Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наша ніва" бароніцца ў Вышэйшым гаспадарчым судзе


Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе – папярэднія слуханьні па пазове Міністэрства інфармацыі да "Нашай нівы". 25 красавіка міністэрства падало пазовы ў суд аб спыненьні выпуску газэт "Наша ніва" і "Народная воля".

Міністэрства інфармацыі тлумачыць, што рашэньне аб спыненьні выпуску "Нашай нівы" і "Народнай волі" прынятае ў адпаведнасьці з падпунктам 2.2 пункту 2 артыкулу 51 закону Беларусі "Аб сродках масавай інфармацыі" ў сувязі з вынясеньнем рэдакцыям на працягу году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў. Папярэджаньні незалежным газэтам выносіліся за артыкулы аб выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка і за матэрыялы аб падзеях 19 сьнежня 2010 году.

Рэдактар "Нашай нівы" Андрэй Скурко расказаў, што рэдакцыя падрыхтавалася да суду і мае намер змагацца за сваё выданьне:

"Самы асноўны наш аргумэнт такі: у нас не аспрэчана яшчэ трэцяе папярэджаньне, якое, уласна, і стала каталізатарам гэтай справы аб закрыцьці газэты, ініцыяваным Міністэрствам інфармацыі. І мы будзем прасіць суд пачакаць, пакуль яно будзе аспрэчанае. Тым больш, што паседжаньне па трэцім папярэджаньні ўжо прызначана на 18 траўня. Па фармальных, на маю думку, абсалютна фармальных парушэньнях і зачэпках спрабуюць закрыць адну з апошніх незалежных газэт Беларусі. Таму, натуральна, мы будзем адстойваць свае пазыцыі любымі прадугледжанымі для гэтага спосабамі".

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў сумнеў, што гэта рашэньне Міністэрства інфармацыі. Вось яго аргумэнты:

"Гэта наўрад ці ціск Мінынфарму. "Наша ніва" і "Народная воля" пры канцы 2008 году былі вернутыя ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюду, прычым ініцыятарам гэтага стала Адміністрацыя прэзыдэнта. Я мяркую, цяпер адбываецца тое самае, і наўрад ці рашэньне, каб тыя самыя два выданьні ліквідаваць, прымала Міністэрства інфармацыі. Я лічу, што гэта такі паказальны крок, які, безумоўна, зьвязаны з падзеямі 19 сьнежня, які, безумоўна, зьвязаны з разьвіцьцём палітычных узаемаадносінаў Беларусі з Эўразьвязам. Гэта крок, які, на жаль, адштурхоўвае нас у цемру".

Тыдзень таму на адкрыцьці XV Менскай міжнароднай выставы "СМІ ў Беларусі" прайшоў флэшмоб супраць закрыцьця недзяржаўных газэт "Наша ніва" і "Народная воля". Журналісты атачылі чыноўнікаў Мінынфарму, у прыватнасці міністра Алега Праляскоўскага і яго намесьніцу Лілію Ананіч, трымаючы асобнікі газэт. Высокія чыноўнікі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю вакол незалежных выданьняў.

Папярэднія слуханьні ў Вышэйшым гаспадарчым судзе па пазове да "Народнай волі" прызначаныя на 13 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG