Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люцыя Халіп: «Мне забаранілі паведамляць пра вынікі ператрусаў»


Ірына Халіп. Фота Міхаіла Ермалюка.
Ірына Халіп. Фота Міхаіла Ермалюка.
У кватэры экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп, а таксама ў кватэры бацькоў журналісткі прайшлі ператрусы.

12 студзеня супрацоўнікі КДБ правялі чарговы ператрус у кватэры Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп на вуліцы Кісялёва, а потым зрабілі ператрус у кватэры бацькоў Ірыны Халіп. Маці журналісткі Люцыя Юр’еўна прысутнічала падчас абодвух ператрусаў, але яна ня можа паведаміць пра вынікі.

Карэспандэнт: «Ці можаце сказаць, што ў выніку ўзялі ці не ўзялі?»

Люцыя Халіп: «Не, не магу. Давала падпіску».

Карэспандэнт: «А ваш унук, Данік, застаўся на той кватэры?»

Люцыя Халіп: «Так, зь няняй».

Карэспандэнт: «Ці доўгія былі вобшукі?»

Люцыя Халіп: «У мяне нядоўга, а там, на кватэры Ірыны і Андрэя, даўжэй».

Як і раней, ператрус праходзіў у прысутнасьці 3-гадовага сына арыштаваных — Даніка. Вольга Бандарэнка, жонка вязьня КДБ Зьмітра Бандарэнкі, спрабавала прайсьці ў кватэру, каб быць сьведкай, але яе не пусьцілі. Вольга згадвае, як паводзіў сябе Данік падчас першага ператрусу:

Не выключаю, што нешта могуць падкінуць.
«Сядзеў нерухома, як саляны слупок. Хаця гэта было 4 з паловай гадзіны, але нават не зварухнуўся. Асабіста я нават не магу ўявіць: што можна зноў там шукаць? Калі б туды за гэты час нехта прыяжджаў зь сяброў, прыхільнікі якія-небудзь, ці што… А то ж нікога, акрамя бабулі і ўнука. Мяркую, гэта такая форма псыхалягічнага ціску, хутчэй за ўсё. І яшчэ не выключаю, што нешта могуць падкінуць. Таму я хацела сама быць сьведкай, але мяне не пусьцілі».

Ці ёсьць навіны пра арыштаваных экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева, Міколу Статкевіча і Алеся Міхалевіча ды іншых вязьняў турмы КДБ? Адвакаты Павал Сапелка, Тамара Сідарэнка, Алег Агееў, Тацяна Статкевіч кажуць, што іх да падабаронных па-ранейшаму не дапускаюць. Скаргі ў суды на меру стрыманьня, а таксама ў КДБ вынікаў не далі. Адзін з адвакатаў на ўмовах канфідэнцыйнасьці сказаў: «Сьледчыя наўмысна адцягваюць спатканьне падсьледнага з адвакатам нібыта на той падставе, што сьледчых дзеяньняў зь яго ўдзелам няма, а праверыць гэта зараз немагчыма. Звычайна толькі ўжо потым, з матэрыялаў справы мы даведваемся, што насамрэч допыты ішлі», — кажа крыніца. Нагадаю, адвакаты не сустракаліся зь фігурантамі справы аб беспарадках 19 сьнежня ўжо 14 дзён. Зьвестак пра стан здароўя арыштаваных таксама не даюць.

«Наконт здароўя? Не выклікаюць, і таму ніякіх навінаў сказаць не магу», — адказаў адвакат Ірыны Халіп Уладзімер Тоўсьцік. На сёньня гэта тыповы адказ усіх адвакатаў.

З шэрагу экс-кандыдатаў, якія застаюцца пад арыштам, вылучаецца Алесь Міхалевіч, зьвесткі пра якога супярэчлівыя. Паводле жонкі палітыка Міланы 11 студзеня ўвечары муж пазваніў ёй на мабільны тэлефон і ў размове сказаў, што «горшага яму ўжо ня зробяць». Таксама Алесь Міхалевіч паведаміў, што ў камэры ізалятара КДБ, дзе ён раней быў, «засталіся некаторыя ягоныя рэчы». Пасьля гэтых зьвестак Мілана Міхалевіч паставіла пад сумнеў інфармацыю сьледзтва , што яе мужа зноў трымаюць у ізалятары КДБ. Адвакат Міхалевіча Алег Агееў, аднак, настойвае, што пасьля кароткачасовага ўтрыманьня Міхалевіча ў ізалятары на Валадарскага яго вярнулі ў «амэрыканку».

Карэспандэнт: «Усё ж на Валадарцы ён быў ці не?»

Адвакат Агееў: «Быў».

Карэспандэнт: «І яго вярнулі ў ізалятар КДБ?»

Адвакат Агееў: «Так».
Міхалевіча, паводле чутак, дзеля таго і перавялі ў горшыя ўмовы на „Валадарцы“, а потым вярнулі, каб ня скардзіўся больш.

Паводле Алега Агеева, які бачыўся зь Міхалевічам на мінулым тыдні, той ня скардзіўся на стан здароўя.

Сваякі арыштаваных абмяркоўваюць між сабой чуткі пра тое, што вязьняў «амэрыканкі» пачалі перасаджваць у іншыя камэры, а таксама — што з камэраў зьніклі сьпісы правоў і абавязкаў вязьняў. Нібыта гэта адбылося пасьля скаргаў Алеся Міхалевіча:

«Кажуць, што ён адстойваў свае правы на перадачы, спасылаўся на гэтыя правілы. І тады гэтыя правілы забралі з камэр, вязьні ўжо ня ведаюць, што ім дазволена, а што нельга, калі не завучылі на памяць. А Міхалевіча, паводле чутак, дзеля таго і перавялі ў горшыя ўмовы на „Валадарцы“, а потым вярнулі, каб ня скардзіўся больш, што яму тут сядзець не падабаецца», — казала Вольга Бандарэнка, жонка каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі, які таксама знаходзіцца ў «амэрыканцы».

Паводле сваякоў арыштаваных, перадачы для вязьняў прымаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG