Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошча адчаю


Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, калі яшчэ былі сьвежымі ў памяці падзеі ў Югаславіі, мне даводзілася чуць ад маладых і летуценных палітычных актывістаў фантазіі на тэму амэрыканскіх бамбавікоў, якія падтрымаюць плошчу. У 2006-ым шмат у якіх галовах раіліся, выплюхваючыся вонкі, мары пра падтрымку з боку Эўразьвязу. І гэтым разам многія спадзяваліся на цуд, таемна, бо прызнавацца ў гэтым было няёмка, падразумяваючы пад ім дапамогу «рукі Масквы». Як вы ўжо ведаеце, тыя спадзяваньні аказаліся таксама марнымі. І цалкам зразумела чаму. «Расея баіцца выбараў у Беларусі», - піша блогер antihamsky. - «Бо давядзецца ж і ў сябе выбары рабіць». Сапраўды, дзіўна было чакаць штуршку да дэмакратызацыі з краіны, дзе ў 99-м годзе ўсталяваўся звычай прызначаць прэзыдэнтаў.

Такім чынам, сьпіс магчымых збаўцаў вычарпаны канчаткова. Хочацца спадзявацца, што чаканьне падтрымкі ад братоў па розуме з космасу не авалодае апазыцыйнымі масамі. Гісторыя пасьлядоўна і жорстка вучыць нас вядомай ісьціне: «Ніхто ня дасьць нам пазбаўленьня...». Самі, усё самі. У нас ёсьць толькі адзін хаўрусьнік, апроч няўмольнага часу - нашыя суграмадзяне. Я ня ўпэўнены, што кажу гэта першым. Хутчэй за ўсё, не. Але ўражаньне такое, як быццам тая банальнасьць пастаянна забываецца неўзабаве пасьля выбараў і ўспамінаецца толькі бліжэй да наступных. Традыцыйна запозна. Таму маем тое, што маем.



(Пры стварэньні дэматыватара скарыстаны малюнак, падгледжаны ў блогера voranau)

Слушнае пытаньне - на жаль, усяго за тыдзень да 19 сьнежня - паставіў блогер predatorre - як «на пальцах» патлумачыць ня вельмі абазнаным у сутнасьці палітыкі людзям, чаму Лукашэнка павінен сысьці:

«Давялося сёньня за куфлем піва пагаварыць са сваімі сябрамі з нагоды выбараў. Яны ня з тых людзей, хто кажа, што ніхто зь іхных знаёмых не зьбіраецца галасаваць за Лукашэнку. Але ёсьць шмат знаёмых, якія кажуць: вось мяне не задавальняе зарплата, пастаянны рост коштаў і г.д., і да т.п., увогуле жыць у нас фігова, на Захадзе лепей, але Я БУДУ ГАЛАСАВАЦЬ ЗА ЛУКАШЭНКУ (прычыны могуць быць розныя: няма вайны, прыватызацыі, алігархаў і г.д.)! Вось такія выказваньні таксама можна пачуць ад простых працоўных: міністры м**акі, ну вось як можа быць Радзькоў міністрам адукацыі, калі ён сам дурань, але ЛУКАШЭНКА АДЗІН У ПОЛІ ВАЯР і трымае ўсю краіну пад кантролем і не дае хлусьлівым міністрам раскрасьці і расьцягнуць усё народнае багацьце па завугольлях.

Я ўпэўнены, што такіх людзей вельмі і вельмі шмат і, у цэлым, яны настроеныя супраць сыстэмы, але толкам ня могуць знайсьці ёй замену. У такой сытуацыі яны ня стануць слухаць кандыдатаў, бо баяцца разбурыць свой унутраны сьвет.

На мой погляд, кожны больш менш разумны чалавек павінен стаць "эвангелістам", але праблема ў тым, што вось, напрыклад, чалавек у якога тэхнічная адукацыя і пачуцьцё глыбокай несправядлівасьці, і ён ня можа, не пераходзячы на эмоцыі, растлумачыць сваю пазыцыю.

Дык вось пытаньне, а чаму кандыдаты ня могуць толкам растлумачыць народу, што тыя павінны казаць сваім знаёмым, сваякам і калегам, бо на іх жа працуюць паліттэхнолягі, якія павінны гэта ўмець рабіць?

Бо мала гаварыльных галоваў раз на пяць гадоў на тэлеэкранах. Трэба неяк эвалюцыйным шляхам ісьці. Тут падтрымаю кандыдата Вуса, трэба ствараць грамадзкую думку! Ніхто акрамя нас гэтага ня зробіць».

Добрая задача на наступную пяцігодку для апазыцыйных сілаў - стварэньне і распаўсюд дэмакратычнага «катэхізісу», у якім простай, а не птушынай мовай тлумачылася б, што такое дыктатура і які адмоўны ўплыў яна мае ня толькі на разьвіцьцё краіны ў цэлым, але і на паўсядзённае жыцьцё грамадзянаў.

Якім чынам уплывае, аб гэтым піша mikalaj_achyzha:

«Расчараваньне (у магчымасьці плошчы - заўв. Будзімір) патроілася пасьля шчырых гутарак з рабочымі некалькіх заводаў. Некалі ідэолягі сьвідравалі вушы пра нараджэньне новага, савецкага чалавека. Цяпер фіксуецца нараджэньне фармацыі рабоў. На вачах 400 чалавек начальнік цэха абкрадвае рабочых, нешта нейкае перападае бліжэйшым лёкаям, астатняе прыграбае сабе ў кішэню. І ўсе маўчаць!!! Тое, што я сёньня пачуў пра завадзкія рэаліі, прыгнятае настолькі моцна, што ня ведаеш, у чым шукаць збавеньня. Не пасьпелі разабрацца з завадзкімі навінамі, як атрымалі скаргу ад работніц агракамбінату "Дзяржынскі": іх рэгулярна прымушаюць заставацца пасьля зьмены без належнай аплаты. І зноў усе маўчаць! З кім мы пойдзем на тую плошчу?!»



(Пры стварэньні дэматыватара скарыстаны фотаздымак, зроблены блогерам prosto_free падчас фіналу маратону «Зрабі свой выбар», які праходзіў пад эгідай БРСМ)

Шмат чаго можна паставіць у віну дыктатуры Лукашэнкі, але гэта, бадай, самае галоўнае - пазбаўленьне грамадзянаў уласнай годнасьці і нават жаданьня яе адстойваць. Вярнуць сабе годнасьць, вярнуць сабе краіну - гэтыя лёзунгі павінны былі стаць лейтматывам «выбарчай» кампаніі. Бо краіна насамрэч не належыць нават тым, хто спраўна галасуе за перадвызначанага пераможцу. Іх выкарыстоўваюць у якасьці ўнівэрсальнай індульгенцыі, а пасьля іхным жа імем у іх жа адкусваюць па кавалачку, ужо ні аб чым не пытаючыся. Ім і ня рыпнуцца - гэта ж яны так хацелі, каб за іх усё вырашаў адзін чалавек. А як рыпнесься, дык ты ўжо ня «бацькаў», ласкава запрашаем у шэрагі ворагаў народу.

Да сканчэньня кароткачасовай ілюзіі палітычнага плюралізму (слова, якое з такой цяжкасьцю далося Лукашэнку падчас г.зв. «Усебеларускага народнага сходу») і вяртаньня краіны ў стан «хранічнага прэзыдэнтыту», паводле трапнага выразу блогера revsocialist, застаецца тыдзень. Надзеі на вачах растаюць, роспач паднімае галаву. Вось якім чынам апісвае свае адчуваньні блогерка Босая Каралеўна:

«Выбары ў Беларусі... Пародыя выбараў... Сумна. Успрымаю - як уласны боль. Хварэю. Пакутую. Крычу. Ад безвыходнасьці. Няма сілаў. Беспрасьветна. Безвыходна. Баліць душа. І сэрца. І ўсё марна. А я грoблюся. Агідзтва. Сумна. Аморфны народ. Годнасьць, запханая ў азадак. Заўсёды на каленях. Беларусы. Абы не было вайны. Душы на дне. Сумна. Страшна. Зьневажальна. Грэбліва. Трэба ўсё гэта перажыць. Паспрабаваць. Выбару ж няма... Душаць. Задушылі... Ах, як гідка!!! Агідна... Паскудна... Сумна. Ванітуе».

Нават Аляксандр Фядута, які зусім нядаўна пісаў пра тое, што ён ведае, як дамагчыся перамогі, сёньня зьмяніў тон:

«Плошча бывае розная.

Бывае Майдан Энтузіязму. Гэта гонар за сябе, за сваю гісторыю, за свой народ, у якога крадуць перамогу, прымушае таксіста кінуць свой аўтамабіль, міліцыянта-рэгуліроўшчыка - сваё жазло, дацэнта - сваю аўдыторыю. Усе разам ідуць на Майдан. Каб абараніць перамогу.

А бывае Майдан Адчаю. Калі боль ад здрады перапаўняе цябе. Калі чуць іранічныя папрокі ты ня можаш. І калі будачыні - іншай, бяз гэтай самай Плошчы - у цябе няма».


Многія блогеры сям-там выказваюцца за розныя сілавыя сцэнары плошчы, але ня надта ўпэўнена, хутчэй «у парадку трызьненьня». Адчай усё ж не дасягнуў таго пункту, калі ён спараджае адчайныя дзеяньні. Хіба што сублімаваць яго ў карнавал, калі ўжо гэтыя выбары ад пачатку былі названыя «балаганчыкам». Блогер anaver1961, напрыклад, прапануе:

«Па-за супрацьстаяньнем павінна быць інтрыга. Што было б, калі б, скажам, насупраць прэзыдэнцкай адміністрацыі сталі біваком беларускія рыцары? Ці на плошчы Перамогі разьбілі б стан уніфармісты Другой і Першай сусьветнай вайны, уланы і драгуны вайны 1812 году? Была б цікавая інтрыга і было б прыгожа, а прыгажосьць уратуе сьвет...

А што было б, калі б, скажам, тыя самыя рыцары захапілі ў палон, у закладнікі якого-небудзь Паўлючэнку ці міністра? Або нават і самога прэзыдэнта? Ніхто толкам ня ведае, што адбывалася б. Ніхто ня ведае: гэта гульня ці гэта цалкам сур’ёзна? Была б інтрыга…».


Рыцары на плошчы - гэта прынамсі было б хоць штосьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG