Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зьявіўся востры дэфіцыт валюты?


У зьвязку з вострымі валютнымі праблемамі Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Нацбанку Пятра Пракаповіча. У чым прычыны дэфіцыту валюты? Ці слушныя дзеяньні Нацбанку і ўраду? Якія ёсьць варыянты выйсьця з крытычнай сытуацыі?


Удзельнікі: былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч і экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Зьміцер Крук
Станіслаў Багданкевіч
Валер Карбалевіч


У чым прычыны дэфіцыту валюты?


Валер Карбалевіч: «Сытуацыя на валютным рынку Беларусі кепская. У абменьніках цяжка купіць валюту, стаяць чэргі. Праблема — купіць валюту на Валютна-фінансавай біржы. Фактычна зьявіўся „шэры“ рынак валюты. Фірмы-імпартэры пачынаюць прадаваць тавары па курсе 3600 рублёў за даляр. У чым прычыны дэфіцыту валюты?»

Станіслаў Багданкевіч: «Гэтыя прычыны дзейнічаюць гады тры. Беларусь жыве не па сродках. Замежны гандаль незбалянсаваны. Мы за месяц спажываем на 700 млн. зь лішкам даляраў больш, чым выпрацоўваем.
Мы за месяц спажываем на 700 млн. зь лішкам даляраў больш, чым выпрацоўваем.
Існуе незбалянсаванасьць паміж рублёвай грашовай масай, валютнай грашовай масай і таварнай масай. Таму растуць цэны на тавары. І павінна расьці цана і на валюту».

Зьміцер Крук: «Так, існуюць структурныя прычыны. Працяглы час захоўваецца адмоўнае сальда бягучага рахунку плацёжнага балянсу. У ранейшы пэрыяд мы яго фінансавалі за кошт вонкавых пазыкаў. Цяпер гэтыя зьнешнія пазыкі на пэўны пэрыяд перапыніліся. Таму праблема і абвастрылася.

Але такі дэфіцыт існаваў ужо шмат часу. Праблема абвастрылася менавіта цяпер таму, што Нацбанк абмежаваў доступ да валютных таргоў на безнаяўных сэгмэнтах рынку. Гэта і выклікала ажыятажны попыт на рынку наяўнай валюты».

Ацэнка дзеяньняў Нацбанку


Карбалевіч: «У чацьвер Пракаповіч абвінаваціў у цяперашніх праблемах нейкіх правакатараў і мэдыі, якія нібыта распаўсюджваюць чуткі, што неўзабаве будзе дэвальвацыя беларускага рубля. Але экспэрты кажуць, што гэтыя праблемы былі створаныя дзеяньнямі Нацбанку і ўраду, у прыватнасьці — абмежаваньнямі на куплю валюты на Валютна-фінансавай біржы. Вось пра гэта кажа сп. Крук. Наколькі слушныя дзеяньні Нацбанку і ўраду?»

Багданкевіч: «Нацбанк сам стварае праблему незбалянсаванасьці паміж рублёвай масай, паступленьнямі валюты і таварнай масай. Нацбанк павялічыў аб’ём грошай камэрцыйным банкам для крэдытаваньня эканомікі ў тры разы за два месяцы (з 8 да 28 трыльёнаў рублёў). Гэта ненармальна.

Калі аб’яднаць рэзэрвы Нацбанку і камэрцыйных банкаў, то аказваецца, што лічба будзе мінусавая. На 1 студзеня было плюс 2,3 млрд. даляраў, а цяпер — мінус 1,1 млрд. даляраў. Замежныя пазыкі былі, але яны праедзеныя».

Карбалевіч: «Але ж паводле афіцыйнай статыстыкі золатавалютныя рэзэрвы Нацбанку складаюць каля 4-5 млрд. даляраў».

Багданкевіч: «Так. Гэта рэзэрвы Нацбанку. Але ў камэрцыйных банкаў на 1 студзеня чыстыя замежныя актывы былі адмоўныя ў памеры 6 трыльёнаў рублёў. А на 1 сакавіка гэтая адмоўная велічыня складала 12,6 трыльёна руб. То бок Нацбанк узяў гэтыя рэсурсы ў камэрцыйных банкаў».
Нельга дапусьціць шок для беларускай эканомікі. Вынікам можа стаць страта 20 гадоў незалежнага разьвіцьця.

Крук: «Што рабіць, гэта пытаньне маральнага выбару. Калі ўлады да рэформаў не гатовыя, то адна дэвальвацыя праблемы ня вырашыць. Бо трэба мяняць макраэканамічную палітыку. Найперш трэба спыніць стымуляваньне ўнутранага попыту.

Дэвальвацыя можа стымуляваць беларускіх экспартэраў. Але Беларусь вельмі залежная ад энэргетычнага імпарту і шмат экспартуе энэргетычных тавараў. Таму для Беларусі дэвальвацыя не такая эфэктыўная, як для іншых эканомік.

Адмоўным бокам дэвальвацыі будзе нэгатыўнае ўзьдзеяньне на банкаўскую сыстэму. Вынікам можа стаць далярызацыя дэпазытаў і адток дэпазытаў з банкаў».

Што рабіць?


Карбалевіч: «Якія ёсьць варыянты выйсьця з крытычнай сытуацыі? Здаецца, адзіны шлях, па якім спрабуе ісьці беларускае кіраўніцтва, гэта замежныя крэдыты. У чацьвер Пракаповіч „супакойваў“ народ тым, што вось возьмем пазыкі і папоўнім золатавалютныя рэзэрвы. Улады разьлічваюць атрымаць 2 млрд. даляраў у Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС і 1 млрд. пазычыць у Расеі. І ўсё?»

Багданкевіч: «Вядома, нельга абмяжоўвацца толькі дэвальвацыяй. Патрэбны комплекс рэформаў, каб павысіць эфэктыўнасьць эканомікі. А адна дэвальвацыя толькі зробіць насельніцтва бяднейшым. Узяць крэдыты і праесьці — гэта ня выйсьце. Трэба абмежаваць рост рублёвай грашовай масы. Трэба скараціць бюджэтныя выдаткі, скараціць чыноўнікаў. Трэба жыць па сродках».

Крук: «Трэба скараціць стымуляваньне ўнутранага попыту праз рост грашовай базы. Значная частка яе накіроўваецца на абслугоўваньне дзяржпраграм. Калі казаць пра доўгатэрміновыя задачы, то гэта падвышэньне энэргаэфэктыўнасьці і канкурэнтаздольнасьці эканомікі.

Так, тэмпы росту замежнага доўгу — гэта дрэнна. Але нельга дапусьціць шок для беларускай эканомікі. Вынікам можа стаць страта 20 гадоў незалежнага разьвіцьця. Таму цяпер, каб зьбіць ажыятажны попыт на валюту, трэба ўзяць крэдыты. Усё пытаньне, што далей. Калі праесьці іх — гэта дрэнна. Але калі праводзіць рэформы — то гэта іншы варыянт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG