Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як бы Захад мог дапамагчы Беларусі. Але не дапаможа...


Прынізілі мільёны маіх суайчыньнікаў. Брыдкае і зьняважлівае пачуцьцё. Я не галасаваў, але таксама чуюся прыніжаным. У майго народу забралі права выбару і зусім зь ім ня лічацца. Як і з канстытуцыяй ды законамі...

Адразу пасьля выбараў адзін журналіст, некалькі гадоў таму дэпартаваны зь Беларусі, напісаў палымянае эсэ пра беларускіх герояў, якія на плошчы ратавалі гонар нацыі. Але я падзяляю пафас таго тэксту толькі часткова. Словы захапленьня беларусамі ў эсэ перамяжаюцца з праклёнамі і папрокамі на адрас Захаду, найперш Эўропы, якія здрадзілі беларускую дэмакратыю, пакінулі беларускую апазыцыю і вядуць цынічную гульню з дыктатарам. Пра Расею той аўтар сказаў усяго два-тры сказы, маўляў сонная Расея яшчэ не раскатурхалася і мова пра яе пойдзе пазьней.

ХТО ВІНАВАТЫ


Думаю, што любы аўтар пры такіх развагах меўся б прыгадваць Расею найперш. Менавіта гэтая імпэрская краіна, якая страціла нядаўна частку сваіх ускраінных калёніяў, пакутліва перажывае гэтую страту і адчайна спрабуе хоць нешта вярнуць, НАЙПЕРШ вінаватая ў тым, што адбываецца зь Беларусьсю. Той журналіст меў бы не забывацца, што гэта якраз Расея (яна, адзіная) утрымлівае цяперашні беларускі рэжым – самі ж нядаўна падлічылі, што за апошнія 10 гадоў сяброўства зь Беларусьсю ім каштавала 55 мільярдаў даляраў.

Ну але падлікі гэтыя ў Расеі рабілі ў часе сёлетніх сварак зь Менскам. І былі гэта, як аказалася, усяго толькі сяброўска-братэрскія сямейныя папрокі. Насамрэч расейская эліта, якая дзесяцігодзьдзямі працавала “по линии гланого противника” і прывыкла быць таму праціўніку адзінай роўняю ў сьвеце, ня можа цяпер адчуваць сябе камфортна без інтэграцыі і вайсковых саюзьнікаў на сваіх заходніх межах. Таму за тыдзень да выбараў, раптам, дамовіліся пра бязмытную нафту і падпісалі пагадненьне аб адзінай эканамічнай прасторы. Магчыма шмат хто недаацаніў дамову пра нафту, думаючы, маўляў, ну і што, што ўся нафта ў Беларусь пойдзе бяз мыта – і Беларусь жа будзе аддаваць усё экспартнае мыта за прададзеную нафту ў расейскі бюджэт. Ну так. Толькі ніхто не напісаў, колькі бязмытнай расейскай нафты застанецца ў Беларусі, колькі яе будзе перапрацавана і прададзена беларускім спажыўцам па завышаных коштах і колькі яе паслужыць на карысьць адсталай і нерэфармаванай беларускай народнай гаспадаркі. А вось Пуцін 16 сьнежня падлічыў (папярэдне абмовіўшыся, што гэта яшчэ і ня поўная сума), што Беларусь у наступным годзе атрымае ад Расеі субсыдыяў на суму 5 мільярдаў 300 мільёнаў даляраў.

Мала хто заўважыў і тое, што празь дзень пасьля выбараў, ужо 21 сьнежня, Палата прадстаўнікоў ратыфікавала падпісанае тыдзень перад гэтым у Маскве пагадненьне аб стварэньне з 2012 году адзінай эканамічнай прасторы. Цяжка прыгадаць яшчэ хоць адзін прыклад такой вокамгненнай ратыфікацыі... Ясна, што ў такі спосаб рэжым заплаціў Маскве за фінансавую падтрымку і за будучае прызнаньне выбараў. Карацей, дамовіліся. Можна сказаць, што Масква зрабіла магчымым тое, што адбылося ў Менску 19 сьнежня і ў наступныя дні, Масква дазволіла пакалечыць Някляева і Саньнікава і г.д.

МАРАЛЬНАЯ АДКАЗНАСЬЦЬ ЗАХАДУ ПЕРАД БЕЛАРУСЬСЮ


Што да маральнай адказнасьці Захаду, пад якім я разумею Эўропу і Амэрыку, дык яны перад Беларусьсю, вядома, таксама вінаватыя. У апошнія тыдні ў інтэрвію Радыё Свабода беластоцкі прафэсар Яўген Мірановіч і славуты амэрыканскі аналітык Пол Гоўбл згадзіліся, што ў пачатку 90-х гадоў Захад не заўважыў Беларусі і недастаткова дапамог ёй эканамічна, не дапамог выйсьці з-пад злавеснай залежнасьці ад былой мэтраполіі. І я згаджаюся з экспэртамі. Але не згаджаюся з аўтарам палымянага эсэ. Таму што віна Захаду перад Беларусьсю у параўнаньні з Расеяй непараўнальна меншая.

Калі ж падзяліць Захад на Эўропу і ЗША, дык і тут маецца герархія віны. “Главный противник” маскоўскіх (піцерскіх) – Амэрыка, на маю думку, займае найбольш пасьлядоўную і сумленную пазыцыю адносна Беларусі ў апошнія 10 гадоў, калі дыктатура ў нас расквітнела асабліва. Непрызнаньне выбараў, пастаянныя заявы ў АБСЭ, актыўнасьць кангрэсмэнаў і сэнатараў, “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, ініцыяваньне санкцыяў... А нават і адна пастаноўка пытаньня пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН, каб уратаваць Казуліна – для мяне асабіста шмат чаго вартая... На маю думку гэта быў наймагутны акт маральнай падтрымкі беларускай дэмакратыі. І гэта была справа.

Эўропа ж, асабліва яе лідэры – Нямеччына і Францыя – цынічна і ня надта настойліва бароняць правы чалавека ў Беларусі. Можа сказаць і інакш: Нямеччына і Францыя ўжо даўно аддалі Беларусь Расеі. Нават у Празе ў прыватных размовах мне ня раз даводзілася чуць думку, што, маўляў, каб Беларусь стала часткай Расеі, то Эўропе было б менш галаўнога болю...

Але вось праходзяць чарговыя прэзыдэнцкія выбары пасьля цэлага эўрапейска-беларускага “мядовага году” – і зь Менску ў твар Эўропы ляціць цынічны плявок. І што ж Эўропа? Яна вуснамі міністраў замежных справаў Нямеччыны, Швэцыі, Польшчы і Чэхіі заяўляе, што “найлепшы тэст для нашых каштоўнасьцяў — гэта тое, што мы можам зрабіць для бясьсільных. Эўропа ня будзе нямой”. Іншымі словамі, міністры сказалі, што Эўропа... ня будзе МАЎЧАЦЬ. Але Эўропа не маўчала і раней...

ШТО ЭЎРОПА МАГЛА Б ЗРАБІЦЬ


І ў мяне цяпер пытаньне – што ж вы, эўрапейцы, ЗРОБІЦЕ? Што вы ЗРОБІЦЕ для тых, хто супраць лому ідзе з адкрытымі думкамі і адкрытымі сэрцамі, падстаўляючы галовы пад дручкі гарылаў спэцназу, хто ня можа не ісьці, бо інакш бы страціў павагу да сябе самога і надзею на лепшую будучыню – для сябе, сваіх дзяцей і сваёй краіны? У мяне цяпер пытаньне: ці разумееце вы, эўрапейцы, што маеце справу з дзясяткамі тысяч герояў? Герояў, якіх ужо паўстагодзьдзя ня бачыла Эўропа. Што азначала для васьмёркі герояў выйсьці 25 жніўня 1968 году на Красны пляц у Маскве, пратэстуючы супраць акупацыі Чэхаславаччыны? Гэта азначала пакалечаны лёс, страту працы, турму... Ці разумеюць у Эўропе, што ў Беларусі 19 сьнежня дзясяткі тысяч сумленных людзей ВЫЙШЛІ НА КРАСНЫ ПЛЯЦ? І што выхад той для іх скончыцца так сама, як і для васьмярых герояў 1968 году? У Беларусі ўжо даўно за выхад на Плошчу выганяюць з працы, вучобы і садзяць у турму. Ці знайшліся б сёньня ў Эўропе тыя, хто мог бы ахвяраваць здароўем і дабрабытам за свабоду Беларусі?

Ну, зрэшты, гэтага апошняга я ад эўрапейцаў не патрабую. Мне было б дастаткова адной, але моцнай СПРАВЫ. Ня словаў, але СПРАВЫ... Ад Эўропы цяпер патрэбная МАГУТНАЯ МАРАЛЬНАЯ ПАДТРЫМКА, маральны сыгнал прыніжаным і зьняважаным у Беларусі, што пра іх не забыліся, што пра іх дбаюць і прызнаюць за сваіх. І Эўропа магла б такі сыгнал і такую падтрымку прыніжаным і зьняважаным у Беларусі даць.

Эўропа магла б размарозіць санкцыі супраць беларускай вярхушкі і распаўсюдзіць іх на тысячы і тысячы служкаў беларускага рэжыму, на ўсіх супрацоўнікаў КДБ і МУС (нават на іх тэхнічны і гаспадарчы пэрсанал, на курсантаў іх ВНУ), на кіраўнікоў і членаў выбарчых камісіяў усіх узроўняў, судзьдзяў, наогул на ўсіх, хто знаходзіцца на так званай “дзяржаўнай службе” і членаў іх сем’яў, і запатрабаваць ад кандыдатаў на ўступленьне ў Эўразьвяз на Бальканах, ад Турэччыны, ад членаў Міжземнаморскага Зьвязу (Эгіпэт, Туніс, Альжыр, Марока і інш.) безумоўна далучыцца да гэтых санкцыяў. І адначасова Эўропа магла б зрабіць для мільёнаў шараговых беларускіх грамадзянаў бясплатнымі шэнгенскія візы. Ня весьці бясконцыя, цынічныя і беспрынцыпныя размовы пра спрашчэньне візавага рэжыму, рэадмісію і зьніжэньне кошту візаў да 35 эўра, а зусім адмяніць плату за візы, спрасьціўшы і адначасова захаваўшы неабходны парадак іх выдачы і афармленьня.

Зрабі так Эўропа – і 70 працэнтаў беларусаў, у каго тыдзень таму скралі на выбарах галасы, не стрымалі б сьлёзаў падзякі і гонару. Зрабі так Эўропа – і гэта была б найвялікшая і найпрыгажэйшая маральна-палітычная падтрымка дэмакратыі, аказаная групай краін іншай краіне, якую ведае гісторыя. Зрабі так Эўропа, і мільёны прыніжаных у Беларусі – цэлы народ, былі б прынятыя ў Эўропу, не ўступаючы туды сваёй дзяржавай, якую кантралююць хцівыя і помсьлівыя прыслужнікі былой мэтраполіі...

Але Эўропа такога ня зробіць. Эўропа зноў абяцае вэрбальную дапамогу. “Эўропа ня будзе нямой...”

ШТО ДАЛЕЙ


Жыцьцё – рэч жорсткая, цынічная і беспрынцыпная. На жаль, давядзецца з багны выбірацца самім. Выглядае, што беларускі рэжым бярэ курс на поўнае зьнішчэньне незалежнага палітычнага жыцьця ў краіне. Наперадзе нас, верагодна, чакае доўгі шлях КУЛЬТУРНАГА СУПРАЦІВУ. Таму паўтаруся. Пакуль на сьвеце ёсьць хоць адзін чалавек, які размаўляе па-беларуску... жыве Беларусь!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG