Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнка ж абяцаў, што кіляграм бульбы будзе каштаваць даляр. Вось і дажылі…"


У Беларусі — разгар сэзону маладой бульбы, раньніх агуркоў, сьвежых трускалак і іншай садавіны ды гародніны. У мінулыя гады ў гэту пару цэны на рынках істотна зьніжаліся. Сёлета ж, наадварот, раньняя садавіна і гародніна недаступныя для большасьці спажыўцоў. Пра гэта заяўляюць наведнікі рынкаў у рэгіёнах краіны.

Пра настроі людзей і ўзровень цэнаў даведваліся ў панядзелак карэспандэнты "Свабоды".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Кошты на гародніну ня ўсім па кішэні

У гомельскіх крамах традыцыйныя для Беларусі капуста, бульба, гуркі, памідоры сталі каштаваць адпаведна ад 5 да 12 тысяч рублёў за кіляграм.

Пэнсіянэрка абураецца цаною на сталовыя буракі:

"Хіба можна, каб бурак каштаваў 14 тысяч? Хто гэта робіць такое?".

"Залатыя" буракі

Не адстаюць ад рынкавых цэны ў крамах: цыбуля тут каштуе больш за 6 тысяч рублёў. Амаль столькі ж і капуста.

А цэны на першыя трускалкі дасягалі на рынку 30 тысяч, цяпер — 13—20 тысяч за кіляграм. Рэдка хто скідае цэны да 10 тысяч.

Цэны на гародніну зашкальваюць

Спадар Пётар — пэнсіянэр. Ён лічыць, што такія цэны на гародніну робяцца не па кішэні:

"Хіба па нашай пэнсіі такія цэны?! У нас пэнсія самая нізкая ў Эўропе. Цяпер практычна панізілася пэнсія мая на 50 працэнтаў. Першы, хто заікнуўся, што ў нас нізкія цэны на прадукты, — гэта прэзыдэнт наш. Ён сказаў, што ў Эўропе — там па паўтара даляра бульба, а ў нас яна была па 400—600 рублёў".

Кабета ў гадах лічыць, што цэны на гародніну і садавіну залежаць найперш ад кошту даляра, які скокнуў угару:

"Усё прывязана да даляра!"

"Таму што даляр дарагі! У нас ёсьць прадукты — усё ёсьць. Толькі даляр вырас ды Расея нам цэны на газ і нафту павысіла. І беларускі рубель упаў. Вось з-за гэтага. Усё прывязана да даляра".

Некаторыя гараджане лічаць, што кошт гародніны падняўся з-за перакупшчыкаў. Яны, маўляў, накручваюць цэны.

Спадарыня Валянціна вырошчвае бульбу, гуркі ды іншую гародніну на лецішчы пад Гомелем. Яна не перакупшчыца. Працуе з мужам у сэзон, што называецца, ад цямна да цямна. Таму й каштуе ў яе раньняя бульба 9, а гуркі — 6 тысяч:

"Вясной вельмі холадна. Мы купляем спанбонд, плёнку, робім дугі й накрываем. Потым — паліваньне. Колькі трэба электраэнэргіі, каб паліць гэта ўсё! Мы палівалі празь дзень, а калі было холадна — накрылі. Вось і ёсьць бульбачка. Не палівалі б — нічога й не было б. І таксама гуркі. Высаджваем у шкляначкі, потым накрываем двайной плёнкай. Высаджваем, ацяпляем. Гэта ўсё дорага. Паглядзіце на мае рукі — па 20 гадзін у суткі працуем".

Валянціна: "Працуем па 20 гадзінаў на суткі"

Бабуля з Буда-Кашалёўскага раёну прадае на рынку клубніцы — 13 тысячаў за кіляграм. Клубніцы чысьценькія, але драбнаватыя:

"Няма ягады — больш няма ніякага адказу. Цэлы месяц не было дажджоў. Вось толькі зараз пайшла. У нас, у Буда-Кашалёўскім раёне, як і на ўсёй Гомельшчыне, не было дажджоў".


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Нечакана высокія цэны на самы хадавы тавар

На Магілёўскім цэнтральным рынку сёньня самы хадавы тавар — трускалкі ды маладая бульба. Цэны на іх для пакупнікоў нечакана высокія. Прадаўцы апраўдваюцца вялікімі выдаткамі на тое, каб усё гэта вырасьціць. Тэму працягвае Андрэй Белагубаў.

На рынку і на прылеглай тэрыторыі ўсё застаўлена вітаміннай прадукцыяй. Са спадаром сярэдняга веку гутару пра цану на бульбу. На прылаўку яна расфасаваная ў пакункі.

Попыт на сёлетнюю беларускую бульбу ня надта высокі. Даляр — кіляграм. Дорага

Карэспандэнт: "Ці дарагая бульба?".

Спадар: "Пяць-шэсьць тысяч кіляграм. Ну, дорага, а што цяпер дзяшовае? Каб мне яе сюды прывезьці, мне трэба заплаціць пяцьдзясят тысяч. Дзесяць літраў бэнзіну — таньней за пяцьдзясят тысяч няма".

З довадамі суразмоўцы пагаджаецца й яго суседка. У яе цана на бульбу даходзіць да дзесяці тысяч рублёў за кіляграм:

"Беларусу зь яго заробкамі вельмі дорага купіць нават кіляграм бульбы"

"Каб бульбу вырасьціць, да гэтага часу ў нашай Беларусі, акрамя таго што трэба сьпіну пазгінаць, трэба яшчэ й іншых працоўных затрат, матэрыялаў розных. А ўсё гэта дорага. Калі глядзець на пэнсію, на заробкі, выходзіць, што вельмі дорага беларусу купіць кіляграм бульбы".

Пачуўшы, колькі каштуе бульба, пакупнікі адыходзяць. Наракаюць, што цана завялікая.

Пакупніца: "Колькі ваша бульба?".

Прадавачка: "Па пяць, шэсьць, восем, дзесяць тысяч!".

Пакупніца: "Ай-яй-яй".

Найбольш наракаюць на цэны пакупнікі-пэнсіянэры:

"Набылі пучок цыбулі ды кіляграм бульбы — вось і ўсе нашы вітаміны"

Двое сужэнцаў:

Спадарыня: "Абышлі ўвесь рынак — у нас такіх грошай няма. Набылі пучок цыбулі ды кіляграм бульбы — вось і ўсе вітаміны".

Спадар: "Бульба даляр, пра што тут казаць! Цэны ж і не адпусьцілі, і не запусьцілі. Лукашэнка ж сказаў, паўгода таму ці год, што будзе кіляграм бульбы — даляр. Вось яна такая і стала. Гэта такая палітыка дзяржавы".

Спадарыня: "Напэўна, ім лепей бульбу прывозіць, чым сваю вырошчваць".

Такая ж сытуацыя і з трускалкамі. За вядзерца з двума-трыма кіляграмамі ягад просяць да трыццаці тысяч рублёў. Таргавацца прадаўцы ня маюць ахвоты.

"За 2 кіляграмы трускалак прашу 28 тысяч рублёў"

"Калі чалавек хоча купіць добрыя клубніцы, смачныя клубніцы, то ён па рубель не пацягнецца. Яе ж пяць разоў, ня менш, трэба прапалоць, разы тры-чатыры павырываць вусы. А паліць яшчэ. Вось ракам і стаіш, і стаіш. Таму за гэтае вядзерца, два кіляграмы дзьвесьце грам, я за яго прашу 28 тысяч рублёў".

Трускалкі — толькі каб паласавацца. Трыццаць тысяч за два кіляграмы — задорага

Шмат хто з пакупнікоў набывае трускалкі толькі для дзяцей, каб тыя паласаваліся. Як гэтая спадарыня. У яе пакунку менш за кіляграм ягаднай смакаты.

"Наагул дарагая. Добра б’е па бюджэце. Калі на кампот закрыць і няма свайго гароду, то дужа дорага выходзіць. Калі ў сям’і працуюць усе, то яшчэ можна, а калі нехта не працуе, то дужа цяжка".

Гандляры ў чаканьні пакупнікоў

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Фэрмэр называе прычыну "накручанай" цаны на гуркі на менскай "Камароўцы"

У панядзелак раніцай самыя, можа, танныя гуркі ў Беларусі прадавалі ў вёсцы Альшаны Столінскага раёну на Берасьцейшчыне. Тутэйшы фэрмэр Міхаіл Грыб паведаміў "Свабодзе":

Грыб: "Сёньня раніцай адзін кіляграм грунтовых агуркоў каштаваў 3,5 тысячы рублёў".

Пярэчу фэрмэру, кажу, што на менскай "Камароўцы" агуркі са Століншчыны прадаюць ад 6 тысяч рублёў за кіляграм.

Міхаіл Грыб адразу называе прычыну такой дарагоўлі. Вінаваціць перакупшчыкаў.

Грыб: "Наварочвае" кошты той, хто перакупляе. Атрымліваецца, што празь дзесяць рук той гурок даходзіць да пакупніка. Той жа, хто вырошчвае гэтыя гуркі, атрымлівае ўрэшце меншую долю грашовага прыбытку, чым той, хто прадаў. Зразумейце, што ў гэтым прычына зарыта дарагоўлі столінскіх агуркоў на менскай "Камароўцы", у прыватнасьці".

Фэрмэр змушаны заараць маладую расаду капусты, якой хапіла б на 60 гектараў гароду

Далей у гутарцы фэрмэр тлумачыць, што ён і іншыя беларускія агароднікі цалкам маглі б забясьпечыць, да прыкладу, Менск агуркамі, капустай і морквай уласнай вытворчасьці. Аднак разьлікі на большы сёлета ўраджай гародніны ня спраўджваюцца:

Грыб: "Фэрмэрам і сёлета не выдзяляецца ворная зямля. І як жа можа быць танная гародніна, калі я зараз бегаю, прашу, а мне не даюць нават за 80 кілямэтраў пасадзіць расаду капусты?!".

"Восеньню зноў будзе нястача беларускай гародніны…"

Фэрмэр у роспачы прызнаецца, што змушаны цяпер заворваць добрую расаду капусты:

Грыб: "Гектараў 60 ворыва зараз не хапае. Давядзецца расаду дыскаваць (заараць). Таму ізноў восеньню будзе нястача беларускай гародніны…".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG