Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Анімаёўцы-2011” два мульцікі па-беларуску. Летась былі чатыры


На XIV міжнародным фэстывалі анімацыйных фільмаў “Анімамаёўка-2011”, які 10 верасьня адкрыўся ў Магілёве, пакажуць дзьве мультыплікацыйныя стужкі па-беларуску. Яны зьнятыя на кінастудыі Беларусьфільм. Усяго ж беларуская кінастудыя прэзэнтуе на сёлетнім фэстывалі 9 сваіх мультфільмаў. Яшчэ дзьве стужкі прадстаўленыя асобна беларускімі аніматарамі.

Па беларуску гледачы пабачаць мультфільмы “Аповесьць мінулых гадоў” і “Як Несьцерка небыліцы расказваў”.

Летась на “Анімаёўцы” паказалі чатыры беларускамоўныя мульцікі. За ўсю гісторыю фэстывалю гэта была рэкордная колькасьць стужак на нацыянальнай мове беларусаў. У 2009 годзе мультфільмаў па беларуску было тры.

“У нас краіна двухмоўная. Я не зьбіраюся ціснуць на рэжысэраў, каб яны рабілі толькі па-беларуску. Тут справа добраахвотная. З іншага боку мы ўлічваем, што калі экранізуецца фільм на аснове беларускага фальклёру, то канечне ня правільна выкарыстоўваць расейскую мову. Сёлета насамрэч атрымалася меней карцінаў на беларускай мове, чым летась. На лета ж, калі нам удасца завяршыць сэрыял “Несьцерка”, то я думаю, мы “раздавім” усіх беларускай мовай. Там 52 хвіліны. Але ж гэта будзе толькі ў будучым годзе”, – заявіў дырэктар студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільму” Сяргей Сычоў адказаў.

На пляцоўцы перад кінатэатрам “Радзіма” выстаўлены мультымэдыйны праектар, на якім дэманструюцца мульцікі фэстывалю.

Сёлета на фэстывалі прадставяць свае мультфільмы 50 студыяў з 20 краінаў. Гледачы пабачаць 111 прэм’ераў.

Мульцікі разьлічаныя як для дзяцей так і для дарослых. Завершыцца “Анімаёўка” 15 верасьня. Старшынюе ў журы фэстывалю мультыплікатар з Польшчы Марэк Хадачыньскі.

Заснавальнікамі фэстывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі і магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. Інфармацыйныя матэрыялы фэстывалю вырабленыя на расейскай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG