Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў больш размаўляць на беларускай мове


На Ўсебеларускім народным сходзе, які завяршыўся ў Менску, амаль не гучала беларуская мова. Адна з дэлегатак заклікала кіраўніка краіны размаўляць па-беларуску.

На сходзе выступілі каля 30 дэлегатаў, двойчы кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка, але на беларускай мове прамаўлялі толькі настаўніца беларускай мовы Алеся Зяневіч, дэпутат Генадзь Давыдзька і старшыня згуртаваньня беларусаў Эстоніі Ніна Савінава. Старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Якабсон па-беларуску працытаваў Івана Мележа. Эстонская беларуска Ніна Савінава, якая брала слова апошняй, выступіла ў абарону беларускай мовы:

«Але каб ужо беларускі народ на Ўсебеларускім народным сходзе так мала размаўляў на роднай прыгожай беларускай мове! Ведаеце, хочацца, каб на пятым Ўсебеларускім народным сходзе мы з вамі размаўлялі ўсё ж больш па-беларуску. Аляксандар Рыгоравіч, я ведаю, вы выдатна валодаеце беларускай мовай, бо на першых сустрэчах нашых вы зьвярталіся да нас на беларускай мове».

Паводле спадарыні Савінавай, беларусы замежжа чакаюць, што будзе выкарыстаны іх патэнцыял і прыняты закон аб суайчыньніках.

«Таму, калі ласка, дамаўляемся: вы размаўляеце на беларускай мове — а мы прыяжджаем да вас».

Лукашэнка адказаў на гэта па-беларуску:

«Дзякуй вялікае, Ніна. Ты казала, што вас, беларусаў, — тры мільёны па-за межамі ў сьвеце. Мы вас так чакаем, нам так не хапае вас тут. Прыяжджайце да нас. І калі вы хочаце, каб мы размаўлялі на беларускай мове больш, мы абавязкова гэта зробім, можа, заўтра, можа, сёньня, як вам будзе лепш. Не хвалюйцеся».

Гаворачы пра альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты, Лукашэнка назваў прадстаўніка БНФ Рыгора Кастусёва «самым чэсным». Маўляў, ён «пачынае размаўляць на беларускай мове», усьведамляючы, што «ніхто яго не разумее і не падтрымае».

Рыгор Кастусёў
Рыгор Касусёў адзначыў, што ўвесь час выступае на беларускай мове пры сустрэчах з выбарцамі ў гарадах, на радыё і тэлебачаньні, на дэбатах. І ўсе яго разумеюць. Адносна таго, што беларускай мовы было мала на сходзе, спадар Кастусёў сказаў:

«Калі беларускія чыноўнікі і лідэр нацыі не размаўляюць на беларускай мове, то, зразумела, што іх падначаленыя тым больш ня будуць размаўляць. Мне цяжка сказаць, калі нарэшце зразумеюць кіраўнікі розных рангаў і самага вышэйшага, што каб адрадзіць Беларусь, трэба яшчэ размаўляць на беларускай мове. Ён, здаецца, паабяцаў, што Беларусь, калі ня сёньня, то заўтра, будзе гаварыць на беларускай мове. Можа, мае прыклады, што я выступаю на беларускай мове, і на яго паўплывалі? Можа, і падарунак „Буквар“ таксама сваю ролю сыграе?»

Спадар Кастусёў у адным са сваіх выступаў на тэлебачаньні паабяцаў падарыць Мікалаю Лукашэнку беларускамоўны «Буквар». У камандзе Кастусёва паведамілі, што калі ўжо Лукашэнка ўпікнуў Кастусёва за мову, то «Буквар» неўзабаве будзе накіраваны адрасату па пошце.

Алег Трусаў
Старшыня ТБМ Алег Трусаў мяркуе, што зварот Таварыства да сходу зрабіў пэўны ўплыў на Лукашэнку — і ў яго асноўным выступе зьявіліся два новыя аспэкты: русыфікацыя і беларуская мова як самая галоўная спадчына.

«Пачынаў ён з таго, што на беларускай мове нічога добрага напісаць нельга. А зараз ён сказаў так: „самае важнае нацыянальна-культурнае дасягненьне — гэта беларуская мова“. Так што дзейнасьць ТБМ прывяла да таго, што адзін і той жа чалавек мусіў на 16-м годзе свайго кіраваньня абвергнуць сябе на першым годзе. І ўпершыню зьявіўся тэрмін „гвалтоўная русыфікацыя“. „І ў далейшым ніякай гвалтоўнай беларусізацыі, роўна як і русіфікацыі ў краіне ня будзе!“ Я думаю, што гэтыя выказваньні сьведчаць аб тым, што хочаш-ня хочаш, а прыйдзецца нешта паляпшаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG