Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура «пашкадавала» наконт памылак Вярхоўнага суду


Вулічная акцыя «Жанчын супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» 6 сьнежня.
Вулічная акцыя «Жанчын супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» 6 сьнежня.
Генпракуратура Беларусі прызнала абгрунтаванасьць некаторых скаргаў з боку жанчын, якія шмат гадоў заяўляюць пра несправядлівыя судовыя рашэньні ў сваіх справах альбо справах сваякоў.

Паводле афіцыйнага сайту Генпракуратуры, 14 сьнежня адтуль у Вярхоўны суд быў накіраваны ліст, у якім выказваўся жаль, што Вярхоўны суд не задаволіў некаторыя пратэсты па гэтых справах. Паводле зьвестак з Генпракуратуры, там ужо вынесеныя 4 пратэсты на прысуды, якія абскарджвалі жанчыны, а таксама запатрабаваныя з судоў яшчэ 10 спраў. Іх абяцаюць праверыць дадаткова.

Звыш сотні грамадзянаў, большасьць зь якіх — жанчыны, ужо шмат гадоў вядуць змаганьне за перагляд спраў, якія лічаць незаконнымі. Ініцыятыва атрымала назву «Жанчыны супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры». Актывісткі дзясяткі разоў скардзіліся ў Вярхоўны суд, адміністрацыю Лукашэнкі, напісалі ў Камітэт правоў чалавека ААН у Жэнэву, правялі некалькі пікетаў і пачалі далучацца да акцыяў апазыцыі. У прыватнасьці, шмат разоў жанчыны скардзіліся генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу, але зноў і зноў атрымлівалі фармальныя адказы.

6 сьнежня, калі ў Менску адкрыўся 4-ы Ўсебеларускі народны сход, больш за 10 актывістаў ініцыятывы правялі пікет на плошчы Свабоды, пасьля чаго аднесьлі ў Палац рэспублікі зварот да ўдзельнікаў сходу. Некалькі гадзін яны прастаялі ў вэстыбюлі, пасьля чаго з актывісткамі пагаварыў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Макей. Праз тыдзень некалькі актывістак ініцыятывы зноў сустрэліся зь ім, і тады нарэшце пачалася дэталёвая праверка скаргаў. Яшчэ праз тыдзень Генпракуратура прызнала некаторыя са скаргаў абгрунтаванымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG