Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расклейваў улёткі супраць Лукашэнкі? Значыць, асудзяць за брыдкаслоўе


Магілёўскі актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Уладзіслаў Бародка быў арыштаваны міліцыянтамі за расклейваньне плякатаў з выявай Лукашэнкі і надпісам «Нам не патрэбны такі прэзыдэнт». Здарылася гэта на трэці тыдзень пасьля дэмабілізацыі юнака з вайсковай службы.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


За 15 хвілінаў судзьдзя Станіслаў Шандаровіч вынес прысуд дзесяці затрыманым.

Двое сутак прабыў у зьняволеньні магілёўскі актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Уладзіслаў Бародка.

Зьняволілі актывіста патрульныя міліцыянты. Амаль суткі яго ўтрымлівалі ў пастарунку. Яшчэ адны — у ізалятары часовага ўтрыманьня. Судзілі там жа, у ізалятары. Пакаралі штрафам у дзьве базавыя велічыні. Як кажа актывіст, справу разглядаў судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Станіслаў Шандаровіч.

«Суд праходзіў на працягу паўтары-дзьвюх хвілінаў. „Што зрабіў?“, — спытаўся судзьдзя. Юнак адказаў: „Расклейваў тое й тое“. І ўсё. „Вось квітанцыя. Заплаціш штраф“. Ён нават не глядзеў у мой бок. Па дзесяць чалавек судзілі. За пятнаццаць хвілінаў усіх дзесяцярых асудзілі і нават не паказалі праткол».

Карэспандэнт: «Ці будзеце абскарджваць рашэньне?».

Бародка: «Так, канечне. Асудзілі й штраф далі зусім не за тое дзеяньне, якое я ўчыняў. Напісалі, што „брыдкасловіў у грамадзкім месцы“, за гэта аштрафавалі».

Уладзіславу Бародку 24 гады. Тры тыдні таму ён дэмабілізаваўся з войска.

Крысьціна Шацікава зноў у Менску на допыце

Тым часам у аддзеле міліцыі Першамайскага раёну ў Менску дапытваюць як сьведку магілёўскую праваабаронцу грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысьціну Шацікаву. На допыт яна паехала з уласнай ініцыятывы, каб заявіць, што беспарадкі на плошчы Незалежнасьці ўчынілі правакатары, а не апазыцыя.

Пры ператрусе супрацоўнікаў КДБ было больш, чым панятых

У Магілёве старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў абскардзіў ператрус, праведзены супрацоўнікамі КДБ у ягонай кватэры 15 студзеня. Скаргу ён даслаў у абласную пракуратуру. Актывіст сьцьвярджае, што сьледчыя КДБ праводзілі ператрус з парушэньнямі заканадаўства.

Было чатыры сьледчыя і толькі два панятыя, якія не маглі ўсачыць за дзеяньнямі сьледчых.
«У пратакол ня ўнесеныя ўсе прозьвішчы людзей, якія знаходзіліся ў хаце. Не былі дапушчаныя ні адвакат, ні дадатковыя панятыя, бо было чатыры сьледчыя і толькі два панятыя, якія не маглі ўсачыць за дзеяньнямі сьледчых. Панятыя былі ў адным пакоі, а адзін са сьледчых знаходзіўся у іншым. Закон жа пэўна сьцьвярджае, што здабытыя незаконна рэчы ня могуць выкарыстоўвацца ў справе».

Акрамя відэазапісу з падзеямі на Плошчы, супрацоўнікі КДБ забралі ў кватэры Салаўёва электронныя носьбіты інфармацыі, сыстэмны блёк кампутара, а таксама два бел-чырвона-белыя сьцягі. Падчас ператрусу гаспадара дома не было. У двары знаходзіліся жонка й малалетняя дачка. Камітэтчыкі ў кватэру трапілі, прыгразіўшы выламаць дзьверы.

ВІЦЕБШЧЫНА


У рэгіёне зьявіліся ўлёткі пра вязьняў СІЗА КДБ

Улёткі з прозьвішчамі палітвявязьняў СІЗА КДБ, у тым ліку й тых, хто ўжо вызвалены пад хатні арышт ці падпіску аб нявыезьдзе, зьявіліся ў Першамайскім і Кастрычніцкім раёнах Віцебску. Яны распаўсюджваюцца актывістамі моладзевага руху «Вольны шлях».

Аляксандар Кузьняцоў, адзін з заснавальнікаў руху, старшыня віцебскай суполкі «Моладзі БНФ»: «Віцебская моладзь, якая аб’ядналася ў „Вольны шлях“, зараз будзе расклейваць такія ўлёткі для жыхароў нашага гораду, каб людзі даведаліся, што менавіта адбылося 19 сьнежня, што каля двух дзесяткаў палітычных актывістаў зьняволеныя ў СІЗА КДБ. І гэта пэўнага кшталту падтрымка, бо трэба нешта рабіць дзеля іхнага вызваленьня, бо зьняволеныя яны паводле палітычнай замовы».

Аляксандар Кузьняцоў расклейвае ўлёткі

Актывісты кампаніі «Гавары праўду» пішуць лісты палітвязьням

Актывісты кампаніі «Гавары праўду» падтрымліваюць зьняволеных сваімі лістамі. Галіна Багданава адправіла сёньня чатыры такія лісты:

«Гэта лісты Някляеву, Фядуту, Вазьняку і Вінаградаву. Мы пішам ім пра сваю падтрымку. Пра тое, што ўжо дачакаліся тых, хто зараз вызвалены, і абавязкова дачакаемся ўсіх, хто цяпер яшчэ за турэмнымі кратамі».

Галіна Багданава рыхтуе лісты да адпраўкі

Збор подпісаў стартаваў у Наваполацку

Наваполацкія актывісты распачалі збор подпісаў пад патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў і спыніць крымінальную справу пра масавыя беспарадкі ў Менску 19 сьнежня. У звароце гаворыцца: «Засталіся мы, мясцовыя актывісты, якіх не дзесяткі, ня сотні, а тысячы. Нас усіх пасадзіць немагчыма! Таму мы мусім разам дамагчыся вызваленьня палітвязьняў. Мы заклікаем жыхароў усіх гарадоў, вёсак і мястэчак падтрымаць нашу ініцыятыву і распачаць збор подпісаў дзеля падтрымкі ўсіх, хто падвяргаецца палітычнаму ўціску».

Пра першыя ўражаньні ад гэтай акцыі распавядае Яўген Парчынскі, які падчас выбарчай кампаніі падтрымліваў Дзьмітрыя Вуса і Мікалая Статкевіча:

«Праўда, я меркаваў, што лягчэй будзе! Я ж кажу адразу: „Ты пішаш сваю адрэсу і ставіш свой подпіс. Калі да цябе прыйдуць і скажуць, каб адмовіўся ад подпісу, то лепш не падпісвайся!“ І многія гавораць, што баяцца — за працу, за сваякоў… Але сем подпісаў я за дзень сабраў, і хачу хаця б сотню сабраць тыдні за два».

У Віцебску прапануюць пашырыць сьпісы «неўязных»

На Віцебшчыне праходзяць нефармальныя акцыі падтрымкі і салідарнасьці. Правесьці мітынг афіцыйным чынам у адмыслова вызначаным для гэтага месцы аказалася немагчымым, кажа Аляксей Гаўруцікаў, былы кіраўнік віцебскага выбарчага штабу Мікалая Статкевіча:

«Мы хочам зьвярнуцца да Эўразьвязу, да прэзыдэнтаў эўрапэйскіх краін і ЗША, каб яны ўвялі яшчэ больш жорсткія санкцыі. І каб пашырылі сьпіс „неўязных“ — дадаць да гэтага сьпісу прозьвішча кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Маскалёва і намесьніка па ідэалягічнай працы Ляпёшкінай. Такія сьпісы трэба пашыраць».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Андрэй Пачобут працягвае змагацца з КДБ

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут падрыхтаваў у сераду новую скаргу ў вайсковую пракуратуру, якая адмовілася пачаць крымінальную справу адносна супрацоўнікаў абласной управы КДБ, якія дапытвалі яго месяц таму.

Допыт адбыўся з прычыны затрыманьня Пачобута 19 сьнежня на плошчы ў Менску, дзе ён выконваў заданьне рэдакцыі «Gazety Wyborczej».

Андрэй Пачобут перакананы, што супрацоўнікі КДБ перавысілі службовыя паўнамоцтвы. У скарзе ён, у прыватнасьці, пазначыў, што на допыце яго білі па галаве, каб запалохаць. Праверку скаргі праводзіў маёр юстыцыі Руслан Ляпешка, які не знайшоў пацьверджаньняў, што супраць журналіста выкарыстоўваліся гвалт, пагрозы і абразы. Праўда, вайсковая пракуратура прызначала судова-мэдычную экспэртызу па гарачых сьлядах, яе высновы:

Пачобут: «Тыя пашкоджаньні, якія былі ў мяне, могуць быць нанесены пры тых умовах, якія я апісаў».

Аднак пазьней, чамусьці, спатрэбілася паўторная экспэртыза, калі сьляды пашкоджаньняў на галаве значна зьменшыліся, бо мінула каля дзесяці дзён.

Андрэй Пачобут разумее, што выйграць канфлікт з КДБ нерэальна:

«Але разам з тым ёсьць і пазытыўны момант. Першае: гэтыя людзі, якія парушылі заканадаўства, аказвалі на мяне псыхалягічны і фізычны ціск, яны перасталі быць ананімнымі. Цяпер я ведаю іхнія прозьвішчы, пасады, яны вымушаныя былі пайсьці даць тлумачэньні».
На допыце супрацоўнікі КДБ называлі сябе фальшывымі прозьвішчамі.


Прынцыповы момант: на допыце ў абласной управе КДБ журналіст не даведаўся, хто канкрэтна яго дапытвае.

Пачобут: «Супрацоўнік мне назваўся фальшывым прозьвішчам, а ў матэрыялах праверкі проста сказана, што ён мне прадставіўся, гэты момант ня быў дасьледаваны. Канечне, яны павінны былі прадставіцца, ня можа такога быць, каб ананімныя супрацоўнікі аказвалі на мяне ціск. Яны парушылі беларускае заканадаўства. Яны павінны прадставіцца, сказаць, што выклікалі для папярэджаньня, правесьці гутарку і гэтак далей. Мяне затрымалі, завезьлі ў КДБ, я ня ведаў, думаў, што я арыштаваны. На мяне аказваўся псыхалягічны ціск: цябе пасадзяць, ты ня выйдзеш».

Андрэй Пачобут зазначае, што ў тлумачэньні маёра КДБ Паўла Рушніцкага, якое той даў у вайсковай пракуратуры, гаворыцца, што журналіста лічаць чалавекам, здольным да радыкальных ўчынкаў.

Пачобут: «Яны там пішуць, што я здольны да радыкальных учынкаў. Я журналіст. Думаю, што зь іхняга пункту гледжаньня гэта тое, што я напісаў пра ўсё, што адбывалася, і што выставіў у інтэрнэце матэрыялы праверкі. З майго пункту гледжаньня, гэта ёсьць нармальны ўчынак, абарона чалавека, на якога аказваецца ціск з боку спэцслужбаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG