Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праспэкт-2010


Хаця бяды нішто не прадвяшчала і здавалася, што плошчы пагражаюць хіба што мароз і сытая апатыя менчукоў, бо традыцыйныя страшылкі ўладаў выглядалі надта фармальна і блякла ў параўнаньні з 2006 годам, цалкам у духу лібэральных павеваў апошніх месяцаў, прыкладна за суткі да дня выбараў мяне ахапіла невытлумачальная трывога. Я катэгарычна адмовіў жонцы ў яе жаданьні прыйсьці на плошчу разам з нашым васьмігадовым сынам, які таксама загарэўся ідэяй удзелу ў мітынгу супраць дыктатуры і хацеў прыхапіць з сабой драўляны меч. Больш за тое, я пачаў упрошваць і яе саму не прыходзіць. Упершыню за многія гады. Раней такой думкі ў мяне не ўзьнікала, калі была магчымасьць, мы выходзілі на мітынгі разам. У сваю чаргу, жонка, якой перадалася мая трывога, стала адгаворваць старэйшага сына - студэнта. Нягледзячы на сваю перакананасьць у тым, што ўжо хто-хто, а студэнты ня маюць права быць сацыяльным плянктонам. Яны па вызначэньні або бунтары, або не заслугоўваюць званьня студэнтаў.

Карацей, парадаксальным чынам на душы ў нас было вельмі неспакойна напярэдадні 19 сьнежня. Парадаксальным, бо ў 2006-ым я ішоў на плошчу - за выхад куды пагражалі расстрэльным артыкулам, і гэтая пагроза выглядала досыць праўдападобнай, паколькі лібэралізацыяй нават і ня пахла, а на ўсялякія там эўропы з амэрыкамі ўлада плявала з высокай званіцы - у прыўзьнятым, амаль сьвяточным настроі. Зрэшты, у той час мая сям'я знаходзілася ў падмаскоўным дачным мястэчку і за яе можна было не хвалявацца.

Калі ў сеціве зьявілася паведамленьне, якое мы прачыталі, ідучы з калёнай Рымашэўскага ад вакзалу ў бок Кастрычніцкай плошчы, што Ўладзімер Някляеў жорстка зьбіты і знаходзіцца ў рэанімацыі, я прамовіў уголас: «У мяне было прадчуваньне, што нешта такое абавязкова здарыцца...»



(Ілюстрацыя запазычаная ў блогера genosse_u)

Тым ня менш, пераадольваючы ўсё большую трывогу, на плошчу я пайшоў. Бо, як і было сказана, «калі цябе няма на плошчы - значыць, цябе няма наогул». Аднаму зацятаму хатняму тролю сайта svaboda.org прымроілася ў гэтых словах хамская абраза на адрас беларусаў, якія з розных прычынаў выходзіць на плошчу не зьбіраліся. Пэўна, ён вырашыў, нібыта я грэбліва называю пустым месцам тых, хто застанецца дома ўвечары 19-га. Каб не было непаразуменьняў, тлумачу як мага больш даступна: гаворка ішла пра тое, што ўлады не пакінулі сваім апанэнтам іншай магчымасьці заявіць пра сябе, праявіцца, апроч як выйсьці разам на вуліцы гораду. Той, хто песьціць свой пратэст выключна ўнутры, у хатніх умовах, застаецца нябачным для ўладаў і не прымаецца ў разьлік. Таму ніякіх абразаў, проста канстатацыя факту: жадаеш існаваць як сацыяльна-палітычная адзінка - выходзь з глухой каморы на сьвятло. Іначай для ўлады (не для мяне, хто я такі, каб кагосьці судзіць) ты застанесься пустым месцам, якое можна і надалей ігнараваць.

Папярэдне я схадзіў прагаласаваць за Мікалая Статкевіча.

У 2001-ым мне давялося галасаваць за «альтэрнатыўнага кандыдата» фактычна супраць волі, сьціснуўшы зубы, бо насамрэч я не хацеў бачыць яго прэзыдэнтам. І потым, шчыра кажучы, мне было сорамна за свой аддадзены голас. Праводзячы яго з плошчы-2001 да машыны, а ён ішоў у атачэньні шматлікай прафэсійнай аховы, мы з жонкай пракрычалі вядомы «антыдзяржаўны лёзунг». Нечакана для нас ён павіс у паветры, як быццам мы «далі пеўня» і прысутным зрабілася няёмка. Я б сказаў, той антыдзяржаўны лёзунг нават выклікаў адмоўны рэзананс з боку кандыдата і ягонага атачэньня. Падалося, што яны грэбліва паморшчыліся. Тады мы з жонкай адскочылі ад іх кампаніі нібы сабакі, якіх аблілі вадой.

Таму ў 2006-ым я праігнараваў галасаваньне. Калі б не праігнараваў, перажыў бы пякучы сорам ізноў. Цяпер, галасуючы за Статкевіча, які не заклікаў галасаваць за яго і ня меў амбіцыяў на перамогу ў гэтым «балаганчыку», я галасаваў за патрабаваньне «вярнуць народу права кіраваць сваім лёсам». Мне ўпершыню ня сорамна за свой удзел у галасаваньні. Як, падазраю, можа быць сорамна тым, хто прагаласаваў за «адэкватных» кандыдатаў, упадабаных галоўнакамандуючым разгонам плошчы-2010.

Ужо на сваім выбарчым участку я ня вытрымаў і пачаў бузіць. У фае калектыў школьнікаў пад наглядам дарослых сьпяваў патрыятычную песьню для выбаршчыкаў, прасякнутую цялячым аптымізмам, пра тое, як нам усім пашанцавала жыць у такой прыўкраснай ва ўсіх адносінах краіне. Яшчэ больш нам усім пашанцуе, голасна выгукнуў я, зьвяртаючыся да ўсіх, хто знаходзіўся ў фае, калі мы пазбавімся нарэшце застарэлага прэзыдэнта. Пасьля майго выгуку ў памяшканьні запанавалі не ідэалягічна-правільная агрэсія ў адносінах да варожага «парушальніка спакою», не іранічны сьмех з блазнаватага дзівака, а прыгнечанае маўчаньне і разгубленасьць... Тое самае паўтарылася на другім паверсе, дзе праходзіла галасаваньне, калі я ўсчаў лямант наконт якасьці бюлетэняў, «зробленых з туалетнай паперы як быццам адмыслова для спрашчэньня фальсыфікацыі». Чальцы камісіі, якія меліся быць гатовымі даваць адлуп сварлівым скандалістам накштал мяне, чырванелі і здушана адказвалі нешта няўцямнае: «Ну чаму... нармальныя ў нас бюлетэні, чаму вы так кажаце, яны ж нібыта нармальныя, нічога такога».

Гэты прыватны выпадак варта запісаць у сымптаматычныя прыкметы часу: тыя, хто па доўгу службы павінен падтрымліваць галоўнакамандуючага, страцілі цьвёрдую глебу пад нагамі. Пазьней мая выснова знойдзе пацьверджаньне і ў размовах зь міліцыянтамі.

Але пакуль тое, я, прагаласаваўшы за вяртаньне народу права кіраваць сваім лёсам, адправіўся на вакзал, дзе мы дамовіліся сустрэцца з блогерамі. Апроч найцікавейшых беларускіх блогераў, я сустрэў там сваю маці-пэнсіянэрку, якая ехала ў Менск паўтары гадзіны электрычкай з тэмпэратурай, каб быць на плошчы, сваю цётку, унівэрсытэцкую выкладчыцу, якая прыйшла сюды разам з сынам-адзінаццаціклясьнікам, стрыечную сястру Дзьмітрыя Завадзкага, а таксама - ось цо да! - Юрыя Шаўцова, вядомага праўладнага палітоляга, уладай аднак незапатрабаванага. Той падышоў да мяне, калі калёна па пераходзе выйшла на вуліцу Кірава, каб запытацца, як і куды мы будзем рухацца. Ого, кажу, які сюрпрайз, Юры Шаўцоў з народам. Дзіўна, той чамусьці адразу сумеўся і пачаў казаць, што ён гэта ня ён. Разумею. Мне таксама не заўсёды падабаецца адназначная ідэнтыфікацыя, вельмі зручная ня толькі для захаваньня аўтарскіх правоў, але і для складаньня міліцэйскіх пратаколаў. Аднак вам няма чаго хвалявацца, спадар Шаўцоў. Практыка паказала, што мае сьведчаньні не прымаюцца беларускім судом да ўвагі. Можаце спаць спакойна, да вас ня прыйдуць, каб арыштаваць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.



(Ілюстрацыя запазычаная ў блогера genosse_u)

Як і ўсё «несанкцыянаванае мерапрыемства» у цэлым, шэсьце калёны Рымашэўскага было ня проста мірным, а маніякальна мірным, зьдзекліва мірным. Нават тады, калі стала вядома пра жорсткае зьбіцьцё Някляева, калёна па-ранейшаму працягвала спыняцца на чырвонае сьвятло і пераходзіць вуліцу строга ў адведзеных месцах. Хаця, на мой погляд, мела з таго моманту поўнае маральнае права (я не магу сказаць - абавязак, бо хто я такі) на любое непадпарадкаваньне і супрацьдзеяньне ўладам, што «пераступілі той Рубікон, да якога наогул нельга блізка падыходзіць».

Скажу крамолу: нават калі б тыя няшчасныя шыбы ў Доме ўраду разьбілі не правакатары, гэта было б непрапарцыянальным адказам на ўчынены ўладамі гвалт. Маецца на ўвазе, непрапарцыянальна мяккацелым і бяззубым. Паглядзіце на эўрапейскія сталіцы, якія па чарзе ўспыхваюць і выбухаюць з малаважных па беларускіх мерках нагодаў. Параўнайце характар і маштаб разбурэньняў, напрыклад, у Парыжы, Рыме, Афінах, Лёндане з трыма разьбітымі шыбамі ў Доме ўраду. Вам будзе няёмка і сьмешна называць тое, што адбылося ў Менску 19 сьнежня, «масавымі беспарадкамі».

За гадзіну да сканчэньня галасаваньня «атрымаў у морду», паводле тэрміналёгіі галоўнакамандуючага, ня толькі адзін з кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду, нават ня толькі тыя, хто аддаў за яго свае галасы. Атрымалі ў морду і тыя, хто спадзяваўся, што ім нарэшце дазволена сапраўды зрабіць свабодны альтэрнатыўны выбар на ўчастках для галасаваньня, і тыя, хто прагаласаваў за безальтэрнатыўную ўладу, абіраючы гарантаваную стабільнасьць. Першым галоўнакамандуючы навочна прадэманстраваў, дзе іхнае месца - мордай у сьнезе. А другіх нахабна падмануў: 19 сьнежня скончыліся ня «войны», скончыўся мір у Беларусі. Скончыўся канчаткова і беззваротна. Ён ня зможа доўга ўтрымлівацца выключна на амонаўскіх дубінках, на бяздарнай папсе, якой спрабавалі заглушыць галасы незадаволеных на Кастрычніцкай плошчы і нязбытных абяцаньнях, што мы ўжо зусім хутка будзем жыць як у Швэйцарыі, варта толькі захоўваць цішыню і парадак, каб капітал адчуваў сябе ў Беларусі бязбоязна. Разумееце, не народ, а капітал павінен адчуваць сябе бязбоязна.

«Калі ўрад парушае правы народа, паўстаньне для народа і для кожнай яго часткі ёсьць ягоным сьвятым правам і неадкладным абавязкам». (Французская Дэклярацыя правоў узору 1793 году.)

Беларусы гэтым правам пакуль што не скарысталіся, бо разьлічвалі на тое, што яшчэ ня вычарпаныя ўсе мірныя магчымасьці зьмены палітычнай сытуацыі. Вымушаны з прыкрасьцю канстатаваць: яны вычарпаныя. Беларуская ўлада 19 сьнежня зачэрпала занадта шмат, да донца.

На Кастрычніцкай плошчы праз аглушальную папсу з дынамікаў не было чуваць, што гаворыцца з прыступак Палаца прафсаюзаў. Але незадоўга перад тым, як натоўп пачаў выходзіць на праспэкт, мне ўдалося падабрацца максымальна блізка да альтэрнатыўнай крыніцы гуку. Чуваць усё роўна было кепска, але ж не настолькі кепска, каб ня чуць заклікаў ісьці да плошчы Незалежнасьці. Дык вось, я гэтых заклікаў ня чуў. Пазьней чытаў, што нейкія заклікі з трыбуны кудысьці рухацца і чагосьці патрабаваць усё ж былі. Ну, ня ведаю. Што я чуў, дык гэта размовы «шараговых» прысутных на плошчы аб тым, што трэба ўжо куды-небудзь рухацца, бо стаяць і слухаць гэтую папсу далей проста немагчыма. Падобна, стартавым сыгналам стала таксі, якое раптоўна ўстала пасярод праспэкту, часткова спыніўшы рух. Яно як магнітам прыцягнула людзей да сябе, і яны стыхійна пачалі выходзіць на праезную частку. Пазьней я увесь час спрабаваў разгледзець «лідэраў» на чале калёны. Іх там не было. Калёна нікім не ўзначальвалася, у строгім сэнсе слова.

Таму я б назваў падзеі 19 сьнежня ня «плошчай», а «праспэктам». Менавіта тут адбылося цалкам свабоднае волевыяўленьне свабодных грамадзянаў. Плошчы, як Кастрычніцкая, гэтак і Незалежнасьці, аказаліся пасткамі. Калі свабодныя грамадзяне перайшлі з адной плошчы на другую, яны раптоўна ізноў засумавалі па «лідэрах», адразу пачалі вышукваць іх, каб імі хто-небудзь кіраваў. Далібог, лепей бы яны там не спыняліся, а пайшлі далей і далей - праз усю Беларусь...

Але адбылося тое, што адбылося. Нічога, аднойчы беларусы нарэшце навучацца самастойнасьці. Час прыйшоў.

Пачатак:

Палёт над зязюліным гняздом па-беларуску

Працяг будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG