Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік Свабоды


Гарэлка

Віталь Цыганкоў
Што трэба, каб пасадзіць соткі, прывезьці сена, насекчы дроваў, адрамантаваць кран, здабыць вядро цэмэнту? Грошы не дапамагаюць, ратуе пляшка гарэлкі. Гарэлка прайшла, прамаршавала праз усё ХХ стагодзьдзе ня проста як алькагольны напой, а як усеагульны эквівалент грошай у краіне, дзе тавараабменныя апэрацыі панавалі задоўга да зьяўленьня слова „бартэр“.

Хто асьмеліцца спрачацца, што гарэлка — ня слова стагодзьдзя? Што б ні дзеялася, што б ні здаралася, а мы „па чарачцы, ды па малюсенькай…“.

Гарэлка ўлілася ў беларускую мову ўдала, як у кілішак. Вымавіце „віно“ альбо „шампанскае“, ня кажучы ўжо пра розныя там віскі, ромы і лікёры — адразу адчуваецца нешта чужароднае, халоднае. Іншая справа — гарэлка! Адно гучаньне гэтага слова прымушае каго ўсьміхнуцца, каго нэрвова сьцепануцца, каго заплакаць.

Народ заўсёды ставіўся да гарэлкі сур’ёзна, нават з залішняй павагай, як да прыкметы дабрабыту. Ладны стол мусіць быць укаранаваны пляшкай. Або цэлым гусаком. „Калі піць, дык ня кпіць“. „Паставіўшы талеркі, нап’емся гарэлкі“. „Гарэлка ня дзеўка, не цалуй“. Ну і сучасны варыянт: „Каб была чарка і скварка“. А зрэшты, пра што яшчэ марыць у краіне, дзе кіляграм мяса каштуе, як чатыры бутэлькі гарэлкі? Нездарма кажуць — „ад гарэлкі розум мелкі“. Але гары яно гарам…

„Ад панядзелка да панядзелка дробны дождж ідзе, сабралася бедна басота ды гарэлку п’е“.

Губэрнатар

Сяргей Харэўскі
Апошнім часам гэтае слова ўсё больш навязьліва стракаціць у беларускіх газэтах, гучыць з радыё і тэлевізіі. Журналісты, зацыкленыя на расейскіх падзеях, аўтаматычна ўводзяць яго ў беларускі палітычны лексыкон.

«Гу-бэр-на-тар» — гучнае, фанабэрыстае рэха данесла нам гэтае слова бязь зменаў са Старажытнага Рыму. Не зьмяніўся і ягоны зьмест — валадар, уладца, загадчык, прызначаны кіраваць кавалкам краю.

За часоў Расейскае імпэрыі Беларусь была падзеленая на губэрнi. Вiцебская губэрня разьлягалася ледзь не да Эстонii, а Браслаўшчына ўваходзiла ў губэрню Ковенскую. На чале губэрняў стаялi прысланыя з Расеi чыноўнiкi — губэрнатары, якiя разглядалi сваю пасаду як прыступку да далейшае кар’еры. Напрыклад, гарадзенскi губэрнатар Сталыпiн па вяртаньнi на радзiму стаў мiнiстрам унутраных справаў.

Губэрнатараў прызначаў цар. Яны падпарадкоўвалiся толькi сэнату й пракуратуры ў далёкiм Пецярбургу. Дзясяткi губэрнатараў зьмянялi ў нас адзiн аднаго. Сярод іх былi розныя людзi — адныя расстрэльвалi, другiя садзiлi паркi, але iх усiх лучыла тое, што яны былi ў Беларусi чужыя.

Пасьля 1917 году губэрнатараў ня стала наогул. I пра iх забылiся. Напрыклад, iмёны апошняга вiленскага губэрнатара, нейкага Вяроўкiна, альбо вiцебскага, нейкага Галахава, ужо нiчога нiкому ня кажуць. Адзiная беларуская губэрня без губэрнатара была Гомельская, утвораная ў савецкай Расеi ў 1919 годзе, пакуль яе не далучылi ў 1926 годзе да БССР. Няма Расеi — няма i губэрняў з губэрнатарамi.

Адпаведна, называць сёньня словам губэрнатар цяперашнiх вэртыкальнікаў — кiраўнiкоў беларускiх абласьцей, што часам робяць нашы журналісты — памылка. Гэта тое самае, што называць іх ваяводамі, на ўзор нашай другой суседкі — Польшчы. Губэрнатар — гэткай пасады ў Беларусi няма. На чале ўлады ў вобласьцi стаiць СТАРШЫНЯ АБЛАСНОГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМIТЭТУ. Даўжэй, але слушна i па-беларуску...

Джынсы

Алена Ціхановіч
Джынсы — сіне-блакітная рэвалюцыя 1970-х. Ідал моды, якому прынесеныя ў ахвяру камсамольскія ідэалы, студэнцкія стыпэндыі, вясковыя парсючкі. Адзежына, якая, сьцягваючы сьцёгны, фізычна занявольвае, але маральна разьнявольвае: „Я ўжо не такі савецкі, я іншы. На мне адзнака Захаду, болей самаўпэўненасьці“. Блакітная мара — джынсы.

Першыя джынсы заўсёды былі як удар маланкі — на танцах, у бары, на лекцыі, на экзамэне і нават на партсходзе. На джынсы азіраліся, зайздросьцілі, зьбіралі грошы.

Джынсы — ці не адзіная адзежа, якую беларусы, прадстаўнікі шляхотнай па прыродзе нацыі, не лічылі за абразу насіць з чужога — ну, хай не пляча, а самі ведаеце чаго. Таму што чым больш паношаныя, тым больш модныя. Каму ж даставалася новая апратка, мусіў для фасону пацерці яе пемзай ці цэглай, ці паварыць у хлёрцы. Як сьпявалі піянэры, „джынсы „Мантана“ ня рвуцца, а толькі труцца, труцца, труцца“.

Слоўнік Уэбстэра знаходзіць, што гэтая ўнікальная тканіна на самой справе нарадзілася не ў Амэрыцы, а ў італьянскай Джэнаве, ці Генуі. Цяпер гэта ня мае істотнага значэньня, бо джынсы сталі сваімі паўсюль. Шусь — нага, шусь — другая, джыг — замочак, і вас абляпілі джынсы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG