Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Крыўдна і балюча, асабліва 22-га чэрвеня"


Парад у Берасьцейскай крэпасьці 22 чэрвеня 2011

22 чэрвеня 1941 году вайсковыя злучэньні вэрмахту парушылі мяжу Савецкага Саюзу, пачаўшы новы этап II усясьветнай вайны. Вядомыя людзі ў розныя часы дзяліліся на Свабодзе сваімі меркаваньнямі пра ваенныя часы ў Беларусі.






Васіль Быкаў: 22 чэрвеня мы задавольваемся старэчай эйфарыяй ад даўняй перамогі, якая на справе ёсьць перамога ня нашая



З інтэрвію Васіля Быкава Беларускай службе Радыё Свабода 22 чэрвеня 2002 году:

"22 чэрвеня – невясёлая дата, чорная лічба календара. Для ўсяго чалавецтва, але для нас асабліва. Трохі нават дзіўна – столькі год, а ўсё помніцца. Найбольш, аднак, тымі, хто стаўся ахвярай – нашымі народамі, што на ўсход ад Нямеччыны. Немцы, як я зразумеў, хацелі б гэтую дату як мага хутчэй забыць. І гэта іх права, бо яны пацярпелі паразу. Параза, як вядома, малапрыемная рэч. Але гісторыя парадаксальная па сваёй сутнасьці. І так сталася ў часе, што пераможцы і пераможаныя нібы памяняліся ролямі. Яны – бы пераможцы, а мы – сапраўды пераможаныя, бо бедныя і зьняважаныя. Чаму так? Але гэта пытаньне для нас. Немцы на яго даўно адказалі. А мы не навучаныя разважаць гэткім чынам, мы задавольваемся старэчай эйфарыяй ад даўняй перамогі, якая на справе ёсьць перамога ня нашая. А чыя – во гэта таксама пытаньне, на якое наша грамадзкая думка дагэтуль ня мае выразнага адказу. Можа баімося? Ці гэткія дурні, што не разумеем? Ці нам не даюць зразумець... Але ж зразумець – ужо палова шляху да ісьціны. Відаць, другую палову суджана прайсьці ня нам. І тое крыўдна і балюча, асабліва 22-га чэрвеня".


Беларуская партызанская вайна — якая яна была?

Былы начальнік штабу партызанскага атраду 2-й Заслонаўскай брыгады, доктар філязофскіх навук Мікалай Крукоўскі:

“Думаю, калі б акупацыйны рэжым быў больш лагодным, то партызанскі рух быў бы слабейшым, напэўна ж. Мне даводзілася сустракацца зь немцамі. У нашай вёсцы яны стаялі. Нямецкія салдаты сярэдняга ўзросту былі, па сутнасьці, нармальнымі людзьмі, ставіліся да мірных жыхароў па-чалавечы. А вось у дзеяньнях маладых немцаў адчувалася выхаваньне іхнага “камсамолу”. А ў спэцслужбах служылі шалёныя, страшныя вайскоўцы. І ўласаўцы паводзілі сябе горш, чым нямецкія, асабліва, франтавыя салдаты. Гэтая вайна з боку беларусаў была, з аднаго боку, нацыянальна-вызвольная, а зь іншага боку, грамадзянская вайна”.

Вайна на тры франты: яе героі і ахвяры

Пісьменьнік-франтавік Валянцін Тарас:

"Тое падпольле, якое ўтварылася напачатку вайны ў Менску і да якога я меў ускоснае дачыненьне (распаўсюджваў падпольную газэту “Звязда”), тое падпольле не было арганізаванае чэкістамі, яно было стыхійнае. Там былі людзі з розных краінаў і розных нацыянальнасьцяў. Скажам, той жа Ісай Казінец, ён апынуўся ў Беларусі ў камандзіроўцы. Там было вельмі шмат беспартыйных, вось гэта я ведаю добра. І таму тое падпольле савецкай уладай было абвешчана варожым. І атрад Ваўпшасава меў заданьне зьнішчаць ня толькі немцаў, але і кіраўнікоў таго антынямецкага падпольля. Яно прычакала рэабілітацыі толькі ў 1957 годзе. Але, паўтаруся, пра гэта ўсё я тады ня ведаў. Я хадзіў у школу, арганізаваную Беларускай Народнай Самапомаччу, але потым разам зь сябрамі хацеў яе спаліць, як акупанцкую! І беларускія газэты, якія тады выходзілі ў Менску, намі ацэньваліся адназначна як акупанцкія”.


Аўтар дакумэнтальна-біяграфічнай кнігі "Менская зямля", прысьвечанай акупаванаму Менску і паваеннаму ліхалецьцю, Алесь Клышка:

"Трэба памятаць: 2/3 гараджанаў засталіся ў нямецкай акупацыі. Проста фізычна людзі не пасьпелі выйсьці з гэтага менскага катла. Дый увогуле партыйнае кіраўніцтва на той час не зрабіла ніякіх высілкаў, намаганьняў, каб людзей найхутчэй вывесьці зь Менску. Першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Панцеляймон Панамарэнка ў гутарцы са Сталіным (і гэта дакумэнтальна пацьверджаныя дадзеныя) у адказ на пытаньне, ці пасьпелі ўсе менчукі выйсьці з гораду, адказаў: так, усе пасьпелі, засталіся толькі здраднікі і тыя, хто хацеў сустрэць хлебам-сольлю немцаў. І калі бацька яшчэ здолеў прарвацца і ўсю вайну правёў на фронце, то маці, якая тады працавала адказнай рэдактаркай Беларускага радыё, з трыма маленькімі дзецьмі вымушаная была застацца тут. Таму выглядае, што і мая маці, як акрэсьліў Панамарэнка, таксама трапіла ў гэтае кола "здраднікаў".


Маёр артылерыі ў адстаўцы Ільля Копыл, аўтар біяграфічнай кнігі "Нябышына. Вайна. Акупацыя вачыма падлетка".

"Прыкладам, у пэрыяд з 1 верасьня 1939 году і да 22 чэрвеня 1941-га ў заходняй частцы рэспублікі праводзіліся масавыя рэпрэсіі. І толькі пачатак вайны гэтым рэпрэсіям паклаў канец. Хоць, паказальна, эшалёны з апошнімі рэпрэсаванымі пасьпелі накіраваць у Сыбір яшчэ нават 22 чэрвеня! Таму такі стан рэчаў цалкам вытлумачальны — людзі ня моцна былі схільныя дапамагаць бальшавіцкай уладзе. Я гляджу па сваёй вёсцы: у 1941 годзе і ўвесь 1942-гі ніводзін чалавек у нас не пайшоў у партызаны. Усе працавалі на зямлі. А ў лясы былі вымушаныя падацца, калі прамаскоўскія партызаны зьявіліся на тэрыторыі нашага Бягомльскага раёну. Увогуле ўнутранае супрацьстаяньне было такое: партызаны і мірнае насельніцтва, а таксама партызаны чырвоныя і польскія — Армія Людова, Армія Краёва. Гэтае супрацьстаяньне было рэальнасьцю: рэгулярна здараліся сутычкі паміж партызанамі прамаскоўскімі і, так бы мовіць, партызанамі прапольскімі".

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG