Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бляск і гарота гера Штотца ў беларускіх Міцькаўшчынах


За дзесяцігодзьдзе вандровак па правінцыі гэтая пачыналася, бадай, найбольш спадзявальна-аптымістычна. Нішто, ва ўсякім выпадку, не прадказвала, як той казаў, нейкага «аблому». Але па парадку.


8 гадоў таму салідны нямецкі бізнэсмэн Штотц з мэтай прапаганды сваёй сельскагаспадарчай тэхнікі вырашыў праінвэставаць ды ўкараніцца ў адну зь беларускіх гаспадарак. Выбар паў на Аршаншчыну, дзе наваяўленаму замежнаму вытворча-гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству «Штотц Агра-сэрвіс» здалі ў арэнду 3 тысячы га зямлі адсталага калгасу імя Чапаева. Пасьля далі выкупіць і вытворчыя майстэрні з фэрмамі. Напачатку ж гер Штотц агаломшыў мясцовых вэртыкальшчыкаў тэзай — «дайце мне эканамічную свабоду, і працаўнікі атрымаюць мільёны». З былых калгасьнікаў набралі ў новаўтварэньне за сотню найбольш «талковых». Пасьля эўрарамонту офіс адчыніўся ў Цэнтральнай Міцькаўшчыне. Вёска мала хто памятае зь якіх часоў была геаграфічна ды гістарычна падзеленая на тры часткі, што на невялікай адлегласьці адна ад адной. Нешта патлумачыла мне спадарыня Галіна Седукова, якая 20 год была дырэктаркай Палацу культуры.

Карэспандэнт: «Адкуль дзяленьне на Малую, Вялікую і Цэнтральную Міцькаўшчыну?»

Седукова: «Дзяленьне на засьценкі было ў 30-я гады. У Вялікай Міцькаўшчыне замак быў, быццам, праз трэшчыну пад зямлю сышоў. Малая — самая аддаленая...»

Першым, каго сустрэў у Вялікай Міцькаўшчыне, быў 76-гадовы былы мэханізатар і першы загадчык майстэрняў у прадпрыемстве Штотца, спадар Васіль Буланок. Ён і зрабіў, так бы мовіць, гістарычныя ўводзіны ў тэму.


Буланок: «Гэта замежная фірма, трымаюць людзей для абслугоўваньня, астатнія працуюць хто дзе — каторыя зышлі на жывёлагадоўчы комплекс у „Маяк камуны“ ў вёску Купеўка. Спачатку немцы паказалі, як працаваць — ніводнага зарасьніку не заставалася, апрацоўваліся ўсе кавалкі зямлі. Тэхніка нямецкая адразу пайшла — трактар „Штайгер“ з 10-мэтровым культыватарам, сеялкі лепшыя, чым нашы. Адразу плацілі нам, як калгасьнікам, пасьля эўра, маркамі. Штотц — гаспадар, сюды бярэ кіраўніка. Атрымлівалі пры калгасе па 300 тысяч даяркі, а пры ім — па 500-600. А эўра я старой сваёй аддаў, яны і ляжаць на чорны дзень...» (Сьмяецца)

Скіроўваемся на Цэнтральную Міцькаўшчыну, дзе жыве і працуе асноўная маса насельніцтва. Па шляху ўбачыў кабету, якая ў ватоўцы на сотках уздоўж дарогі капала бульбу. Дапамагалі двое дзяцей. Знаёмлюся з 37-гадовай даяркай Валянцінай Седуковай, што таксама працуе ў Штотца ад заснаваньня. Дагэтуль колькі год была ў калгасе. Так што маю магчымасьць запытаць:


Карэспандэнт: «Чым кардынальна адрозьніваецца праца ў рынкавай нямецкай фірме ад калгасу?»

Валянціна: «Зараз заробак — 600. У калгасе з 4 раніцы да ночы даяркі працавалі. А цяпер у 4 устаюць і да 12:30, а пасьля перазьменка — прыходзіць другая зьмена. А я працую цялятніцай зранку з 8 да 10, пасьля абед 3 гадзіны, і з 13 да 18. Працоўны дзень — ня больш за 7 гадзін. Кароў не выганяюць — кармы падвозяць, раздаём, падгортваем. Маленькія цялятачкі знаходзяцца ў клетках на вуліцы. Месяцы 4 таму перайшлі на аплату ад вагі. Тут ніхто не прымушае працаваць па 12 гадзін без выхадных. Няма кучаў гною, ямаў з жыжай — усё ўбіраецца. Мыючыя сродкі выдзяляюцца, спэцадзеньне, боты...»

Карэспандэнт: «А вы чагосьці яшчэ патрабуеце ад гаспадара нямецкага?»

Валянціна: «Не, у мяне кватэра, дзеці, 4 выхадных зь імі ў месяц...»

У цэнтры Міцькаўшчыны зь дзясятак так званых прэзыдэнцкіх домікаў. Гаспадыню знайшоў толькі ў адным — быў самы экватар працоўнага дня. Пульхная 26-гадовая Натальля Аксяновіч завіхалася ля пліты. У яе двое дзетак, сама ў дэкрэце, чакае трэцяга. «Домік» атрымалі 2 гады таму. Паводле папярэдняга вопыту пытаюся:


Карэспандэнт: «Для мяне лякмусавая папера, ці добры домік — які хлеўчык...»

Аксяновіч: «Ну так, у нас болей. Два парсюкі ў хляве, куры. Прараб казаў — замерзьнеце ў гэтых доміках, бо ў іншых вёсках так. У нас ня кралі пэнапляст для ацяпленьня, дык плюс 26 узімку. Фарбавалі, клеілі самі, падлога, столь не працякала. Ацяпленьне, вада, газ — усё ёсьць...»

Карэспандэнт: «На якіх умовах перададзены домік?»

Аксяновіч: «Пакуль працуем — наш. Прыватызаваць, як адпрацуем год 10. Квартплату 25 тысяч вылічваюць, але за газ дорага ўзімку — 150 тысяч...»

Натальля, якая раней працавала даяркай, паказвае дарогу да новай, пабудаванай пры немцах фэрмы на амаль паўтысячы кароў. Тут дах пад трохпавярховы дом. Скразная вэнтыляцыя праз расчыненыя вокны ўверсе. Цялятніца Натальля Склізнова тут другі год. Кажа, што ў жыцьці не працавала ў такіх добрых умовах.


Склізнова: «Тут не чуваць паху гною — вокны на зіму зачыняюцца. Чыста, утульна і каровы культурныя (сьмех) — прыемна працаваць...»


У дыспэтчарскай майстэрні знаёмлюся з Галінай, якая паміж тэлефанаваньнямі расказвае:

Галіна: «Спазьненьні выключаныя, парушэньні дысцыпліны. За перапрацоўку плаціцца. Камбайнэры ўлетку працуюць да 12 ночы — самі зацікаўленыя. У мяне аклад 503 тысячы. Галоўнае — зьмены ў стылі працы. Ідзеш у адпачынак — адпускныя плюс 10 базавых на аздараўленьне. А ў калгасе такога не было — пілі, дысцыпліна была дрэнная...»


Выходжу на мэхдвор. Побач зь нямецкімі камбайнамі марак «Штайгер», «Чэленджэр», «Атлас» — пяць зь «Лідсельмашу» ды пяць трактароў-"Беларусаў«. Зрэшты, параўноўваць ня мае сэнсу — вядома, што нямецкія за ўборачную зьбіраюць 2 тысячы тон зерня, нашы з-за паломак і стратаў ледзь дацягваюць да паўтары. Падыходжу да 40-гадовага трактарыста Анатоля Ермакова, які корпаецца ў маторы.


Карэспандэнт: «Заробак стабільны — ці ўзімку, як у калгасах, 100-200 тысяч?»

Ермачэнка: «Канечне, большы. Мільён атрымліваем зараз лёгка, узімку 500 тысяч, хоць тое ж сееш, арэш...»

Карэспандэнт: «А за Лукашэнку будзеце галасаваць на выбарах?»

Ермачэнка: «Хто вам праўду скажа?» (Сьмяецца)

* * *

Дыспэтчар Галіна дамаўляецца праз тэлефон аб сустрэчы праз 2 гадзіны з дырэктарам «Штотц Агра-сэрвіс Міцькаўшчына» Крэстэнам Маерам. Дарэчы, ва ўсіх адчувалася пэўная нэрвознасьць — у суседні Дубровенскі раён прыехаў Лукашэнка. У Вялікай Міцькаўшчыне ўжо сустрэлі кабетаў, якія «адзначылі» падзею.


Спадарыні: «Яна любіць Лукашэнку — прабачце, бутэльку выпілі... Лукашэнка зь Менску будзе ехаць, і мы зь ім сфатаграфуемся!»

Да бэнзакалёнкі падышла знаёмая ўжо спадарыня Седукова, якая ў Штотца працуе загадчыцай складу. Ёй, што дзесяцігодзьдзі адпрацавала ў калгасе, таксама «параўнальнае» пытаньне.

Карэспандэнт: «Ежджу 10 год па калгасах, чую, што калгасная — „безнадзейная“ форма гаспадараньня і людзі ня змогуць пасьля яе крочыць у рынак. Як адбывалася гэтая „ломка“?»

Седукова: «Вышэйшы стаў заробак удвая. Платы пафарбаваныя, майстэрні адрамантаваныя — прыемна выходзіць на працу, парк тэхнікі абнаўляецца. У нас зараз ня п’юць — пасьля папярэджаньняў звальнялі людзей, цэлая вёска беспрацоўных ходзіць. Ня сталі перапрацоўваць — вольнага часу больш зьявілася. У Палацы культуры вокны паставілі, дзьверы адрамантавалі, у ФАПе — прыбіральні. Заяўкі даем на артыстаў...»

Гутару з Галінай Іванаўнай, ці хапае часу на ўласную гаспадарку.


Седукова: «Трымаю 2 каровы, 4 парсюкі, індавутак. Пастуху плацім па 40 тысяч штомесяц за карову плюс па чарзе абед яму носім. Грошы даем старэйшыне, яна на кніжку, каб не прапіў. Карацей, ня ён пасе, а каровы яго пасуць...» (Сьмяецца)

Непадалёк ад Малой Міцькаўшчыны на палетках пасьля я падышоў да невялікага статку, за якім лежачы сачыў 54-гадовы Аляксей Радчанка. Ён з ахвотай уступіў у размову.


Радчанка: «У мяне 15 кароў з трох Міцькаўшчынаў. Пасу з 6 раніцы да 7 вечара. Людзі 600 тысяч мне зьбіраюць у канцы месяца. У калгасе пастухом пасьвіў 114 галоў — меў тысяч 300. Так што я за прыватную ўласнасьць...»

Калі загаварыў з той жа Галінай Седуковай пра тое, што ў гаспадарцы не «прыватнае», выраз яе твару зьмяніўся.

Седукова: «Вада ў нас іржавая з ЖКХ, у лічыльнікаў іржавыя фільтры — у месяц мяняем па 2 разы. Гарачая вада была, зараз выразалі „гарачыя“ трубы, засталася халодная. І халодная дрэнна ідзе — то вежу прарве, то сьвятла няма — у падвалах трубы залепленыя, пацячэ — па 3 дні сядзім без вады. З-за Каваленкі, што быў начальнікам райжылфонду, — пісалі ў газэце, што ў яго былі прыпіскі на 40 млн...»

Завітаў на мясцовую кацельную, што падпарадкоўваецца Аршанскаму ЖКХ. Вакол мяне згуртаваліся зь дзесятак працаўнікоў, якія далі свае тлумачэньні сытуацыі:

Спадарства: «У калгасе стаялі магутныя газавыя катлы, выпрацоўвалі больш энэргіі, цяпла — газ жа таньнейшы быў. А зараз палім дровамі — цяжэй, а заробкі тыя ж самыя...»

Карэспандэнт: «А галасаваць за каго будзеце?»

Спадарства: «За новага прэзыдэнта — за Колю!» (Агульны рогат)
Пасу з 6 раніцы да 7 вечара. Людзі 600 тысяч мне зьбіраюць у канцы месяца. У калгасе пастухом пасьвіў 114 галоў — меў тысяч 300. Так што я за прыватную ўласнасьць...


Вяртаюся ў майстэрні на дамоўленую сустрэчу з Маерам. Ідзем у адным кірунку яшчэ з адной даяркай, Валяй — прозьвішча не назвала.

Валя: «Я абслугоўваю 70 цялятак, працоўны дзень 7 гадзін, заробак 600...»

Карэспандэнт: «Задаволеная?»

Валя: «Не, мала. А падвысіць заробак — пустое, усе працуюць, хочуць атрымаць...»

Тым часам у майстэрнях да мяне раптам падышоў загадчык Курусаў і голасам супрацоўніка зусім іншага ведамства запатрабаваў «нічога не здымаць» і «чакаць дырэктара ў прыёмнай». Там сакратарка Тамара паведаміла, што гер Маер гэтым днём магчымасьці сустрэцца ня мае, і параіла патэлефанаваць зь Менску. Што я і зрабіў праз пару-тройку дзён.

Карэспандэнт: «Тамара, гэта журналісты, што на мінулым тыдні былі ў вас...»

Тамара: «Дырэктара зараз няма, у яго людзі, зь якімі езьдзяць па гаспадарцы. Перад абедам пазваніце...»

У абед размова адбылася «бяз рэтушы».

Тамара: «Дырэктар ня хоча вам даваць інтэрвію. Ён сказаў — што гэта за радыё, калі без дазволу здымалі ў вёсцы...»

Карэспандэнт: «Ён жа паабяцаў прыехаць да нас праз гадзіну пасьля тэлефанаваньня...»

Тамара: «Казаў — што яны ад мяне хочуць і што ён будзе вам гаварыць?»

Карэспандэнт: «Што ж, давядзем яго меркаваньне да дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі...»

Камэнтуем ды дзелімся ўражаньнямі з маім спадарожнікам, сябрам ЦК партыі «Справядлівы сьвет» Мікалаем Петрушэнкам.

Карэспандэнт: «Мікалай Сямёнавіч, як вы патлумачыце зьмяненьне пазыцыі Маера, калі ён даведаўся, што да яго прыехалі з Радыё Свабода і кампаніі „Наш дом“?»

Петрушэнка: «Гэта ўжо ня гер Маер — таварыш Маер! За час пражываньня стаў тыповым беларускім чыноўнікам-упраўленцам. Таварыш Маер баіцца нават, што яго ўхваляюць! І я ведаю чаму. У „Газэце Аршанскай“ пра яго пісалі, што ў яго „самая высокая сярэдняя аплата“. Ён дае на яе палову таго, што прадукуюць людзі. Чыноўнікі ж праз газэту сваю яго „дзёрнулі“, што ён ня выканаў нейкі паказчык „залежнасьці паміж ростам заробку, валавым прадуктам і прадукцыйнасьцю працы“...»

Карэспандэнт: «І наколькі, па-вашаму, можна верыць яго гучнаму выразу — «дайце мне эканамічную свабоду, і ў мяне будуць атрымліваць мільёны?»

Петрушэнка: «Гэта таварыш Маер гаварыў тады, калі быў гер Маер». (Сьмех)

Карэспандэнт: «Ёсьць пасьля гэтага патрэба аўтарытарнай дзяржавы ў такім прытоку замежнага капіталу?»

Петрушэнка: «Думаю, не, таму што чыноўнік трымаецца сваіх асабістых інтарэсаў і яму канкурэнт не патрэбен. І калі б таварыш Маер і даў інтэрвію, яму б сем раз прыпомнілі гэта — таму і перастрахаваўся...»

І ўсё-ткі з вандроўкі вяртаўся ў філязофскім настроі. Узгадваў канцоўку размовы са спадарыняй Седуковай.

Карэспандэнт: «І ў Беларусі можна прыйсьці да цывілізацыі?»

Седукова: «Натуральна! У іх у Нямеччыне прынята верыць людзям, сумленна ставіцца — і ў нас не чуваць, што крадуць...»

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG