Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Першы дзень

абноўлена

5 траўня Фрунзенскі суд Менску пачаў разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.




Cуды за Плошчу







18:00 У працэсе абвешчаны перапынак да 10:00 6 траўня.

16:59 Фядута скончыў рабіць заўвагі да абвінавачаньня. Гэта вылілася ў цэлую прамову, завяршэньне якой сустрэлі воплескамі. Фядута заўважыў, што абвінавачаньне дапусьціла шэраг памылак (у прыватнасьці, ён не выступаў у эфіры БТ і ня мог клікаць людзей на Плошчу).
— «Наша ніва»

16:40 Пачалі дапытваць Аляксандра Фядуту. Фядута пагадзіўся даваць паказаньні, зараз яму пытаньні задае абвінаваўца.

Фядута адразу заўважыў, што мае пытаньні да выстаўленых яму абвінавачаньняў. У першую чаргу — да атаясамленьня кампаніі "Гавары праўду" і выбарчай кампаніі Някляева. Фядута лічыць, што гэта розныя кампаніі і што ў судзе нельга разглядаць дзейнасьць кампаніі "Гавары праўду": "Усё тое, што рабілася падчас выбарчай кампаніі Някляева, фінансавалася выключна з выбарчага фонду".

Фядута таксама папрасіў разьдзяліць дзейнасьць "Гавары праўду" і дзейнасьць выбарчага штабу Някляева: "На Плошчу людзі прыйшлі не для таго, каб падтрымаць эканамічныя санкцыі. І я, і Някляеў заўсёды выступалі супраць санкцыяў. А зараз нас абвінавачваюць у тым, што мы іх дамагаліся".
— «Наша ніва»

Аляксандар Фядута згодны, што мітынг быў адміністрацыйным парушэньнем. Але людзі прышлі самі, і ня дзеля ўвядзеньня санкцый. Надуманасьці ў цьверджаньнях пра фальшаваньне выбараў не было, бо хапала доказаў. Фядута кажа, што мітынг і задумваўся як сродак цывілізаванага выйсьця з крызісу. "Я і цяпер за дыялёг апазыцыі з уладай". Фядута лічыць зручным месцам для мітынгу Кастрычніцкую плошчу. Ён меркаваў, што пойдуць на плошчу Незалежнасьці і пададуць пэтыцыю ў Дом ураду. Тое, што адбылося потым, Фядута лічыць правакацыяй. Фядута не пайшоў на Кастрычніцкую плошчу, бо зьбілі і выключылі Някляева, а безь яго ня мела сэнсу. А зь іншымі дзеячамі апазыцыі ў Фядуты былі складаныя адносіны.
— Алег Грузьдзіловіч

16:10 Абвінаваўца дапытвае Вазьняка па справе аб ілжэсьведчаньнях. Справа датычыць пажару ў знаёмай Вазьняка, дзе ён нібыта пакінуў грошы. Сам Вазьняк сьцьвярджае, што не трымаў у згарэлай кватэры грошай, пра што заявіў сьледзтву, а толькі некаторыя асабістыя рэчы. Пазьней сьледзтва высьветліла, што там быў падпал і там былі знойдзеныя грошы. Вазьняк прызнаў, што займаўся арганізацыяй дастаўкі сродкаў для "Гавары праўду". Ён зазначыў, што грошы дастаўляліся зь Вільні кур’ерамі. Імёны кур’ераў назваць адмовіўся. Аднак паведаміў, што ніводзін зь іх не парушаў беларускага заканадаўства, а ўвозіў толькі дазволеныя сумы грошай.
— «Наша ніва»

15:48 Вазьняк: "На плошчы Незалежнасьці я крочыў з журналістамі па ходніках. Людзей на праспэкце было надзвычай шмат. Лічу, што тыя, хто павёў людзей па праспэкце, зрабілі правільна. Калі б людзі ішлі па тратуарах, магла б здарыцца другая Няміга".
— «Наша ніва»



15:30 Абвінаваўца працягвае допыт Вазьняка. Пытаньні датычацца ходу шэсьця ад офісу "Гавары праўду" на вуліцы Няміга да Кастрычніцкай плошчы. Вазьняк расказвае пра сустрэчу калёны з супрацоўнікамі ДАІ.

Вазьняк: "Калі некалькі чалавек з галавы калёны паспрабавалі адсунуць машыну ДАІ, адразу пачаліся выбухі шумавых гранат, раптам зьявіліся людзі ў чорнай вопратцы і пачалі ўсіх хапаць запар. Мяне павалілі на зямлю і прыціснулі галаву да зямлі. Я чуў, як Някляеў прасіў ня біць людзей. Потым усё сьціхла, і людзі ў чорным хутка зьніклі. Я чалавек ваенны, я разумею, што гэта былі ня простыя хуліганы. Пазьней у матэрыялах справы я бачыў паказаньні супрацоўнікаў ДАІ, якія сьведчылі, што людзі ў чорным былі міліцыянэрамі".

Вазьняк кажа, што пасьля нападу на калёну Някляева ён зразумеў, што пляны "Гавары праўду" праваліліся, і далей ён удзельнічаў у акцыі як журналіст.


Выступ Уладзімера Някляева перад пачаткам суду (поўная вэрсія, 6 хвілінаў)

Поўная прамова Някляева
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:25 0:00
Наўпроставы лінк


14:42 — 15:27 Допыт Сяргея Вазьняка.

НН: Вазьняк прызнаў, што заклікаў людзей выйсьці на Плошчу. Адзначае, што займаўся тым жа падчас выбараў 2006 году, калі працаваў у камандзе Мілінкевіча. У астатнім Вазьняк сваёй віны не прызнае.

"Я ня бачу сувязі паміж заклікамі выйсьці на Плошчу і маёй працай у "Гавары праўду".

Ён таксама адкінуў абвінавачаньні ў ілжэсьведчаньні. Зь яго словаў, прэтэнзіі да яго ўзьніклі па справе, якая ня тычыцца кампаніі "Гавары праўду".

Вазьняк адмовіўся адказваць на пытаньні, зьвязаныя зь дзейнасьцю "Гавары праўду", бо лічыць іх недатычнымі да артыкула 342, па якім ён абвінавачваецца.

"Для мяне ўдзел у гэтай грамадзкай кампаніі скончыўся ў верасьні 2010 году. Далей я працаваў у камандзе Някляева", — заявіў ён.

Вазьняк: "Я ведаў, што акцыя 19 сьнежня на Плошчы недазволеная. Я сьвядома ішоў на адміністрацыйнае парушэньне".

Ён таксама аспрэчыў сьцьверджаньне абвінаваўцы пра тое, што заклікаў на Плошчу праз СМІ. "Я ня быў кандыдатам у прэзыдэнты і ня мог гэтага рабіць".

"У нас было некалькі варыянтаў дзеяньняў на Плошчы. Сярод іх і магчымасьць намётавага мястэчка, і паход да Дома ўраду. Асабіста я разьлічваў на Някляева, які сваім аўтарытэтам мог бы кіраваць тымі людзьмі, якія прыйшлі 19-га сьнежня на Плошчу. Ён мог бы іх узначаліць. Але нам не дазволілі дайсьці да Плошчы Пасьля зьбіцьця Някляева пачаў працаваць ня наш сцэнар".

Абвінаваўца запытаў у Вазьняка, чаму ён яшчэ да завяршэньня выбараў пачаў лічыць іх недэмакратычнымі.

"Ад самага пачатку правядзеньня выбараў мы бачылі шматлікія парушэньні. Калі б іх не было, мы б не заклікалі ісьці на Плошчу. Калі б зараз Лукашэнка выйграў выбары легітымна, то я б прыняў гэта".

14:30 З Twitter’у Дзьмітрыева: Някляеў віны не прызнае. Кажа, што калі суд будзе прызнаны палітычным, то ён гатовы прызнаць палітычныя памылкі і разгледзець гэта ў судзе.

14:20 З Twitter’у Дзьмітрыева: Абвінаваўца: Рымашэўскі прыйшоў на Плошчу. Паведаміў пра нелегітымнасьць улады, запатрабаваў перамоваў, крочыў па праспэкце, адмовіўся сысьці з праезнай часткі. Пазьней Рымашэўскі працягваў крычаць, сьвістаць. Абвінавачаньне Фядуту такое самае, як і Дзьмітрыеву і Някляеву — адно да аднаго.

14:02 Працэс аднавіўся.



13:20 У судзе абвешчаны перапынак да 14 гадзіны.

13:10 Колькасьць удзельнікаў мітынгу, паводле абвінаваўцы, — 5 тысячаў.

13:05 З Twitter’у Дзьмітрыева: Палажанка вінаватая ў тым, што заклікала іншых на Плошчу, набывала спальныя мяхі, разьмяшчала іншагародніх у Менску. Наста дамовілася з Рымашэўскім і прыйшла на Плошчу, дзе ўжо разам з усімі зьдзейсьніла тое, пра што казалася раней.

12:50 З Twitter’у Дзьмітрыева: З-за хворай сьпіны Някляеў папрасіў дазволу ўстаць і слухаць стоячы. Дазволілі.



12:15 — 12:39 Twitter Дзьмітрыева: Гораду мы нічога ня вінныя.

Пракурор зачытвае абвінавачаньне:

Атрымлівалі рэсурсы ад фондаў на правядзеньне кампаніі і арганізацыі Плошчы. Заклікалі на Плошчу, выкарыстоўваючы надуманыя падставы пра фальшаваньне выбараў. Сабралі прыхільнікаў ля штабу Някляева для руху на Плошчу. Не далі агледзець аўтамабіль, імкнуліся перасунуць машыну ДАІ.

Была змова з астатнімі. Заклікалі на Плошчу, каб у выніку дамагчыся санкцыяў.

З Twitter’у Дзьмітрыева: Я далей накіраваў калёну на Плошчу. Паведаміў пра стварэньне ўраду і падтрымаў Рымашэўскага ў надуманым сьцьверджаньні пра нелегітымнасьць улады. Асабістым прыкладам заклікалі людзей на праспэкт і павялі, не рэагуючы на заклікі міліцыі. Зладзілі мітынг на плошчы Незалежнасьці. Перашкаджалі працаваць у нядзельны вечар. Быў недаатрыманы прыбытак, "Макдональдсам" у прыватнасьці. Пазову ад іх няма. Крычалі, сьвісталі, скандавалі.

Мітынг і шэсьце парушылі працу транспарту, прадпрыемстваў, установаў. А Някляеў пацярпеў, калі незаконна блякаваў аўто ДАІ.

З Twitter’у Дзьмітрыева: Вазьняка яшчэ абвінавачваюць у тым, што даваў ілжывыя паказаньні. Мяне вінавацяць ва ўсім тым жа і яшчэ ў падрыхтоўцы і фінансаваньні. Я карыстаўся надуманымі падставамі пра недэмакратычнасьць выбараў. Мая мэта ў правядзеньні Плошчы была ў тым, каб не прызналі выбары і ўвялі санкцыі з боку ЭЗ, ЗША і Расеі. Зачытваюць абвінавачаньне Някляеву. Тое самае, што і астатнім.

Пра Някляева. Былі два пляны: першы — дамагацца перавыбараў, другі — прымусіць улады да перамоваў.



12:00 Някляеў з-за радыкуліту ў перапынках стаіць. Кажуць, што на ім бандаж, што яму фізычна цяжка. Але вонкава ён трымаецца добра.

11:58 Грамадзкі пазоўнік "Мінсктранс" адмовіўся ад сваіх прэтэнзіяў. З гэтым пагадзіліся ўсе ўдзельнікі працэсу. У тым ліку і дзяржаўны абвінаваўца. Судзьдзя пайшла вырашаць. Абвешчаны перапынак.



11:55 Судзьдзя адхіліла хадайніцтва пра спыненьне справы з-за адсутнасьці складу злачынства.

11:40 Някляеў просіць суд спыніць разгляд справы ў зьвязку з тым, што адсутнічае склад злачынства. Зноў перапынак.

11:30 Суд адхіліў хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня Някляеву.

11:10 Адвакат Букштынаў хадайнічае, каб зьмянілі меру стрыманьня для Някляева. Той кажа, што хатнім арыштам пакаралі і яго жонку, якая не змагла сёньня прыехаць у суд, каб не пакідаць без нагляду хату. Абвінаваўца супраць. Судзьдзя пайшла прымаць рашэньне.

10:57 Судзьдзя не задаволіла адвод Палажанкі.


10:25 Палажанка заявіла пратэст судзьдзі Жаньне Жукоўскай. Маўляў, даю вам шанец ня ўдзельнічаць у расправе. Тая пайшла раіцца.

10:20 Някляеў, Палажанка і Рымашэўскі адказваюць па-беларуску.

Абвінаваўца — Кажэўнікаў.
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў.


10:14 Судзьдзя Жукоўская забараніла здымкі. Хоць усе падсудныя былі "за".

10:00 Пачынаецца суд. У залі — амбасадары Польшчы, Літвы, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан. У залю суду ня трапілі прыкладна 50 чалавек. Людзі стаяць пад дзьвярыма і не разыходзяцца.

Някляеў у судзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:33 0:00
Наўпроставы лінк


9:50 Перад пачаткам працэсу Някляеў заявіў: разгон Плошчы быў нявыгадны Лукашэнку, а каму выгадны, не высьвятляюць.

9:25 Ля суду шмат міліцэйскай аховы. Ля будынку суду ўжо знаходзяцца Фядута, Вазьняк, Дзьмітрыеў.
Усіх іх абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле ў іх. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — да 3 гадоў зьняволеньня.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Наста Палажанка

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG