Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі – супраць "Народнай волі"


Сёньня а 12-й гадзіне ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі павінна адбыцца судовае паседжаньне па пазове Міністэрства інфармацыі аб спыненьні выхаду недзяржаўнай газэты "Народная воля". Паседжаньне афіцыйна мае статус "падрыхтоўчага". Такім чынам, у судзьдзі Маёравай ёсьць магчымасьць дапамагчы прадстаўнікам рэдакцыі і міністэрства знайсьці паразуменьне.

Міністэрства інфармацыі самастойна, не парушаючы дзейнага заканадаўства, ня мае права спыніць выпуск "Народнай волі". Гэтае права застаецца за судовымі інстанцыямі. Менавіта гэтым і тлумачыцца зварот міністэрства ў Вышэйшы гаспадарчы суд краіны.

Міністэрства інфармацыі тлумачыць, што рашэньне аб спыненьні выпуску "Народнай волі" прымаецца ў адпаведнасьці з падпунктам 2.2 пункту 2 артыкулу 51 закону Беларусі "Аб сродках масавай інфармацыі". Тут маюць на ўвазе вынясеньне рэдакцыі на працягу году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў.

Першая намесьніца галоўнага рэдактара "Народнай волі" Сьвятлана Калінкіна ў размове са "Свабодай" пацьвердзіла факт атрыманьня папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі:
Нашыя папярэджаньні фармальныя і нават сьмешныя...


"Але ж насамрэч закон аб СМІ прадугледжвае, што газэта можа быць закрытая толькі за грубыя парушэньні. Гэта, напрыклад, прапаганда вайны, рэлігійнай варожасьці. Такіх парушэньняў у "Народнай волі" не было. Я сказала б, што нашыя папярэджаньні фармальныя і нават сьмешныя. Вось толькі адзін прыклад. Мы надрукавалі аб'яву – у якіх шапіках можна падпісацца на "Народную волю" і дзе кошт падпіскі будзе таньнейшы, чым на пошце. Назоў гэтага матэрыялу быў такі – "Адрасы льготнай падпіскі". За гэта нам вынесьлі папярэджаньне. У міністэрстве палічылі, што трэба было пісаць ня "льготная”, а “больш танная” падпіска”.

Тым часам у краіне зьбіраюць подпісы ў падтрымку "Народнай волі" і "Нашай нівы". Віктар Бузінаеў – старшыня бабруйскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі – сказаў "Свабодзе", што гарадзкія актывісты дэмакратычных сілаў сабралі каля 400 подпісаў пад патрабаваньнем спыніць перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Іх адправілі заказным лістом міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму.

Віктар Бузінаеў адзначае: ахвотных падпісацца пад пэтыцыяй робіцца ўсё болей, бо расьце колькасьць людзей, якія хочуць ведаць інфармацыю без цэнзуры:

"І людзі пачалі мне тэлефанаваць, бо мой тэлефон кантактны. Пытаюцца, дзе і як можна падпісацца? І мы цяпер па дзьве гадзіны на дзень у партыйным офісе прымаем гараджан і зьбіраем іх подпісы. А "Народную волю" у шапіках у той жа дзень разьбіраюць".

11 траўня судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Віктар Курыла задаволіў просьбу рэдакцыі "Нашай нівы" спыніць разгляд аналягічнай справы часова – да моманту разгляду скаргі выданьня на трэцяе папярэджаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG