Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юля Цімафеева: “Выкрадзеная жанчына – не заўсёды ахвяра”


Што адчувае жанчына, якую выкрадаюць? Як успрымае гэтыя пачуцьці сваёй абраньніцы мужчына, які завалодвае ёю, не зважаючы на ўзаемнасьць? Пытаньні, у пошуках адказаў на якія створаныя шэдэўры ўсясьветнага мастацтва і літаратуры.

Клясыка і сучаснасьць на тэму, квінтэсэнцыяй якой лічыцца старажытнагрэцкі міт аб выкраданьні Эўропы, – на старонках новага нумару інтэрнэт-часопісу перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”.

Стары Зэўс – бог неба, грому і маланак – закахаўся ў юную красуню Эўропу. Але цьвяроза ацаніўшы свае шанцы на ўзаемнасьць, ён вырашыў пайсьці на хітрасьць і перакінуўся ў маладога белага бычка, які падлашчыўся да наіўнай дзяўчыны і вокамгненна кінуўся зь ёю ў мора. Перавёзшы яе на сваёй сьпіне на востраў Крыт, зрабіў выкраданку сваёй каханкай. Чаму менавіта гэты міт стаў тэмай новага “ПрайдзіСвету”?

Юля Цімафеева, адна са укладальніц часопісу, кажа, што старажытнагрэцкі міт не дае адназначнага адказу на пачуцьці скрадзенай Эўропы. Магчыма, што яна й не ўспрымала сябе як ахвяру:

“Мы вырашылі паглядзець на жанчыну як суб'ект літаратуры. І ў дадзеным выпадку ў нас ёсьць два погляды на старажытнагрэцкі міт аб выкраданьні Эўропы: з аднаго боку, гэта погляд самой Эўропы, самой жанчыны, якая глядзіць на сябе і на сьвет, а з другога боку, гэта погляд быка, другой дзейнай асобы міту, і мужчыны, які глядзіць на жанчыну і сам нешта сабе думае, нешта піша пра яе”.

У «жаночай» вэрсіі зьмешчаны творы такіх усясьветнавядомых пісьменьніц, як Джэйн Остэн (урывак са знакамітага раману "Пыха і перадузятасьць"), Інгеборг Бахман, Сапфо, Эмілі Дыкінсан, Віслава Шымборска, Марына Цьвятаева, Сэльма Лягерлёф, Айн Рэнд, Джойс Кэрал Оўтс. Побач зь імі не зусім яшчэ адкрытыя беларускаму чытачу партугалка Тэрэза Вэйга, амэрыканкі Шарлота Пэркінз Гілман і Сара Тыздэйл, чэшкі Пэтра Дваржакава і Марыя Шцясна, украінкі Анастасія Афанасьева і Аксана Забужка, грузінка Мая Сарышвілі, фінка Катры Вала ды іншыя.

«Вэрсію Быка» ў часопісе прадстаўляюць такія вядомыя творцы, як Шарль Бадлер, Оскар Уайлд, Фэрнанду Пэсоа, Анатоль Франс, Робэрт Вальзэр, Сяргей Жадан.

“Некаторыя зь іх глядзяць на жанчыну праз свае творы іранічна і нават скептычна, – кажа Юля Цімафеева. – Гэта Оскар Уайлд, гэта Сакі – амэрыканскі пісьменьнік, таксама вядомы, які надта іранізуе з нагоды нейкіх звычак ці асаблівасьцяў жанчыны”.

Для тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам ці ня любіць чытаць мастацкай прозы ў электронным фармаце, але хоча ведаць новыя пераклады ўсясьветнае клясыкі па-беларуску, “ПрайдзіСвет” прапануе свае пераклады на старонках сорак сёмага нумару часопісу «Дзеяслоў». І абяцае гэта рабіць на старонках іншых папяровых выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG