Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад маўклівай серадой


Бальшыню асуджаных удзельнікаў маўклівай акцыі 3 ліпеня арыштавалі на тэрміны ад 5 да 15 сутак. Нягледзячы на процідзеяньне з боку ўладаў, прадстаўнікі суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» заяўляюць аб працягу пратэсту.

Праваабаронцы меркавалі, што суды над затрыманымі, якіх не асудзілі ўчора «ў першай хвалі», пройдуць 5 ліпеня ці будуць перанесеныя на невядомы тэрмін. Сёньня праваабаронцы дзяжурылі ва ўсіх судах Менску, аднак на 15 гадзіну працэсаў над удзельнікамі акцыі не было. У судах такой інфармацыі не даюць. У турме на Акрэсьціна так адказалі на пытаньне, ці судзілі сёньня затрыманых 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы альбо ці адбыліся суды над усімі:

«У мяне такой інфармацыі няма. Я ня ведаю, ці хто вам яе дасьць. Калі вас цікавяць нейкія канкрэтныя асобы, я вам удакладню інфармацыю».

Па дзесяці прозьвішчах, якія я назваў праз тэлефон, у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна адказалі, што яны знаходзяцца ў іх і атрымалі ад 5 да 12 сутак арышту.

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі адзначае, што гэтыя дні даволі складаныя для праваабаронцаў.
Міліцыя хавае інфармацыю, вельмі цяжка даведацца, дзе хто знаходзіцца.

«Міліцыя хавае інфармацыю, вельмі цяжка даведацца, дзе хто знаходзіцца. Такая ж неразьбярыха на судах. Не папярэджваюць сваякоў, невядома, дзе якія працэсы, каго куды цягнуць. Гэта выклікае неразьбярыху, і нам даводзіцца тут прыкладаць намаганьні».

Спадар Бяляцкі адзначыў, што прысуды ўдзельнікам маўклівай акцыі 3 ліпеня — жорсткія і адрозьніваюцца ад папярэдніх.

«Гэта зьвязана з 3 ліпеня, што Лукашэнка гэтае сьвята прыдумаў як Дзень незалежнасьці. Ён гэта расцэньвае як сваё сьвята, таму такое ўказаньне на больш жорсткія меры адносна ўдзельнікаў мірнай акцыі. Такія меры былі санкцыянаваныя на самым версе».

Паводле праваабаронцы Алены Танкачовай, улады дэманструюць намер спыніць маўклівыя акцыі і можна чакаць больш жорсткіх захадаў:

«З пункту гледжаньня абароны правоў чалавека відавочна, што мы маем справу з надзвычай грубымі і масавымі парушэньнямі права на свабоду думкі і свабоду яе выказваньня, на свабоду асацыяцый і сходаў».

Адзін з каардынатараў суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў паведаміў:
Калі сёньня забараняюць проста на вуліцы знаходзіцца, то заўтра ім забароняць дыхаць.

«Улады твораць бязьмежжа. Калі сёньня забараняюць проста на вуліцы знаходзіцца, то заўтра ім забароняць дыхаць. Таму мы зараз шукаем новыя мэтады, каб засьцерагчы людзей ад небясьпекі, каб зьбірацца не ў адным месцы, а ў розных. У рэгіёнах акцыя будзе на галоўнай плошчы, але мы параілі ня пляскаць адразу, а проста там знаходзіцца. У Менску людзі будуць зьбірацца каля дамоў, пад’ездаў, а потым ісьці да ЖЭСаў і да больш буйных кропак».

Вячаслаў Дзіянаў паведаміў, што доступ да суполкі ў сеціве аднавіўся. Аднак выдаленыя каля 200 тысяч удзельнікаў. Ніякіх тлумачэньняў ад адміністратараў «Вконтакте» дагэтуль няма.

Тым часам, паводле Дзіянава, зьявілася небясьпека, што ўлады хочуць скрасьці грошы, якія зьбіраюцца на дапамогу пацярпелым, аплату штрафаў. Ён заявіў, што вэб-кашалькі былі атакаваныя.

«Спрабуюць нам іх заблякаваць. Мы зараз зробім новыя кашалькі і заўтра апублікуем. Карыстальнікі шлюць паведамленьні на наш кашалёк, каб яго заблякавалі. Адмыслова спам заліваюць, і зразумела, што гэта робяць улады».

Паводле Вячаслава Дзіянава, на дапамогу пацярпелым ужо перадалі 7 мільёнаў рублёў, а неўзабаве перададуць каля 15 мільёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG