Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі будзе абменных курсаў беларускага рубля?


З наступнага тыдня пачнуцца таргі на дадатковай сэсіі валютнай біржы. Як гэта паўплывае на валютны рынак? Чаму растуць цэны? Калі можна выйсьці на адзіны абмены курс рубля?

Удзельнікі: былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч і прафэсар Барыс Жаліба.

Станіслаў Багданкевіч
Барыс Жаліба
Валер Карбалевіч

Чаму растуць цэны?


Валер Карбалевіч: «Галоўныя навіны на эканамічным фронце зьвязаныя з ростам цэнаў. Інфляцыя ў жніўні склала 9%, а з пачатку году — 53,6%. Ужо абвешчана, што цукар падаражэе на 20%, лекі — на 15%, растуць цэны на транспарт. Здавалася б, інфляцыйная хваля, выкліканая травеньскай дэвальвацыяй, павінна была спасьці, а яна, наадварот, толькі расьце. Хутка месячная інфляцыя будзе вымярацца двухзначнымі лічбамі, як на пачатку 1990-х гадоў. Чаму так?».

Станіслаў Багданкевіч: «Прычына ў некампэтэнтнасьці кіроўных кадраў. Тое, што існуюць аб’ектыўныя эканамічныя законы, Лукашэнка зразумеў толькі ў канцы жніўня. Нельга так шмат друкаваць пустых грошай.
Тое, што існуюць аб’ектыўныя эканамічныя законы, Лукашэнка зразумеў толькі ў канцы жніўня.
Колькасьць наяўных грошай з пачатку году вырасла на 157%. Запазычанасьць эканомікі перад банкамі вырасла з 70 да 131 трыльёна рублёў. У выніку разбураны цывілізаваны рынак. У нас імпартаёмістая эканоміка. І вось цэны на імпарт у параўнаньні зь мінулым годам павялічыліся ў 2–3 разы».

Барыс Жаліба: «Сапраўды, у эканоміку ўкінута шмат пустых грошай. Праўда, улады кажуць пра скарачэньне дзяржпраграм. Але гэтага мала. Цяпер улады ажыцьцяўляюць памылковую палітыку выроўніваньня цэнаў з Расеяй. Бо з ростам цэнаў будзе адбывацца інфляцыя і дэвальвацыя беларускага рубля.

Напрыклад, якасная ялавічына каштуе каля 100 тыс. рублёў. Калі палічыць курс рубля да даляра ў 10 тыс. (дзеля акругленьня), то цана 10 даляраў застаецца такой жа, як і на пачатку году, калі курс быў 3100 рублёў за даляр».

Што будзе з валютным рынкам?


Карбалевіч: «Як паўплываюць на валютны рынак таргі на дадатковай сэсіі валютнай біржы? Ці ўпадзе абменны курс даляра ў параўнаньні зь цяперашнім курсам „чорнага рынку“?

Колькі будзе абменных курсаў рубля пасьля ўвядзеньня дадатковай сэсіі валютнай біржы? Два ці больш? Ці зьнікне „чорны рынак“ наяўнай валюты?».

Багданкевіч: «Невядома, што зьбіраюцца рабіць улады. Патрэбны прафэсіяналізм і палітычная воля. Ёсьць магчымасьць першапачаткова зьвесьці сытуацыю да двух абменных курсаў: на асноўнай і дадатковай сэсіі біржы. Потым цягам 1,5–2 месяцаў іх можна зблізіць.

Калі б была магчымасьць свабодна купіць валюту на дадатковай сэсіі і ў абменьніках, то „чорнага рынку“ магло б і ня быць. Але, я думаю, наўрад ці мы абмяжуемся двума абменнымі курсамі. Магчыма, будзе яшчэ курс чорнага рынку з-за таго, што валюта ў абменьніках будзе прадавацца па пашпарце».

Жаліба: «Усё залежыць ад дзеяньняў Нацбанку. Ці будзе штучна абмяжоўвацца попыт на дадатковай сэсіі біржы? Ці будзе Нацбанк рабіць інтэрвэнцыі там? У яго няма вялікіх рэзэрваў. Калі ня будзе абмежаваньня попыту і інтэрвэнцый, то курс будзе такі, як цяпер на „чорным рынку“. Думаю, паказальнай для вызначэньня курсу будзе ня першая сэсія, а наступныя».

Калі можна выйсьці на адзіны абменны курс рубля?


Карбалевіч: «Калі ўлады змогуць забясьпечыць выхад на адзіны абменны курс? І што для гэтага трэба?».

Багданкевіч: «Уся праблема ў тым, які будзе гэты адзіны курс. Я не чакаю вялікага ажыятажу, бо ў насельніцтва мала грошай. Адзіны курс можа быць у памеры 8 тыс. рублёў за даляр.
Улады баяцца ўвядзеньня свабоднага курсу, бо ён можа „стрэліць“ да 10–12 тыс. рублёў за даляр.

Для нармалізацыі становішча патрэбны комплекс іншых захадаў. Трэба скарачаць бюджэтныя выдаткі за кошт скарачэньня дзяржапарату. За кошт гэтага, а не за кошт эмісіі можна рабіць выплаты бюджэтнікам, павышэньне пэнсій».

Жаліба: «Наўрад ці за два месяцы выйдуць улады на адзіны абменны курс. Бо для гэтага трэба ня толькі палітычная воля, але і золатавалютныя рэзэрвы. Сёньня такіх рэзэрваў, каб рабіць інтэрвэнцыю, няма».

Карбалевіч: «Калі ўвесьці свабодны рынкавы абменны курс, то непатрэбныя ні інтэрвэнцыі, ні рэзэрвы вялікія».

Жаліба: «Улады баяцца ўвядзеньня свабоднага курсу, бо ён можа „стрэліць“ да 10–12 тыс. рублёў за даляр. А гэта чарговы абвал, рост цэнаў і інш.».

Багданкевіч: «Трэба „зьвязаць“ грашовую масу продажам дзяржмаёмасьці за рублі, увядзеньнем сапраўднага фондавага рынку. А вонкавыя крэдыты ідуць на праяданьне. Патрэбныя новыя сьвежыя твары ва ўладзе».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG