Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер валюта – не для ўсіх



Замежная валюта ў Беларусі зноў становіцца дэфіцытам. Першымі пад валютныя абмежаваньні трапілі суб'екты гаспадараньня рознай формы ўласнасьці. Згодна з сумеснай пастановай Саўміну і Нацыянальнага банку "Аб разьліках па імпарце некаторых тавараў" ад 1 сакавіка імпарт на суму, якая перавышае 50 тысяч эўра, павінен ажыцьцяўляцца з уласных сродкаў прадпрыемства. Купіць валюту для набыцьця абсталяваньня звыш названай сумы немагчыма. Як гэта адаб'ецца на эканоміцы краіны, дзе фармальна абвешчаная лібэралізацыя?

Абурэньне нямэтавым выкарыстаньнем валютнай выручкі падчас нарады з новым складам Савету міністраў выказаў 25 лютага Аляксандар Лукашэнка. Паводле яго, трэба спыніць практыку, калі валюту на біржы набываюць тыя, хто яе не зарабляе:

"Мы недапушчальна расхлябана ставімся да выкарыстаньня валютнай
Хопіць адбіраць у кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый валюту, якую яны зарабляюць, і раздаваць тым, хто яе ў краіну не прыносіць.
выручкі. Склалася сытуацыя, што некалькі прадпрыемстваў прыносяць валюту ў краіну, а прэм'ер-міністар і старшыня Нацбанку, грунтуючыся на незразумелых тэорыях свабоднага рынку, раздаюць каму папала гэтую валюту. Хопіць адбіраць у кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый валюту, якую яны зарабляюць, і раздаваць тым, хто яе ў краіну не прыносіць. Гэта прынцыповае пытаньне нашай эканомікі, і мы тут павінны падкарэктаваць нашу палітыку".

Высновы былі зробленыя неадкладна. У сумеснай пастанове ўраду і Нацбанку прыводзіцца пералік, на які распаўсюджваюцца абмежаваньні ў набыцьці валюты. Гэта практычна ўвесь спэктар станкоў, машынаў і абсталяваньня, якія выкарыстоўваюцца ў энэргетыцы, прамысловасьці, будаўніцтве, лёгкай прамысловасьці, сельскай гаспадарцы і транспарце. Усяго — больш за паўтары сотні пазыцый.

Былы дырэктар прадпрыемства па выпуску спэцтэхнікі "Амкадор", эканаміст Васіль Шлындзікаў лічыць, што пасьля такіх крокаў практычна не выпадае гаварыць пра мадэрнізацыю галінаў эканомікі. Апроч таго, такая непрадказальнасьць адпуджвае і без таго рэдкіх інвэстараў, якія маглі б прыйсьці ў Беларусь:

"Гэта вельмі сур'ёзнае абмежаваньне, якое ўдарыць як па буйных вытворцах,
Гэта вельмі сур'ёзнае абмежаваньне, якое ўдарыць як па буйных вытворцах, так і па дробных суб'ектах гаспадараньня.
так і па дробных суб'ектах гаспадараньня. Складана гаварыць пра нейкае абнаўленьне, мадэрнізацыю, чаго ўвесь час дабіваецца кіраўніцтва краіны. Цяпер гаворка пра тое, каб ня тое што разьвівацца, а хоць неяк выжываць. Буйныя прадпрыемствы зноў, як у 1990-я, будуць вымушаныя шукаць бартэр, асабліва на Расею. Дойдзе да таго, што, як і раней, купля абсталяваньня за мяжой будзе амаль згорнутая. Што тычыцца малога бізнэсу, то ў яго, па-першае, няма такіх вольных сродкаў, па-другое, магчымасьці бартэру. Узяць тых жа аптовых гандляроў: яны набывалі валюту, закупляліся за мяжой, а тут тавар прадавалі за рублі. А цяпер дзе ўзяць валюту для новых закупаў? Таму ўсё гэта сьведчыць пра пачатак чарговага, вельмі сур'ёзнага крызісу".

Чысты попыт на замежную валюту ў Беларусі летась павялічыўся ўдвая і склаў 7 мільярдаў 200 мільёнаў даляраў. Ва ўмовах, калі зьнешні дзяржаўны доўг перавысіў 10,5 мільярда даляраў і толькі на яго абслугоўваньне сёлета запатрабуецца блізу мільярда даляраў, на ўліку цяпер, як кажа кіраўнік Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін, літаральна кожны цэнт. Аднак, на перакананьне эканаміста, гэта не падстава, каб абмяжоўваць эканамічную дзейнасьць:

"Днямі я сустракаўся са старшынём Нацбанку, і мы абмяркоўвалі гэтыя
Любыя рэзкія зьмены без адаптацыйнага пэрыяду прыводзяць да краху ці зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці, да страты рынку і зьнішчэньня праектаў, на якія нацэленыя прадпрымальніцкія структуры.
пытаньні. Аргумэнты, якія вылучыў Пётар Пракаповіч, таксама грунтоўныя. Паводле ягонай лёгікі, любыя абмежавальныя захады можна ўспрымаць як меры стымуляваньня. Дапусьцім, ня ўлазіць у валютныя даўгі прадпрыемствам, а актыўна выкарыстоўваць рубель у гэтым інструмэнце ці лізінгавыя схемы. Можна гэта расцэньваць і так. Але, канечне, мы супраць рашэньняў, якія не выпрацоўваюцца сумесна зь дзелавой супольнасьцю. І яшчэ раз канстатуем непасьлядоўнасьць дзеяньняў дзяржавы пры выкарыстаньні мэханізмаў рэгуляваньня рынку нашай краіны, рэгуляваньня дзейнасьці суб'ектаў гаспадараньня. Бо любыя рэзкія зьмены без адаптацыйнага пэрыяду прыводзяць да краху ці зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці, да страты рынку і зьнішчэньня праектаў, на якія нацэленыя прадпрымальніцкія структуры".

Між тым дакумэнт прадугледжвае магчымасьць пераадоленьня абмежаваньняў. Так, дазвол на набыцьцё валюты звыш дэкляраванай сумы можа даць асабіста кіраўнік Нацбанку ці ягоны намесьнік, які курыруе валютны рынак. Але папярэдне заяўнік мусіць атрымаць хадайніцтва ўраду, падпісанае прэм'ер-міністрам ці ягоным намесьнікам у эканамічных пытаньнях. На рэгіянальным узроўні хадайніцтва павінна паходзіць ад старшыні аблвыканкаму ці яго намесьнікаў-"эканамістаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG