Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Някляева: «Права на абарону ёсьць, але яно не рэалізавана»


Ужо 19-ты дзень, з 29 сьнежня мінулага году, адвакаты экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча і Аляксея Міхалевіча, журналістаў Ірыны Халіп і Натальлі Радзінай, а таксама некаторых актывістаў выбарчых штабоў ня могуць сустрэцца з сваімі падабароннымі. Пры гэтым пракуратура Менску заяўляе, што «затрыманыя па крымінальнай справе ў якасьці падазраваных забясьпечаны адвакатамі і права на абарону іх выконваецца».

Фактычна ўвесь тыдзень адвакат Някляева Тамара Сідарэнка правяла ў прымальні КДБ, чакаючы чаргі на сустрэчу са сваім падабаронным. У чацьвер, 13 студзеня, паўтарылася тое, што было і ўва ўсе мінулыя дні пачынаючы ад 29 сьнежня.

«Ня трапіла. Трапіў адзін адвакат з усіх, хто заняў чаргу. Ён быў першы, я другая, але яго пусьцілі, мяне — не. Ён быў зусім па іншай справе».

У пятніцу Тамара Сідарэнка накіравала ў пракуратуру чарговую скаргу на тое, што яе не дапускаюць да падабароннага. Гэткія ж скаргі накіравалі і іншыя адвакаты. Па беларускім тэлебачаньні ім усім адказаў Сяргей Барысенка — прадстаўнік пракуратуры Менску, якая назірае за дзеяньнямі органа, што вядзе расьсьледаваньне крымінальнай справы аб непарадках 19 сьнежня.

«Падчас праверкі ходу расьсьледаваньня справы парушэньняў закону адносна права на абарону падазраваных ня знойдзена. Нормы Канстытуцыі і працэсуальнага закону цалкам выконваюцца. Усе асобы, якія затрыманыя па гэтай справе як падазраваныя, забясьпечаныя адвакатамі, і іх права на абарону выкананае».

Ці гэта так? Вось меркаваньне адваката Тамары Сідарэнкі.

Тамара Сідарэнка
«Ня трэба падмяняць паняцьці. Ніхто ня кажа, што ў таго ж Някляева няма абаронцаў. У яго абаронцаў нават два. Але чамусьці абаронцы і Някляеў ня могуць рэалізаваць свае правы на размову без абмежаваньня колькасьці, на канфідэнцыйнасьць размоваў і гэтак далей. Тое самае ня толькі са мной, але, наколькі мне вядома, і шмат з кім зь іншых адвакатаў. Мы тройчы пісалі скаргі ў пракуратуру краіны, тая адправіла нашы скаргі, назваўшы іх зваротамі, у пракуратуру гораду. А адтуль нам кажуць, каб мы зьвярталіся да органа, які вядзе сьледзтва — у менскую гарадзкую міліцыю».

Такім чынам, паводле адваката Сідарэнкі, справу аб падзеях 19 сьнежня вядзе менская гарадзкая міліцыя. Між тым самыя гучныя сьледчыя дзеяньні — ператрусы, затрыманьні, допыты — вядуць супрацоўнікі КДБ. На гэтым тыдні менавіта супрацоўнікі КДБ дапытвалі ў справе 19 сьнежня журналістаў «Народнай волі» Марыну Коктыш і Сьвятлану Калінкіну, старшыню БАЖ Жанну Літвіну і яе намесьніцу Аліну Суравец, праводзілі паўторныя вобшукі ў кватэрах Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп, а таксама ў кватэры бацькоў журналісткі. Чарговы ператрус адбыўся і ў кватэры Вольгі Някляевай — якраз у той час, калі жонка экс-кандыдата мела сустракацца з амэрыканскім сэнатарам Рычардам Дурбіным, які знаходзіўся ў Менску.

Пра гэта Вольга паведаміла карэспандэнту «Свабоды»:

Вольга Някляева
«Выбралі спэцыяльна, я думаю, гэты момант. Паказалі пастанову на ператрус, датаваную 3 студзеня, а сёньня ж 14-га. Ператрус праходзіў нядоўга, тут у нас усяго два пакоі. Тым больш што ў нас забралі ўсё ў траўні падчас ператрусу: няма ні кампутараў, ні носьбітаў інфармацыі. Перагледзелі вершы Ўладзімера Пракопавіча, яго дакумэнты, паглядзелі шафы, камод, гаўбец. Нічога не знайшлі».

Вось што думае пра мэту паўторных ператрусаў у кватэры Ірыны Халіп і ейнай маці Вольга Бандарэнка, якая спрабавала стаць сьведкай на гэтых ператрусах, але яе не пусьцілі:

«Мяркую, гэта была форма псыхалягічнага ціску. І яшчэ ёсьць варыянт — баюся, каб нешта падчас такіх ператрусаў не падкінулі. Таму я і спрабавала быць сьведкай, але мяне не пусьцілі».

Да мужа Вольгі Бандарэнкі, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі таксама не дапускаюць адваката. Супрацоўнікі КДБ прапаноўвалі Вользе сустрэцца з мужам і ўгаварыць яго зьмяніць пазыцыю адносна паказаньняў аб падзеях 19 сьнежня, але жанчына адмовілася.

Дарэчы, амэрыканскі сэнатар спадар Дурбін сустрэўся ў Менску з сваякамі вязьняў, а таксама зь міністрам замежных спраў Беларусі Мартынавым. Пасьля гэтых сустрэч Рычард Дурбін паведаміў журналістам, што ў Вашынгтоне намераны размаўляць пра беларускія падзеі зь дзяржсакратаром Гілары Клінтан. Сэнатар спадзяецца на хуткае вызваленьне вязьняў 19 сьнежня:

«Я спадзяюся, Лукашэнка разумее, як несправядліва і незаконна тое, што адбылося, і ён прыме рашэньне пакласьці канец гэтаму крызісу. Ён здатны гэта зрабіць і вызваліць вязьняў».

14 студзеня ў Вільні прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Нэнсі Макэлдані заявіла адносна вязьняў:

«Калі арыштаваныя ня будуць вызвалены вельмі хутка, у нас ня будзе іншага выйсьця, як лічыць іх палітзьняволенымі. А гэта будзе азначаць, што зноў будуць уведзеныя санкцыі, дзеяньне якіх было прыпыненае». На просьбу ўдакладніць — як хутка такое можа здарыцца — амэрыканская чыноўніца адказала: «Гэта пытаньне некалькіх дзён», — паведамляе агенцтва «Інтэрфакс».

Мілана Міхалевіч
Днямі беспрэцэдэнтны ціск зьведала і Мілана Міхалевіч, жонка яшчэ аднаго экс-кандыдата ў прэзыдэнты — Аляксея Міхалевіча. Мілана плянавала ўзяць удзел у абмеркаваньні беларускіх падзей у польскім Сойме. Напярэдадні ёй неспадзявана патэлефанаваў сам Аляксей і папрасіў ня ехаць у Варшаву, а калі Мілана вырашыла ўсё ж не паслухацца, то кадэбісты перанялі яе на дарозе каля Баранавічаў і заявілі, што выезд ёй забаронены. Мілана Міхалевіч паведаміла "Свабодзе", што хацела сказаць у польскім Сойме:

«Адзначыла, што 19 сьнежня павінна было стаць сьвяточным днём і лягічным падсумаваньнем самай лібэральнай перадвыбарчай кампаніі. А ў выніку гэты дзень набыў колер дубінак спэцпадразьдзяленьняў, і змрок, які ў той дзень апусьціўся на нашую краіну, на жаль і па сёньня працягваецца і для нашай краіны, і для нашай сям’і. Спадзяюся, што Польшча, Эўразьвяз і міжнародная супольнасьць выкарыстаюць усе магчымыя мірныя сродкі, каб вызваліць нашых родных і ўсіх незаконна арыштаваных людзей».

Тэкст выступу Міланы Міхалевіч быў агучаны ў Сойме Польшы. Спэцслужбы таксама перашкодзілі выехаць у Варшаву маці палітвязьня Паўла Севярынца Тацяне. Тры супрацоўнікі КДБ затрымалі жанчыну па дарозе на цягнік, адвезьлі ў абласную управу КДБ і там адабралі пашпарт.

Адносна экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча сытуацыя з 29 сьнежня таксама не зьмянілася — адваката да Статкевіча не дапускаюць, адпаведна няма зьвестак пра тое, як ён пачуваецца і ці трымае дагэтуль галадоўку, якую абвясьціў адразу пасьля 19 сьнежня.

Да некаторых з арыштаваных паводле падзей у дзень выбараў на гэтым тыдні ўсё ж дапусцілі адвакатаў. Гэтак, змагла сустрэцца зь Сяргеем Вазьняком, актывістам штабу Ўладзімера Някляева, адвакатка Ларыса Атаманчук.

«Я не сама яго хадзіла наведваць, а было сьледчае дзеяньне, таму ўдалося ўбачыцца і спытаць пра здароўе. Дзякуй Богу, у яго са здароўем усё нармальна. Буду спрабаваць на наступным тыдні яго наведаць. Трэба пагаварыць сам-насам».

Адвакат перадала словы Сяргея Вазьняка пра ўтрыманьне ў турме КДБ — што ўмовы жорсткія, але ён прызвычаіўся і ставіцца да арышту як да знаходжаньня ў войску. Сяргей Вазьняк — былы афіцэр, ён скончыў палітычную танкавую вучэльню.

Таксама на гэтым тыдні ўдалося сустрэцца з адвакатам кіраўніку выбарчага штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімеру Кобецу. Пра гэта паведаміла жонка Ўладзімера Ульяна. Паводле зьвестак адваката, Уладзімер у турме КДБ захварэў на бранхіт і цяпер яму неабходнае адмысловае лячэньне:

«У яго бранхіт. Ён, як мне вядома, увесь час скардзіўся на тое, што яму ў камэры холадна, прасіў цёплыя рэчы. Відаць, гэта адбілася».

Зьвестак пра стан здароўя мужа Ульяне Кобец у КДБ не даюць.

Мела спатканьне з адвакатам і адна зь лідэраў «Маладога фронту» Наста Палажанка. Уладзімер Палажанка паведаміў, што яго дачка трымаецца ў турме КДБ мужна: «Яе не зламалі».

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» днямі прызнала Насту Палажанку палітвязьнем. «Малады фронт» зьвярнуўся да арганізацыі з заклікам прызнаць палітвязьнямі таксама Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якіх беларускія ўлады арыштавалі напярэдадні выбараў паводле сфабрыкаваных, як лічаць маладафронтаўцы, абвінавачаньняў у крымінальным злачынстве.

Зь мінулага году адвакатаў не дапускаюць і да лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Жонка палітыка Сьвятлана кажа пра абмежаваньні нават ў перадачах:

«Ня маем магчымасьці нават пачак печыва перадаць. Сказалі, або сухары, або сушкі. Цукерак таксама нельга. Карацей, абсурдная сытуацыя».

Лісты да вязьняў ад сваякоў не даходзяць. Такую выснову робяць актывісты «Вызваленьня» — грамадзкай ініцыятывы, якую стварылі сваякі вязьняў 19 сьнежня. «Гэта вынікае з пытаньняў, якія нашы сваякі задаюць пра нас адвакатам», — кажуць у «Вызваленьні».

Цягам тыдня працягваліся ня толькі ператрусы і допыты па справе 19 сьнежня, але і затрыманьні. Гэтак, у Менску быў затрыманы на 3 дні мянчук Дзьмітры Буланаў, у Наваполацку — Віктар Калесьнікаў з былога штабу Андрэя Саньнікава, у Гомелі на 8 сутак арыштаваны актывіст «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Кастусь Жукоўскі.

Паводле праваабаронцаў, колькасьць падазраваных у справе 19 сьнежня дасягнула 31 чалавека. Большасьць зь іх знаходзяцца ў турме КДБ «амэрыканка». Між тым у ізалятары на Акрэсьціна яшчэ адбывае адміністрацыйнае пакараньне за ўдзел у падзеях 19 сьнежня актывіст Юльян Місюкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG