Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета кандыдата: Алесь Міхалевіч


Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Нарадзіўся ў 1975 годзе. 1997 г. Скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «палітоляг-юрыст». Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ачольваў Аб’яднаньне беларускіх студэнтаў. Стажыраваўся ў Варшаўскім (Польшча) і Оксфардзкім (Вялікая Брытанія) унівэрсытэтах. Працаваў намесьнікам дырэктара, генэральным дырэктарам СП «Аркадыя», якое спэцыялізавалася на турыстычным бізнэсе. Жанаты, бацька дзьвюх дачок. 2008- 2010 гг. Юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу. 2007-2008 гг. Юрысконсульт Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане. Зь 2006 г. — антыкрызісны кіраўнік, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі РБ. 2004-2008 гг. Намесьнік старшыні партыі БНФ. 2003-2007 гг. Дэпутат Пухавіцкага раённага савету Менскай вобласьці, каардынатар Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. У той жа час — выдавец газэты «Рэгіён».


Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?


Каб мадэрнізаваць Беларусь — і ня толькі ў эканамічнай сфэры, бо ніякія рэформы гаспадаркі (ні на ўзроўні мэнэджмэнту, ні на ўзроўні тэхніка-тэхналягічнага перабсталяваньня) ня будуць пасьпяховымі без мадэрнізацыі палітычнай і агульнасацыяльнай структуры дзяржавы, а таксама пэўнага абнаўленьня самасьвядомасьці грамадзтва.

Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?

Я лічу, што пэнсійная сыстэма павінна быць назапашвальнай, таму неабходна стварэньне пэнсійна-страхавых фондаў, якія будуць канкураваць з дзяржаўным пэнсійным фондам. Але ў той жа час трэба захаваць дзяржаўную сацыяльную пэнсію (гэта асабліва важна ў час пераходу ад адной сыстэмы да другой) . Што тычыцца сярэдніх заробкаў, то ў маёй праграме не называюцца канкрэтныя лічбы, але гаворыцца пра забесьпячэньне ўмоваў гаспадараньня, пры якіх годны заробак зможа атрымліваць пераважная большасьць занятых.

Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?

Да прыкладу, я вітаю працэс акцыянаваньня “Беларуськалію”. Але прыватызацыя павінна ня толькі папаўняць бюджэт, але і рабіць капіталістамі нашых грамадзянаў. На маю думку, акцыі беларускіх прадпрыемстваў першымі павінны выкупляць самі грамадзяне Беларусі. Валюта на руках у беларусаў ёсьць . А тым супрацоўнікам прадпрымстваў, якія адпрацавалі на іх ня меней за дзесяць гадоў (у тым ліку і тым зь іх, што ўжо сышлі на пэнсію), будзе справядліва проста падарыць акцыі. Пасьля, калі ласка, няхай ідзе стратэгічны інвэстар — толькі сустракаць яго павінен моцны прафсаюз, а ня тое нягеглае ўтварэньне пад кіраўніцтвам Козіка. Увогуле ж з прыватызацыяй прыбытковых прадпрыемстваў сьпяшацца ня мае сэнсу, бо галоўнае ня форма ўласнасьці, а эфэктыўнасьць прадпрыемства.

Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?

Пра альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі цяпер кажуць паўсюдна, і пра энэргазьберажэньне таксама. Аднак я лічу, што ў гэтым выпадку, перш за ўсё, трэба казаць пра прадукцыйнасьць працы, якая складаецца і з эканомнага спажываньня энэргарэсурсаў таксама. А падвышэньне прадукцыйнасьці дасьць нам магчымасьць рэалізоўваць болей тавараў і паслугаў на замежных рынках, і вось з гэтых грошай мы будзем плаціць за энэргарэсурсы.

Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?

Па-першае, зразумела, час прэзыдэнцтва адной асобы не павінен перавышаць двух тэрмінаў. А сам прэзыдэнт мусіць стаць часткай выканаўчай галіны ўлады, а не каардынаваць дзеяньні іншых галінаў улады. І, па-другое, прэзыдэнта трэба пазбавіць права прызначаць кіраўнікоў абласьцей і раёнаў; гэта прывілея жыхароў дадзеных рэгіёнаў — выбіраць сабе мэраў і губэрнатараў.

Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?

Зьмены могуць тычыцца ўзмацненьня ролі парлямэнту. Напрыклад, я лічу неабходным, каб Генэральная пракуратура падпарадкавалася парлямэнту.

Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?

Парлямэнт зможа падняць такое пытаньне, калі ў грамадзтве высьпее патрэба адказаць на яго станоўча.

Якім павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня", і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?

Як частка гістарычнай спадчыны Беларусі бел-чырвона-белы сьцяг павінен быць уключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, куды ўжо ўключаны герб «Пагоня». Відавочна, што дзяржаўная сымболіка павінна аб'ядноўваць нацыю, а не падзяляць яе. Таму пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы павінен вырашыць дэмакратычна абраны парлямэнт, якому трэба дэталёва вывучыць усе аспэкты дадзенага пытаньня.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?

Нам трэба быць рэалістамі і ўсьведамляць, што яшчэ вельмі доўга да таго моманту, калі Беларусь зможа стаць сябрам ЭЗ. Я лічу важным фактарам адпаведнасьць нашай краіны эўрапейскім стандартам, але пытаньне аб уступленьні Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз павінна разглядацца з улікам канкрэтнай эканамічнай і геапалітычнай сытуацыі. У выпадку наяўнасьці адпаведнай волі з боку ЭЗ, я не выключаю, што падчас майго прэзыдэнцтва Беларусь зможа ўключыцца ў эўрапейскія інтэграцыйныя працэсы.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?

Беларусь павінна ўступіць у ваенны блёк толькі ў выпадку, калі будзе відавочная пагроза яе сувэрэнітэту з боку больш моцнай дзяржавы. На дадзены момант такой пагрозы не прасочваецца, таму я лічу, што Беларусь павінна быць нэўтральнай. Нэўтралітэт патрабуе няўдзелу дзяржавы ў ваенных блёках, у тым ліку і ў НАТО.

Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?

У выпадку майго прэзыдэнцтва будзе ўведзены мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня. Гэта мера неабходная для паляпшэньня міжнароднага вобразу Беларусі.

Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?

Адказ на гэтае пытаньне кожны знойдзе для сябе самастойна па заканчэньні маіх, на дадзены момант яшчэ не набытых, паўнамоцтваў.

Які будзе Ваш першы ўказ?

Мой першы ўказ будзе рэгуляваць прававы статус папярэдняга прэзыдэнта Беларусі. Тое, якім будзе гэты статус, будзе залежаць ад многіх абставінаў.

Як лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?

Я ня бачу падстаў для правядзеньня маштабнай люстрацыі ў Беларусі. Таму прадстаўнікі сёньняшняй улады ня мусяць баяцца, хіба толькі зьдзейсьняць сур’ёзнае злачынства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG