Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія чыноўнікі не падумалі? Ці не хацелі думаць?


Сёньня Міністэрства юстыцыі Літвы паведаміла, што перадало беларускім уладам інфармацыю пра банкаўскія рахункі ў Літве 400 грамадзян Беларусі. Сваё стаўленьне да гэтага ў размове зь беларускай "Свабодай" выказваюць некаторыя літоўскія палітолягі і палітыкі.

Выкладчык унівэрсытэту ў Вільні, палітоляг Томас Янялюнас лічыць, што дзеяньні некаторых супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі яго краіны, найхутчэй, трэба разглядаць як хібу чыноўнікаў сярэдняга зьвяна. Яны павінны былі зьвярнуць увагу на матывы, дзеля якіх гэту інфармацыю патрабавалі беларускія ўлады, кажа палітоляг:

Яны павінны былі думаць пра тое, што стаіць за гэтымі запытамі ...

"Ці гэта звычайная працэдура, калі ідзе справа пра адмываньне грошай, ці гэта палітычныя матывы? Яны павінны былі думаць пра тое, што стаіць за гэтымі запытамі. Я думаю, гэты скандал паўплывае на некаторыя кар'еры чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі".

Спадар Янялюнас прагназуе, што рашэньне Міністэрства юстыцыі атрымае ў Літве шырокі розгалас:

"Я думаю, што на гэты скандал, які як бы раптоўна ўсплыў сёньня, ужо зьвярнулі ўвагу самыя высокія літоўскія палітыкі. І ў палітычнай сфэры можна чакаць даволі маштабнай рэакцыі на тое, што адбылося".

Сябра Камітэту міжнародных і эўрапейскіх спраў у літоўскім парлямэнце Эгідыюс Варэйкіс сказаў "Свабодзе", што да азнаямленьня з дакумэнтамі мусіць устрымацца ад камэнтароў:
гэта факт, варты жалю ...


"Калі гэта сапраўдны факт, то гэта факт, варты жалю. Я не знаходжуся сёньня ў Вільні. Таму мне патрэбна сабраць інфармацыю".

Пра бюракратычную сыстэму кажа і літоўскі палітоляг Лаўрус Бялініс. Аднак ён лічыць, што ў пэўнай ступені адказнасьць за дадзеную акцыю павінны ўзяць на сябе, разам з чыноўнікамі, і некаторыя кіраўнікі краіны:

З аднаго боку, мы прадстаўляем Эўразьвяз зь ягонымі пазыцыямі. З другога боку, фліртуем з рэжымам ...

"Мы павінны таксама разумець, што і літоўская палітычная эліта цяпер асаблівым чынам глядзіць на Беларусь і на рэжым у ёй. З аднаго боку, мы прадстаўляем Эўразьвяз зь ягонымі пазыцыямі. З другога боку, фліртуем з рэжымам. І, найхутчэй, гэта і стала штуршком да таго, каб не зьвяртаць увагі на тое, хто такія гэтыя людзі, пра якіх запытвае афіцыйны Менск. І таму мы маем сёньня такі вынік".

Арунас Моліс, яшчэ адзін літоўскі палітоляг, лічыць, што ягоная краіна ня мела намеру ў гэтай сытуацыі нашкодзіць беларускай дэмакратычнай супольнасьці. "Гэта ўсё ж памылкі чыноўнікаў", — кажа ён.

Палітоляг кажа, што названыя сьпісы можна было б зрабіць і публічнымі:

"Калі б гэтыя арганізацыі альбо гэтыя людзі са сьпісу не былі супраць, то можна гэта і зрабіць. Я тут нейкага крыміналу ня бачу. Але толькі пры ўмове, калі яшчэ больш не пашкодзіць тым самым арганізацыям і тым самым людзям".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG