Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мубарак сышоў. Жывая відэатрансьляцыя


Віцэ-прэзыдэнт Эгіпту Амар Сулейман абвясьціў у жывым эфіры эгіпецкай дзяржаўнай тэлевізіі, што прэзыдэнт Хосьні Мубарак адмовіўся ад сваёй пасады. Уладу ў Эгіпце пераняла Рада Ўзброеных сілаў.

Выступаючы па нацыянальным тэлебачаньні, Амар Сулейман сказаў: "Суграмадзяне! У гэты цяжкі час, які перажывае краіна, прэзыдэнт Хосьні Мубарак вырашыў скласьці зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта. Ён даручыў Найвышэйшай радзе ўзброеных сілаў узяць дзяржаўныя справы пад кантроль. Хай Бог ахоўвае нас".

Адзін зь лідэраў эгіпецкай апазыцыі, былы кіраўнік МАГАТЭ Мухамад эль-Барадэй вітаў адстаўку Хосьні Мубарака з пасады прэзыдэнта краіны, перадае агенцтва Асашыэйтэд Прэс.

"Гэта найлепшы дзень майго жыцьця. Краіна стала вольнай пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў прыгнёту", – сказаў эль-Барадэй. Ён выказаў надзею, што працэс перадачы ўлады будзе "прыгожым".

Раней ён выказаў асьцярогу, што ўпартае нежаданьне Мубарака сысьці ў адстаўку прывядзе да праліцьця крыві, разам з гэтым таксама і надзею на тое, што да гэтага ня дойдзе.


Жывую трансьляцыю зь месца падзеяў вядзе тэлеканал Al Hurra:



Жывая відэатрансьляцыя з Каіру на тэлеканале Al Jazeera:




Хосьні Мубарак – эгіпецкі вайсковы, палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэзыдэнт Эгіпту ў 1981-2011.

Мубарак нарадзіўся ў 1928 г. у малой вёсцы ў дэльце Нілу. У 1949-1974 гг. ён служыў у арміі, у якой дайшоў да пасадаў камандуючага вайскова-паветранымі сіламі і намесьніка міністра абароны краіны. У 1959-1960 і 1964-1965 гг. Мубарак абучаўся ў СССР, у тым ліку ў Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве.

У 1975 г. прэзыдэнт Эгіпту Анвар Садат назначыў Мубарака віцэ-прэзыдэнтам краіны. Калі Садат быў забіты ісламістамі падчас вайсковага параду 6 кастрычніка 1981 г., Мубарак стаў прэзыдэнтам і ўвёў у краіне надзвычайнае становішча.

Прэзыдэнт Мубарак быў пераабраны большасьцю галасоў на рэфэрэндумах у 1987, 1993 і 1999 гадах. Галасаваньне праходзіла па адзінай кандыдатуры. Неабходнасьць рэфэрэндумаў абгрунтоўвалася захаваньнем надзвычайнага становішча ў краіне, выкліканага абвастрэньнем ісламскай праблемы.

26 верасьня 1999 г. у Эгіпце прайшоў рэфэрэндум аб падаўжэньні на шэсьць гадоў прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Мубарака, па выніках якога ён захаваў пасаду прэзыдэнта, атрымаўшы падтрымку ў 93,79% галасоў.

У 2005 годзе былі прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, дзякуючы якім партыі атрымалі права вылучаць сваіх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Першыя выбары па новай сыстэме прайшлі 7 верасьня 2005 года. Як і чакалася, Мубарак атрымаў перамогу. Законнасьць гэтых выбараў ставіцца пад сумнеў, паколькі было зафіксавана мноства парушэньняў.

29 студзеня 2011 г., пяць дзён пасьля пачатку вулічных пратэстаў супраць свайго кіраўніцтва, Мубарак назначыў віцэ-прэзыдэнтам Амара Сулеймана, які да таго часу быў шэфам эгіпецкай спэцслужбы.

11 лютага 2011 году адмовіўся ад сваёй пасады.

Амар Сулейман – віцэ-прэзыдэнт Эгіпту з 29 студзеня.

Сулейман нарадзіўся ў 1936 годзе. Як і Мубарак, ён пачынаў сваю кар’еру ў арміі і ў свой час праходзіў абучэньне ў Вайсковай акадэміі імя Фрунзэ ў Маскве.

У 1993 г. Сулейман стаў шэфам эгіпецкай спэцслужбы і захаваў гэтую пасаду да назначэньня віцэ-прэзыдэнтам.

Экспэрты лічаць, што Сулейман падзяляе погляды Мубарака на ключавыя пытаньні эгіпецкай палітыкі, у тым ліку на дачыненьні з Іранам, Ізраілем і ЗША ды на адносіны з ісламісцкім рухам "Братоў-мусульманаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG