Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы курс ёсьць. А валюты як не было, так і няма


Пасьля двух месяцаў экспэрымэнтаў з валютным курсам Нацыянальны банк фактычна здаўся, пагадзіўшыся на дэвальвацыю. Аднак аднамомантнага эфэкту 30-працэнтнае адпусканьне рубля пакуль не дало — набыць валюту па новым курсе немагчыма гэтак жа, як і па старым. Экспэрты перакананыя, што кардынальныя крокі трэба было рабіць нашмат раней. Цяпер жа людзі будуць чакаць далейшага абясцэньваньня рубля і грошы ў банкі не панясуць.

Ад сёньня Нацыянальны банк скасаваў абмежаваньні на вызначэньне банкамі курсаў куплі-продажу замежнай валюты ў апэрацыях з насельніцтвам, раней усталяваныя ў памеры плюс-мінус 2% ад афіцыйнага курсу.

Бальшыня камэрцыйных банкаў на яўна прыпозьненую лібэралізацыю адрэагавалі імгненна, ацаніўшы даляр блізу 4000 рублёў. Дзяржаўныя банкаўскія ўстановы ўзялі паўзу. Паводле дадзеных на сярэдзіну дня 11 траўня, яны працавалі па курсе, крыху большым за 3000 рублёў за даляр. Аднак ні ў першым, ні ў другім выпадку даляраў у вольным доступе не паболела. На дзясятак зваротаў у банкі, якія выставілі новы курс продажу даляра за 4000 рублёў, адказ ува ўсіх выпадках я атрымаў прыблізна аднолькавы:

"Банк "Масква-Мінск", добры дзень… Прабачце, але ў свабодным продажы валюты няма…".

Экспэрты перакананыя: у сытуацыі відавочнага недаверу з боку як суб'ектаў гаспадараньня, так і простых грамадзянаў да фінансавай сыстэмы, якая паказала сваю неразваротлівасьць і заадміністраванасьць, захады Нацбанку будуць вельмі слабым суцяшэньнем. Найперш таму, як лічыць эканаміст Іван Анташкевіч, што зробленыя яны надзвычай позна. Калі яшчэ ў сакавіку можна было ўратавацца дэвальвацыяй рубля на 15—20%, то цяпер паратункам наўрад ці будзе і ягонае 50-працэнтнае абясцэньваньне:

"Усё будзе залежаць ад таго, як на гэта адрэагуюць зацікаўленыя бакі, бо рэальна ёсьць курс і ў 5200 рублёў за даляр, і нават больш. Чаму яму не абясцэніцца і далей? У любым выпадку, мяркую, недавер да фінансавай сыстэмы проста вялізны. У прынцыпе, ім нічога зараз і не застаецца, як нешта рэгуляваць адміністрацыйна, але кардынальныя захады патрабаваліся не цяпер, а яшчэ месяц таму. А найлепш, каб нешта пачалі рабіць увогуле ў сакавіку. Таму няма ў мяне ніякага з гэтай нагоды аптымізму, бо сытуацыя вельмі дрэнная. З улікам і таго, што Расея дае нібыта не 3 мільярды даляраў з фонду ЭўрАзЭС, а толькі паўмільярда. Адкуль яшчэ крыніцы? Хутка разгарнуцца прадпрымальніцтву ды іншым ініцыятывам тут нельга, экспарту няма, таму гэта няпростыя рэчы. Гэта назапашаныя праблемы, недарэфармаваная краіна. Дакладней, дарэфармаваліся да таго, што прыйшлі да таго, з чаго, па вялікім рахунку, усё і пачыналі".

У Нацбанку сказалі, што ня будуць прадаваць банкам валюту для абменьнікаў, бо ня хочуць агаляць золатавалютныя рэзэрвы. Разам з тым, як лічыць кіраўніца групы аналітыкаў парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова, спадзявацца на тое, што народ кінецца здаваць валюту па вышэйшым курсе, таксама не выпадае. Калі яшчэ месяц таму 3500 рублёў за даляр падаваліся добрым варыянтам, то цяперашнія 4000 асаблівага энтузіязму ўжо не выклікаюць:

"Той момант, што адпусьцілі рубель для наяўнага рынку, напэўна, нешта і вырашае, але на самой справе трэба было б, канечне, гэта зрабіць раней і трэба было ў корані мяняць усю палітыку ў частцы эканомікі. Аднак добра хоць, што так, добра, што хоць зараз…".

Карэспандэнт: "Як лічыце, панясуць усё ж людзі сваю валюту ў банкі? Ці спадзяюцца, што курс рубля будзе падаць і надалей?".

"Здаваць даляры? Навошта! Тут гледзячы яшчэ, навошта людзі гэтыя даляры трымалі, трэба ж разумець лёгіку дзеяньняў. Калі ў чалавека ёсьць даляры ці эўра і ён захоўвае ў іх свае зьберажэньні, то, напэўна, зараз несьціся і мяняць іх на рублі зусім неабачліва. Навошта? Каб пакласьці ў банк на ўклад? Сумняюся. То бок лёгікі ў такіх дзеяньнях я ня бачу зусім. А ўлічваючы ўсе тузаньні, якія былі за апошнія 2—3 месяцы, нармальныя людзі пакуль захочуць паглядзець, чым гэта ўсё будзе заканчвацца".

Пры гэтым, як кажуць наведнікі абменных пунктаў, ужо выстройваюцца чэргі ахвотных набыць валюту па новым курсе. Касіры тлумачаць, што прадавацца будзе валюта, якую цягам дня нехта здасьць. Такім чынам, у схеме працы пунктаў абмену валют практычна нічога не зьмянілася.

Тым часам у Нацыянальным банку па-ранейшаму лічаць, што прычынай дэфіцыту валюты стаў падвышаны попыт насельніцтва на наяўныя даляры ды эўра для набыцьця аўтамабіляў перад шматразовым ростам мыта на машыны. Пра гэта, дарэчы, нядаўна казаў і Аляксандар Лукашэнка — маўляў, самі людзі выграблі з абменьнікаў усю гатоўку. Цяпер, як лічаць у Нацбанку, такое ж актыўнае набыцьцё замежнай валюты для стварэньня зьберажэньняў страчвае сэнс.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG