЭЗ. А насамрэч большасьць палітвязьняў адпушчана. Прэзыдэнт кажа, што МВФ не дае крэдытаў, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні, абураны гэтым, кажа: маўляў, ну і ня трэба. А дэлегацыя Беларусі зьбіраецца ў ЗША на перамовы з МВФ аб крэдыце. Чаму такі разрыў паміж рыторыкай і справамі?".

Прэйгерман: "Па-першае, гэта традыцыйны стыль Лукашэнкі. Калі ён кажа, што ёсьць "А", а "Б" ніколі ня будзе, а потым мы бачым, што менавіта "Б" і рэалізоўваецца.

Цяпер Лукашэнку трэба, каб ЭЗ паспрыяў атрымаць крэдыт ад МВФ. Ён хоча паўтарыць падзеі 2008—2010 гадоў. Акрамя таго, як ужо гаварылася, ён ня хоча выглядаць слабым, прычым ня толькі ў вачах грамадзтва, але і эліты".

Бародзіч-Смалінскі: "Заўсёды Лукашэнка рабіў заявы для ўнутранага і вонкавага карыстаньня. І яны моцна адрозьніваліся. Падаецца, што цяпер уся рыторыка арыентаваная на беларускае грамадзтва. А рэальная палітыка ладзіцца на ўзроўні закулісных дыпляматычных перамоваў. Гэта сытуацыя нармальнай палітыкі".

Ці не перагуляе Лукашэнка зноў усіх?


Карбалевіч: "Можа, і гэтым разам Лукашэнка ўсіх перагуляе, перахітрыць. Яго звычайная тактыка: абяцаць шмат, выконваць толькі частку, а ў адказ атрымліваць паўнавартасныя дывідэнды. Вось з абнародаванага ліста Младэнава вынікае, што Лукашэнка паабяцаў вызваліць усіх палітвязьняў, правесьці круглы стол з апазыцыяй, нават пачаць дэмакратызацыю Беларусі. Штосьці выканаў, большасьць палітвязьняў вызвалена, але галоўныя фігуранты застаюцца за кратамі. Круглы стол абвясьціў, а потым адкруціў назад, сказаў, што ня меў на ўвазе апазыцыю. У ЗША едзе дэлегацыя абмяркоўваць з МВФ крэдыт, а пераход на адзіны курс ня зроблены. А гэта было абяцана і МВФ, і Расеі".

Прэйгерман: "Ужо столькі разоў атрымлівалася, што я баюся казаць — маўляў, гэтым разам не атрымаецца. Хоць гэтым разам сытуацыя для яго больш сур’ёзная. Не выключаю, што Лукашэнка зможа атрымаць крэдыт МВФ і працягнуць пэўны час цяперашнюю палітыку. Зразумела, што прэзыдэнт выконвае свае абяцаньні толькі часткова. Бо калі б ён выконваў поўнасьцю ўсе патрабаваньні Захаду, то даўно б страціў уладу.

Наконт вызваленьня кандыдатаў у прэзыдэнты, якія знаходзяцца за кратамі. Верагодна, улады тут ня шмат прайграюць. Бо пасьля іх вызваленьня могуць пачацца разборкі ўнутры апазыцыі. Але Лукашэнка баіцца, бо ня ведае сапраўдных настрояў грамадзтва. Дарэчы, гэтага ня ведае ніхто".

Бародзіч-Смалінскі: "Думаю, Лукашэнку ўдасца ўсіх перагуляць. Ён атрымае крэдыт МВФ, бо зможа выканаць эканамічныя ўмовы МВФ. Эўрапейскія палітыкі не бяруць пад увагу тое, што Лукашэнка — сапраўдны майстар гульні на два бакі. І да канца году сытуацыя ў Беларусі можа стабілізавацца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG