Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на аднаго дзіка — 2,5 патэнцыйныя кілеры


Ад 13 лістапада ў Беларусі зьмяняюцца правілы паляваньня. Так, згодна з новай рэдакцыяй, ухваленай Аляксандрам Лукашэнкам, паляваць на дзіка, бабра ці выдру можна фактычна круглы год. Такі крок тлумачыцца тым, што за апошнія гады колькасьць гэтых прадстаўнікоў жывёльнага сьвету істотна вырасла. Аднак ці не прывядзе лібэралізацыя паляўнічай галіны да скарачэньня папуляцыі зьвера? Прыкладам, цяпер на кожнага дзіка прыходзіцца больш, чым па два паляўнічыя.

Цяпер у Беларусі здабываць дзікоў можна будзе куды часьцей, чым дагэтуль. Ад 1 траўня да 30 верасьня — з засады і з падыходу, у прамежку з 1 кастрычніка да 30 сьнежня — загонам і з сабакамі, ад 1 студзеня і да 30 красавіка — з засады і з вышак. Захады выкліканыя павелічэньнем колькасьці дзікіх кабаноў, якія наносяць усё большую шкоду чалавеку і сельскай гаспадарцы. Прыкладам, цяпер папуляцыя дзікоў налічвае блізу 64 тысяч галоў.

Іншая жывёла, зь якой зьняты ахоўны статус, — рачны бабёр. Баброў у Беларусі амаль столькі ж, колькі і дзікоў, — крыху больш за 62 тысячы. Здабываць яго можна будзе зь 1 верасьня да 1 сакавіка. Такія ж тэрміны паляваньня, як і на бабра, дзейнічаюць у дачыненьні рачной выдры. Па краіне яе налічваецца больш за 5 тысяч.

У паляўнічай супольнасьці новаўводзіны вітаюць і кажуць, што такія крокі трэба было рабіць нашмат раней. Гаворыць паляўнічы са шматгадовым стажам Сяргей Ждановіч:

Цэлыя дарогі правальваюцца, так падкопваюць.
«Справа ў тым, што іх распладзілася проста нямерана, і яны ўжо пачынаюць прыносіць рэальныя страты. Дзік — гаспадарцы, прычым, як дзяржаўнай, так і прыватным падворкам. Бабёр — дарогам і, адпаведна, таксама гаспадаркам і экалёгіі, таму што ён робіць плаціны, затопы. Цэлыя дарогі правальваюцца, так падкопваюць. Выдра рыбу есьць актыўна, то бок, рыбны фонд церпіць. Таму гэта ўсё не „ад балды“ ўзятае і, па ідэі, гэта павінны былі рабіць яшчэ раней. Ужо некалькі гадоў ідуць скаргі найперш на дзікоў, а таксама на баброў — чаму іх урэшце і вывелі з Чырвонай кнігі, дазволіўшы спачатку паляваньне з пасткамі, а цяпер любое, са стрэльбай у тым ліку. І гэта добра ня толькі для паляўнічага, што ёсьць большая магчымасьць паляваць. Гэта добра і для краіны ў цэлым. Крок запозьнены, але станоўчы. У нас жа нічога своечасова не робіцца...».

Паляўнічых у Беларусі больш, чым дзікоў і баброў разам узятых — 150 тысяч чалавек. Ці не атрымаецца так, што пашырэньне рамак паляўнічага промыслу нэгатыўна паўплывае на папуляцыю пералічаных відаў? Начальнік упраўленьня паляўнічай дзейнасьці Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Анатоль Малажаўскі запэўнівае, што бяздумнага зьнішчэньня жывёлы ня будзе — усё застаецца пад кантролем адпаведных органаў:

«Гэта не зусім так, што зьмяшчэньне тэрмінаў зьвязана толькі з рэзкім павялічэньнем пагалоўе. У любым выпадку больш ці менш страляць ня будуць. Бо і сёньня, і па тых правілах, якія толькі ўступяць у сілу, ёсьць пляны вынятку. Яны зацьвярджаюцца штогод: праводзіцца ўлік, вызначаецца колькасьць, і ўжо на падставе ўліку і рэкамэндацый навукоўцаў — колькі ад улічанага пагалоўя можна адняць — яны зацьвярджаюцца арганізацыямі Мінлясгасу, Мінпрыроды і Дзяржінспэкцыі. То бок, больш у любым выпадку страляцца ня будзе. Прыкладам, папуляцыя таго ж дзіка расьце ў залежнасьці ад зімы. Калі суровая зіма, то пагалоўе праз год-два можа ўпасьці. Але як дагэтуль былі мяккія зімы, ня лічачы апошняй, то колькасьць дзікоў у краіне істотна павялічылася, пачаліся праблемы. Адпаведна, павялічыліся і пляны адстрэлу. Таму тэрміны зрушылі, каб было больш зручна карыстальнікам паляўнічых угодзьдзяў, каб ня рвацца ў нейкі тэрмін — за восень усіх пастраляць. Можна дзесьці меней узяць, дзесьці больш».

Паводле спадара Малажаўскага, новыя правілы нясуць ня толькі лібэральны падыход, але сыстэматызуюць ранейшую ўсёдазволенасьць. Прыкладам, самастойна паляваць на воўка, які пэўны час таму трапіў у сьпіс «непажаданых» драпежнікаў, будзе складаней:

«Воўк аднесены да непажаданых відаў, на яго таксама паляваньне ў рэспубліцы дазволенае. Адзінае, што з выхадам новых правілаў больш жорсткае стала паляваньне на яго па-за дазволеным часам. Раней можна было ўзяць пуцёўку і аднаму хадзіць і паляваць на ваўка, лісу, янотападобнага сабаку, тую ж сароку. А цяпер непажаданыя віды — толькі ў суправаджэньні зь егерам. То бок, менавіта гэты момант стане больш жорсткім — бескантрольнага, так бы мовіць, боўтаньня па лесе ня будзе».

Арганізацыі паляўнічых увогуле схільныя лічыць, што сьпіс «шкодных жывёлаў» з усімі сумнымі для іх наступствамі трэба пашыраць. Як кажа адзін з паляўнічых, перадусім гэта тычыцца лебедзя, які стэрэатыпна занесены ў шэраг недатыкальных, аднак менавіта гэтая істота пашкодзіла не адно возера Беларусі, уключна з Нараччу:
А ў нас на судзе за лебедзя судзьдзя ўспамінае песьню «Как над землёй летели лебеди солнечным днём», пачынае плакаць і ўпайвае табе 5 гадоў. А гэта ж гусь, толькі вельмі здаровы.


«Каб дазволілі сэлекцыйны адстрэл лебедзяў — было б добра. Таму што лебедзь канкрэтна перашкаджае прыродзе, выціскае балотную дзічыну. Ён жа буйны і зь месцаў харчаваньня качкі, лысухі, бекаса ўсіх выжывае. Гэта па-першае. Па-другое, на той жа Нарачы менавіта з-за лебедзя праблемы. Прынамсі гэта ўжо пацьвердзілі навукоўцы. З-за таго, што возера плыткае каля берага, зь лебядзіных экскрэмэнтаў узьнікаюць мікраарганізмы, і хто на Нарачы адпачывае, амаль гарантавана вяртаецца з каростай. Лебедзя ў нас вельмі многа. Прыкладам, у Польшчы з гэтай прычыны лебедзя б’юць ужо гадоў пяць: атрымліваеш ліцэнзію — і наперад. То бок, рэгулююць іх колькасьць. А ў нас на судзе за лебедзя судзьдзя ўспамінае песьню „Как над землёй летели лебеди солнечным днём“, пачынае плакаць і ўпайвае табе 5 гадоў. А гэта ж гусь, толькі вельмі здаровы».

Аднак многія адмыслоўцы імпэт паляўнічых ды дзяржаўных ведамстваў не падзяляюць. Эколяг Валер Дранчук перакананы, што размовамі пра «перабор пагалоўя» чыноўнікі хочуць надаць сваёй дзейнасьці бачнасьць кіпучай — маўляў, дзякуючы клопату дзяржавы зьвяр’ё пачало імкліва размнажацца:

«Усе гэтыя службы — Мінпрыроды, Мінсельгас, іншыя — пастаўленыя ў такія ўмовы, што яны мусяць рапартаваць аб вельмі бурнай сваёй дзейнасьці. І таму яны замест нейкіх прыродалюбных акцый пагаджаюцца на тое, што той ці іншы від можна вывесьці з Чырвонай кнігі і зрабіць справаздачу аб тым, што зьдзейсьненая вялікая праца на падвышэньне папуляцыі. Я ў гэта проста ня веру. У мяне з уласнага досьведу вельмі вялікі запас недаверу да гэтых акцый і ў тым ліку да так званай адмашкі адносна паляваньня на віды бабра, выдры і г.д. Гэта ганебна, што на голас прыроды мы адказваем стрэламі, адказваем сілай нейкай лютай нянавісьці да прыроды. Я не выпадкова ўжыў гэты выраз, таму што ўсё гэта сапраўды нагадвае менавіта тое, што мы вяртаемся да традыцый дзікунства ў адносінах да жывой прыроды».

Спадар Дранчук зьвяртае ўвагу на тое, што ў новай рэдакцыі правілаў паляваньня згаданае ім «дзікунства» набывае цалкам рэальныя абрысы. Прыкладам, узаконьваецца вальернае паляваньне, дзе жывёлы будуць выступаць у ролі расстрэльных мішэняў. Заплянавана, што на агароджанай тэрыторыі будуць утрымлівацца капытныя жывёлы, супраць якіх можна будзе выкарыстоўваць лукі і арбалеты. Вальернае паляваньне прадугледжвае здабычу ў тым ліку эўрапейскай лані і плямістага аленя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG