Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быццам наканаваньне — клятыя карупцыя ды гарэлка над Клімавічамі…»


У параўнальна невялікіх па працягласьці Клімавічах, ідучы пару кілямэтраў пехатой да цэнтру, сустрэў толькі адну перапоўненую маршрутку. Мясцовая 9-я аўтабаза мае зношаны аўтобусны парк зь лічанымі аўтобусамі. Улады спрабуюць перакласьці праблему, як тут кажуць кіроўцы прыватных таксі, з хворай галавы на здаровую. Вось што расказвае адзін з ініцыятараў страйку, які быў тут два гады назад, — 65-гадовы кіроўца Віктар Кішкурна:

«Вымагаюць з нас такія грошы — я павінен перавучвацца і атрымаць „корачку“ як „кіраўнік-ІП“. Дык мы ж, кажу, вучыліся, калі ліцэнзію атрымлівалі! А цяпер трэба па-новаму — 200 зь нечым тысяч і езьдзіць тры дні ў Магілёў, плюс 190 тысяч на літаратуру. Цяпер райвыканкам пад Бараўлём, намесьнікам старшыні. Ён вырашыў нас сабраць — дазвол падпішу, калі будзеце езьдзіць ноччу і там, дзе няма людзей. Я дамоўлюся з жыхарамі — яны пазвоняць мне, калі трэба, адвязу ў горад і прывязу назад. А навошта мне ноч?! Навязалі нам начныя, і ўсе працуюць замест аўтобусаў. Я еду да цягніка, парушаючы правілы — сумак да столі стаіць. Альбо ільготнікі, асабліва падшафэ ў 3 ночы — „дзе аўтобус, нам бясплатна ехаць!“ Я кажу — людзі добрыя, я даю 20 тысяч, каб у ноч не працаваць у маім узросьце! Гэта выканкам навязвае — сваволя! Я Бараўлю сказаў — сядзем разам, але па розных артыкулах. Ня дай божа, заклініць дзьверы, я скокну. А ў дакумэнце твая пячатка і подпіс!».

Яшчэ 5 гадоў таму, калі вандраваў па Клімавічах упершыню, нехта з тутэйшых людзей мне заўважыў, што над 17-тысячным гарадком, быццам наканаваньне, вісіць знак «Клімграду» — таварная «бірка» лікёра-гарэлачнага заводу. Зь ёй у 90-я гады імідж Клімавічаў у краіне ўзьнёсься ўгару. Потым упаў гэтаксама, як і якасьць клімавіцкай гарэлкі. Сёньня ў самым горадзе ад яе адварочваюцца нават тыя, у каго «гарыць душа»:

Спадарства: «Калі гадоў 10 таму, дык была гарэлка „Клімавіцкая“. А зараз дрэнна пасьля гэтай гарэлкі… Людзі жаўцелі, у рэанімацыі многіх адкачвалі — ныркі… Клімавіцкую гарэлку зараз ня хочуць браць людзі, бо не давяраюць яе якасьці…».

Сытуацыю пракамэнтаваў мой знаёмец, мясцовы незалежны журналіст Сяргей Аржанцаў.


Карэспандэнт: «У Клімавічах піць меней ня сталі, а гледзячы па тым, што кажуць людзі, якасна піць перасталі…».

Аржанцаў: «Гарэлачны завод за апошнія гады па ўсёй краіне страціў свае пазыцыі — у мінулым годзе падзеньне рэалізацыі на 30% было…».

Карэспандэнт: «Завод быў вельмі прэстыжным месцам працы. Што з заробкам?».

Аржанцаў: «Сярод іншых прадпрыемстваў лепей — мільён ня лічыцца ў іх вялікім заробкам. Ёсьць пэўныя зрухі да лепшага — быў прызначаны новы дырэктар Мікалай Бялко зь вядомай дынастыі — дзядзька быў кіраўніком „Крышталю“, бацька кіруе Брэсцкім лікёра-гарэлачным. І за некалькі месяцаў завод зноў стаў працаваць у тры зьмены, падпісаўшы важныя кантракты зь Нямеччынай, даволі вялікая партыя пайшла туды…».

Калега Аржанцаў ужо шмат год сочыць за тутэйшымі намэнклятурнымі перастаноўкамі, нярэдкімі карупцыйнымі скандаламі і нават войнамі, якія іх суправаджаюць. Вось апошнія актуаліі.

Карэспандэнт: «На тле шалёных гарэлачных грошай у канцы 90-х Клімавічы называлі нават „сталіцай крымінальнай Магілёўшчыны“…».

Аржанцаў: «Такое было — намэнклятурныя бойкі. Калі старшыня райвыканкаму Канавалаў сышоў з пасады, а на яго месца прыйшоў Віталь Грышанаў, амаль цалкам штат райвыканкаму быў зьменены. Ужо спадара Грышанава зьнялі — з восені 2010-га зьявіўся Васіль Захаранка з Кіраўскага раёну — нават раённая газэта не расказвае пра кадравыя перасоўваньні, да прыкладу, што ў раёне зьявіўся новы старшыня суду. Але людзі казалі, што на першым жа паседжаньні Захаранка сказаў, што сам вырашыць, хто застанецца на працы, хто не…».

Сяргей зазначае, што здаўна клімавіцкія намэнклятурныя войны суправаджаюцца крымінальнымі пасадкамі.

Аржанцаў: «Адзін старшыня райвыканкаму апынуўся ў калёніі, другога зьнялі, не паведаміўшы, за што. Дырэктар найбуйнейшага камбінату хлебапрадуктаў — у Прыбалтыцы, дасюль у вышуку, сеў кіраўнік раённай міліцыі. У 2010-м на ўсю краіну прагучала, што ў аддзеле культуры (!) знайшлі прыпіскі на 400 мільёнаў — 130 тысяч даляраў! Крымінальная справа ідзе…».

Карэспандэнт: «Дык і вельмі сымптаматычна, што старшыня раённага суду Цішкін, які таксама ўцёк, нагадаў нядаўна пра сабе праз інтэрнэт з Польшчы…».

Аржанцаў: «Вярхоўны суд казаў, што падазраецца ў хабарніцтве, патрабуе выдачы праз Інтэрпол. Цішкін кажа, што пацярпеў у барацьбе за законнасьць — баяўся, што заб’юць. Можна аспрэчваць, што ён барацьбіт, але ведаў, што калі робіць ня так, як патрабуюць намэнклятурныя паханы, якія трымаюць уладу, — будзе адказваць сям’я. Даводзіў, што сталі звальняць родзічаў — пляменьніка, сястру…».

* * *


Герб Клімавічаў — залатая пчала на блакітным полі. Назоў «Залатая пчолка» мае і міжнародны фэст дзіцячай творчасьці, які ладзіцца тут з 2001-га. У ім бяруць удзел да тысячы дзяцей з Расеі, Кітаю, Турцыі, Малдовы, Казахстану. Тут атрымала сваю першую перамогу Ксюша Сітнік, уладальніца Гран-пры дзіцячага Эўрабачаньня. Але яшчэ 5 год таму выкладчык мясцовай дзіцячай школы Ўладзімір Казырэнка сьцьвярджаў, што ўдзел клімаўчанаў у фэсьце стане мінімальным. Я сустрэўся зь ім ізноў.


Карэспандэнт: «На „Залатой пчолцы“ колькасьць клімавіцкіх музыкаў у конкурсе зьмяншаецца, як ты прагназаваў?»..

Казырэнка: «Безумоўна. Школа невялічкая, дзяцей меншае. А там такія ўмовы — калі ты заняў месца ў конкурсе, у наступным ня маеш права браць удзел. Плата павялічылася: у месяц на фартэпіяна — 14 тысяч, на баян — 12. Але піяніна каштуе 500 даляраў, і няма дзе дастаць. А якая „сьветлая“ галава прыдумала платныя паслугі для школы?! Мы бюджэтная арганізацыя — нам самым патрэбныя грошы! А мы павінны, акрамя гэтага, неяк яшчэ зарабляць! Прапануюць — „давайце платныя канцэрты, самі шукайце“. А як можна выканаць? Мы ж не філярмонія, цэлы дзень працуем зь дзецьмі. І мы не рэжысэры. Пісалі ў Міністэрства культуры, адказалі — працэнт гэтага прыбытку дае адміністрацыя прэзыдэнта…».

Карэспандэнт: «І ў якасьці „дубіны“ скарыстоўваецца сыстэма кантрактаў?».

Казырэнка: «Так! На адміністрацыю, яна — на нас. Усе мы гэта адчуваем — „ня выканаў плян платных паслуг, можам кантракт з табой не заключыць“. Гэта джаліць больш, чым цэлы рой „залатых пчол“…».

Пры канцы мінулага году нечаканы ўдар па «намэнклятурным бязьмежжы» нанесла шматдзетная маці і афіцыйна — кіраўніца дзіцячага дому сямейнага тыпу Ірына Моцная. Акрамя сваіх дваіх дзяцей, Ірына Ўладзіміраўна выхоўвае яшчэ 7 прыёмных узростам ад 7 да 15 год.


Карэспандэнт: «Адкуль было жаданьне завесьці столькі дзяцей у нашы часы?».

Моцная: «Маці заўжды сірот прыводзіла — то накорміць, то адзеньне якое дасьць. А потым мы з мужам аднолькава марылі — узялі дзяўчынку, і пайшло, і пайшло. Мне здаецца, зь імі сэнс жыцьця ёсьць. Была дырэктаркай школы — першымі адкрылі прыёмную сям’ю, у мяне і пасьведчаньне нумар адзін…».

Два апошнія гады ў яе і ўсяго сямейства доўжыліся блуканьні па жыльлёвых пакутах, якія набылі ўсебеларускі рэзананс. Працягвае спадарыня Ірына.

Моцная: «У 2008 годзе катэдж далі — былі вельмі рады, жылі ў старэнькай хатцы. Але першая ж зіма на месца паставіла, бо другі паверх ня плітамі перакрыты, а гіпсакардонам. Сьнег задзьмула, адкрылі дзьверы — сьнежны купал ляжаў на ўцяпляльніку. Пацякло ўсё, потым мароз ударыў, і ён узяўся лёдам. Палім на ўсю катушку, за батарэю нельга ўзяцца, а ў доме халадзіна. Дзяўчаты — тры сукенкі і ў ложак. Зноў адліга, сьпіць мая Віка — і на яе кап-кап-кап. І пачалася адысэя. ПМК-9 у нас. Прыяжджаюць — хі-хі, ха-ха. Скандаліла я. Урэшце „зрабілі“ — абгарнулі каркас уцяпляльніка плёнкай. А сьнег пад яе другім годам пайшоў. У калідоры лужына цэлую вясну, летам — праз касы дождж. І адну дошку прыб’юць — уедуць. Я не зьбіралася ісьці скардзіцца да Агеева, намесьніка старшыні Дзяржкантролю. Пазваніла напярэдадні былому старшыні і сказала — Віталь Леанідавіч, трэцюю зіму будзе невыносна. Сказаў — „пытаньне вырашым“. Прыслаў камісію з тых жа людзей — пасварыліся і пайшлі. Агеева абурыла — „а ты хоць раз туды схадзіў?!“.

Потым зрабілі ўсё — дах цалкам перакрылі, зрабілі дарожку, начальнік магілёўскі прыяжджаў прасіць прабачэньня…».

Пытаюся ў спадарыні Моцнай: чаму людзкія праблемы для ўлады нішто, адкуль столькі хамства?

Моцная: «Трапіў чалавек у мясцовыя князькі — цягне сваіх сяброў, кумаўё, а яны, як правіла, ня ўсе таленавітыя, разумныя і прыстойныя. Людзі, якія сюды прыяжджалі, — дзеці для іх „цьфу“. Хацелася б іх прозьвішчы назваць!».

Карэспандэнт: «Назавіце!».

Моцная: «Захараў, намесьнік старшыні па „камунальшчыках“, зьдзекаваўся зь мяне. Чынаеў, намесьнік па архітэктуры, Салдаценкаў, начальнік ПМК — па-хамску ўсе, „тут танк пройдзе, а вы кажаце, дарога дрэнная“. Мне сказалі, што было дакладзена Лукашэнку пра нашу сям’ю…».

Пасьля гэтага хутка быў зьняты з пасады кіраўнік вэртыкалі Віталь Грышанаў з фармулёўкай «невыкананьне працы належным чынам». Але памянёны Сяргей Аржанцаў прывёў мяне да двухпавярховага прасторнага катэджа з зачыненымі эўравокнамі і за высокім плотам — будыніна месьціцца непадалёк ад райвыканкаму.


Аржанцаў: «Гэты дом вядомы ўсім у Клімавічах. Пабудавалі для старшыні Грышанава. Літаральна за 100 мэтраў знаходзіцца гарадзкая бібліятэка — дому 80 гадоў. А разьмясьцілі яшчэ і дзіцячую, якая згарэла. Там вельмі цесна для кніг, няма нават і кампутара — вось такія паралелі. КНК прыяжджаў — знайшлі перавышэньне сродкаў на будаўніцтва. Але яны ведаюць — кругавая парука, іх ня кінуць. Грышанаў зараз працуе ва ўпраўленьні сельскай гаспадаркі Менскага аблвыканкаму першым намесьнікам старшыні. Сыстэма ўладных прызначэньняў грунтуецца на ўласнай адданасьці рэжыму. Калі ты „свой“, будзеш працаваць, нягледзячы ні на што…».

А цяпер пра самую прыемную сустрэчу, якая ў мяне не магла не адбыцца. Пяць год таму пазнаёміўся са знакамітым у горадзе лекарам, загадчыкам інфэкцыйнага аддзяленьня райбальніцы, сябрам КХП-БНФ спадаром Міхасём Шпакавым. Гэты прыгожы 53-гадовы мужчына з чэхаўскай бародкай быў першым у Клімавічах, хто, публічна загаварыўшы па-беларуску, на ўласную ініцыятыву стаў афармляць на мове мэдыцынскую дакумэнтацыю.


Шпакаў: «Канчаткова я стаў па-нашаму размаўляць з 97 году, пасьля рэфэрэндуму. Стаў пісаць гісторыі хваробаў па-беларуску. Ад калег былі кпіны, калі я пачаў расшыфроўваць электракардыяграмы, ад адміністрацыі — „кінь ты гэтую справу“. Не было праблем ад пацыентаў — калі баліць, зразумееш, што такое „кішкавыя захворваньні“…».

Карэспандэнт: «У цябе ў кабінэце і „Пагоня“, і бел-чырвона-белы сьцяг. Няўжо ў пэрыяды пахаладаньня табе начальства не наракала — „здымай, кідай, хавай“?!».

Шпакаў: «Былі, калі працаваў намесьнікам галоўнага лекара. Намесьнік старшыні райвыканкаму казаў зьняць іх. Зараз няма нараканьняў, усё ўспрымаецца спакойна і спагадліва ў пэўных сытуацыях…».

Карэспандэнт: «Міхась, ты ўступіў у БНФ яшчэ ў 90-х. І два дзесяцігодзьдзі не мяняў палітычнай лініі разам з Пазьняком. З чым зьвязаная такая нязломная пазыцыя?».

Шпакаў: «Я лічыў і лічу, што Зянон Станіслававіч Пазьняк — сапраўдны лідэр беларусаў. Ягоныя ацэнкі сытуацыі, прапановы заўсёды рэалістычныя, выканальныя…».

Карэспандэнт: «Але Зянона абвінавачваюць у тым, што ён цудоўны стратэг і слабы тактык…».

Шпакаў: «Я не лічу так. Ня ўсё залежыць ад аднаго чалавека. Грамадзтва мусіць дасьпець да пераменаў. Тактычныя распрацоўкі, зробленыя Зянонам, былі змарнаваныя так званай апазыцыяй, якая клікала людзей на фальшывыя выбары. Была наша думка скарыстаць пратэстны патэнцыял, каб арганізаваць байкот выбараў. Людзям трэба даваць інфармацыю пра рэальную сытуацыю ў краіне і пра тое, што робіцца гэтым фактычна акупацыйным рэжымам. Самая галоўная праблема — людзі не адчуваюць сабе беларусамі і гаспадарамі ў краіне. Як перастануць адчуваць сабе „электаратам“ ды аб’ектам для маніпуляцый — пачнуцца зьмены…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG