Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмовіўся ад цыгарэт – атрымай прэмію


18 лістапада — Міжнародны дзень адмовы ад курэньня. З ініцыятывы Амэрыканскага анкалягічнага таварыства ён адзначаецца ў трэці чацьвер лістапада, пачынаючы з 1977 году. Мэта — прыцягнуць увагу грамадзкасьці да нэгатыўных наступстваў, якія курэньне нясе здароўю.

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя ставіць Беларусь на шостае месца ў сьвеце сярод краін з найвялікшай распаўсюджанасьцю курэньня. У Беларусі курыць траціна дарослага насельніцтва. Каля 15,5 тысяч штогод паміраюць ад хваробаў, зьвязаных з тытунём.

Каб змагацца з курэньнем, Эўрапейская Камісія прыняла Зялёную кнігу "На шляху да Эўропы бяз тытуню", выступіўшы з шэрагам прапановаў па барацьбе з распаўсюджваньнем курэньня ў Эўразьвязе. У Беларусі таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць за ўжываньне тытуню ў грамадзкіх месцах. Аднак курэньне на прыпынках і ў кавярнях — зьява распаўсюджаная і беспакараная. Як да гэтага ставяцца людзі, якія ня кураць, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску:

Юначка: "Лепш не курыць і моладзь ад гэтага адмяжоўваць, а то курыць пачынаюць ужо ў школе ў 4—5 клясах".

Юначка: "Трэба больш прапагандаваць тое, што курэньне шкоднае. Менш прадаваць у грамадзкіх месцах, бо кожны падлетак можа прыйсьці і набыць. Адміністрацыйную адказнасьць, штрафы павялічваць — магчыма, тады штосьці і атрымаецца".

Спадар: "Я цалкам падтрымліваю, бо сам не куру і мне непрыемны гэты пах".

Спадарыня: "Забараніць, бо гэта шкодна, і асабліва для людзей, якія знаходзяцца побач".

Карэспандэнтка: "Ці дастаткова ў нас змагаюцца з курэньнем?"

Спадарыня: "Думаю, што не. Трэба больш прапагандаваць тое, што курэньне шкоднае, менавіта шкоднае".

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі актыўна кураць каля 2 мільёнаў чалавек. Не чакаючы дзяржаўных ініцыятываў, асобныя кіраўнікі шукаюць альтэрнатыўныя шляхі, каб змагацца з курэньнем. Дырэктар ААТ "Мінсквод" Сьцяпан Паўловіч сваім падначаленым, якія ня кураць, штомесяц выплочвае па адной базавай велічыні. Гаворыць Сьцяпан Паўловіч:

"Кожны месяц даплочваем адну базавую велічыню. Каб яе атрымаць, трэба, каб падпісаўся кіраўнік падразьдзяленьня і прафсаюзны лідэр, што гэты чалавек у мінулым месяцы не курыў, ніхто яго ня бачыў з цыгаркай. Так кінулі ўжо некалькі чалавек, дзяўчаты ў тым ліку. Нават адзін мой намесьнік. Дык апавядаў, што калі напачатку вельмі хацелася ізноў закурыць, то ўзгадваў, што я ж атрымаў адну базавую велічыню — мне ж будзе сорамна перад людзьмі — і тады не курыў. Так і кінуў".

Акрамя адміністрацыйных і эканамічных стымулаў, змаганьню з курэньнем павінна паспрыяць і выкараненьне матывацыі да таго, каб пачынаць курыць, мяркуе эколяг Валеры Дранчук:

"Чаму людзі кураць? Для некага гэта забаўка, а для многіх, магчыма, зьняцьце стрэсу. Гэта псыхалягічны аспэкт, над якім трэба працаваць: якім чынам і сродкамі людзей адвабліваць ад курэньня. І што можа быць яму альтэрнатывай".

Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, 90% сьмерцяў ад раку лёгкіх, 75% ад хранічнага бранхіту і 25% ад хваробы сэрца — зьвязаныя з курэньнем. Кожныя дзесяць сэкунд у сьвеце памірае адзін заўзяты курэц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG