Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Каваленя будзе кіраваць усёй гуманітарнай навукай


Акадэмія навук
Акадэмія навук
Дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Каваленя, дасьледчык падзеяў апошняй вайны ў Беларусі, узначаліў Аддзяленьне гуманітарных навук і мастацтва. Ягоная ранейшая пасада застаецца пакуль вакантнай. Абавязкі дырэктара выконвае ягоны намесьнік Вячаслаў Даніловіч.

Навіну пра тое, што іх навуковая ўстанова засталася без дырэктара, гісторыкі ўспрынялі спакойна. Час, калі дырэктара акадэмічнага інстытуту выбіралі, мінуў, і навуковыя аўтарытэты, якіх бы яны хацелі бачыць на кіроўных пасадах, не адпавядаюць сучасным ідэалягічным патрабаваньням.

Гаворыць супрацоўнік інстытуту археоляг і адзін з дасьледчыкаў месца масавых пахаваньняў ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты Мікола Крывальцэвіч:

“Я нават не цікаўлюся гэтым, таму што паўплываць на гэты працэс немагчыма аніяк. Што адбываецца, як адбываецца – цяжка зразумець, і вельмі канкрэтна зразумець, якія там задумы зь перастаноўкамі ці з расстаноўкамі – цяжка разважаць пра гэта”.

За часы дырэктарства спадара Кавалені працу ў Інстытуце гісторыі страцілі Генадзь Сагановіч, Сяргей Тарасаў, Яўген Анішчанка і іншыя навукоўцы, якія трымаліся гістарычнае праўды, а не ідэалягічных установак. Вось як ахарактарызаваў стан рэчаў у Інстытуце гісторыі пры Аляксандры Кавалені Яўген Анішчанка:

“Ён ператварыў інстытут у магілу”.

Спадар Каваленя апошнім часам сумяшчаў функцыі дырэктара Інстытуту гісторыі і акадэміка-сакратара Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтва Нацыянальнай акадэміі навук. Цяпер ён будзе фактычна кіраваць усёй навуковай гуманітарнай сфэрай. Вестку пра павышэньне па службе былога дырэктара Яўген Анішчанка, якому той перашкодзіў атрымаць атэстацыйнае зацьверджаньне абароны доктарскай дысэртацыі па тэме падзелаў Рэчы Паспалітай, успрыняў як заканамернасьць у кадравай палітыцы вядучай навуковай установы краіны.

“Калі Каваленя прыходзіў на гэтую пасаду, то афіцыйна сказаў, што ён прыйшоў ня тое што мацаваць кадравы патэнцыял акадэміі, а ператварыць акадэмію, а галоўным чынам гуманітарныя інстытуты – гісторыі, мовы і літаратуры, права, мастацтвазнаўста – ператварыць у каардынацыйны цэнтар. Гэтыя словы не літаральна трэба разумець, а як прыкрыцьцё. Гэта шырма таго, што гуманітарныя інстытуты ператварыліся не ў каардынатараў навукі, а ў цэнзараў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG