Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін’юст адмовіў у рэгістрацыі, але «Гавары праўду!» не здаецца


Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі Рэспубліканскага дасьледча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднання «Гавары праўду!». Фармальная прычына адмовы — у Мін’юст не былі пададзеныя арыгіналы і копіі некаторых дакумэнтаў, што тычыліся ўстаноўчага сходу.

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» стартавала год таму, у лютым 2010-га. Сваёй мэтай ініцыятары абвясьцілі паказаць беларускаму грамадзтву рэальны стан рэчаў у краіне, дзе мала месца праўдзе і шмат — хлусьні. Прычым, кампанія дзейнічала ў рэчышчы закону — у Менгарвыканкаме быў зарэгістраваны «Рух наперад» як некамэрцыйная дасьледча-асьветніцкая ўстанова. А ўжо гэты рух распачаў кампанію «Гавары праўду».

Лідэрам і руху, і кампаніі стаў паэт Уладзімер Някляеў. Увосень рух зьліквідавалі. Але «Гавары праўду!» працягвала працаваць у межах перадвыбарчай кампаніі.

Зьміцер Вайцюшкевіч
На думку музыкі Зьмітра Вайцюшкевіча, актыўнага ўдзельніка многіх акцый, што праводзіла кампанія, «усё ж такі „Гавары праўду!“ разварушыла грамадзтва, насамрэч. Яны крэатыўныя. Каб не было „Гавары праўду!“ на гэтых выбарах, было б сумнавата. „Гавары праўду!“ дзейнічала ў нечым і крыху скандальна. Але яно дало нейкі рух цікавы, артыстычны, калі заўгодна, у бязьвер’і ў тое, што можна перамагчы».

Найбольш яркія акцыі «Гавары праўду!» — паштоўкі на адрас прэзыдэнцкай адміністрацыі, збор подпісаў за вуліцы Быкава ў Менску і Горадні, паездкі ў рэгіёны актывістаў на чале зь Някляевым. Але трэба было думаць пра будучыню.

Адзін з арганізатараў кампаніі Сяргей Вазьняк: «Мы ж разумелі, што выбары завершацца 19 сьнежня, а пляны працягваць кампанію былі, таму 23 лістапада правялі ўстаноўчы сход, каб яе зарэгістраваць як самастойную грамадзкую арганізацыю».

Сяргей Вазьняк
Падалі ўсе дакумэнты, але Мін’юст запатрабаваў копіі і арыгіналы некаторых дакумэнтаў, што тычыліся ўстаноўчага сходу. Офіс арганізацыі ў ноч пасьля выбараў быў апячатаны, таму паперы здабыць не ўдалося. У рэгістрацыі кампаніі адмовілі. Чыноўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон, які адказвае за рэгістрацыю палітычных партыяй і грамадзкіх аб’яднаньняў, ад камэнтароў адмовіўся:

«Без камэнтароў. Я не ўпаўнаважаны кантактаваць з прэсай».

Сяргей Вазьняк, што тычыцца адмовы ў рэгістрацыі, выказаўся так:

«У нас практыка такая ў краіне — я ня памятаю, каб грамадзкая арганізацыя альбо партыя, не лаяльная да ўлады, альбо што ствараецца не пад патранажам уладных структур, зь першага разу праходзіла рэгістрацыю».

Бальшыня актывістаў «Гавары праўду!» пасьля выбараў трапіла за краты: сам лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў, а таксама Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Фядута, Сяргей Вазьняк, Павал Вінаградаў. Дзьмітрыева і Вазьняка выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, Някляеў — пад хатнім арыштам.

«Трэба дачакацца Някляева, якое ягонае будзе рашэньне, які будзе ягоны лёс. Да выбараў ён выказваў намер працягваць кампанію. Безь яго — гэта адно, зь ім — іншае. Я лічу, што зараз самае важнае — каб усе людзі выйшлі на свабоду. Я перакананы, што знойдуцца людзі, якія пажадаюць працягваць гэтую працу».

Актывісты кампаніі будуць зноў спрабаваць зарэгістраваць «Гавары праўду!».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG