Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра свабоду да беларускай мовы


За тыдзень нам даводзіцца прачытваць па некалькі сотняў камэнтараў на нашым сайце. Добра, што чалавек надзелены ад прыроды дабрадзействам забыцьця, а таму пераважная большасьць з гэтых камэнтараў амаль адразу сьціраецца з памяці. Але кожны тыдзень трапляюцца і электронныя допісы, пасьля чытаньня якіх і рука, і душа пачынае невыносна сьвярбець, каб адказаць. Калі камэнтар датычыць матэрыялу, падпісанага імем і прозьвішчам, дык зразумела, што ў першую чаргу адказваць трэба аўтару. І так наогул робіцца. Але што рабіць, калі сьвярблівыя заўвагі чытачоў ідуць пад фірмовы матэрыял, дзе аўтар пазначаны калектыўна як "Радыё Свабода"? Хто павінен адказваць у такім выпадку?

Дык вось, каб разруліць падобныя сытуацыі, кіраўніцтва рэдакцыі вырашыла ўвесьці функцыю пад назвай "дзяжурны свабодавец". Дзяжурнаму свабодаўцу дазваляецца ад імя рэдакцыі раз на тыдзень "публічна пачухацца", то бок, паспрабаваць напісаць нешта ў адказ на больш-менш талковыя (як і зусім бесталковыя) камэнтары ад наведнікаў сайту. Дзеля таго, каб у першую чаргу пазбавіцца ад згаданага сьвербу, а ў другую — навучыцца пісаць матэрыялы, якія прыцягалі б як мага больш талковых камэнтараў.

Scribere scribendo, dicendo dicere disces — казалі старажытныя рымляне (пісаць вучысься пісаньнем, гаварыць гаварэньнем). Давайце паспрабуем час ад часу павучыцца гэтага ўмельства разам...

Значная частка водгукаў апошніх дзён была прысьвечаная рашэньню рэдакцыі публікаваць у верасьні камэнтары толькі на беларускай мове. Некаторыя абвінавацілі нас у замаху на свабоду выказваньня, то бок, у здрадзе ідэалу, які закладзены ў назьве нашай фірмы. Вось думка з гэтага рэпэртуару, якая трапілася пад блогам Я. Максімюка пра спальваньне Карану:

Ананім: Як людзі навучыліся жыць і жывуць у такіх умовах вось ужо больш за 200 гадоў гэта загадка. І ў першую чаргу для тых хто знаходзіць апраўдання для абмежавання правоў і свабодаў. Як, напрыклад, Лукашэнка тлумача гэта добрымi намерамi стварэньня моцнай улады, або кіраўніцтва беларускай службы Радыё Свабода, абмяжоўваючы права на выказванні сваёго пункту гледжання на рускай мове на сайце асноўнай задачай якога з'яўляецца не выхаванне палiглотаў, а падтрымка дэмакратычных каштоўнасцяў. Тлумачачы гэта таксама клопатамi аб беларускай мове.

Пад згаданым блогам знаходзіцца і вельмі добры адказ для тых, чые дэмакратычныя каштоўнасьці мы "прышчамілі", пастанавіўшы ў верасьні публікаваць выказваньні наведнікаў сайту толькі па-беларуску:

Ales, Horadnia: Spadaru, jaki lichyc abmezhavanne demakratyji pisac svaju dumku pa belarusku -- nia blytajce bob z harocham. Ci abmizhouvaje uzbecki ci anhelski Internet sajt vashu demakratyju tym, shto ne drukuje pa rusku? Luboje pravila -- ad darozhnaha ruhu da pravilau pravapisu pa hetaj logicy - abmezhavanne demakratyji i svabody. Hochacca perajsci vulicu tam i tady, kali vam zruchna -- nu-nu. Pasprabujce. Mozha kamu i dzicio zgvalcic hochacca, ci navat bez gvaltu, za padarunak -- ale i tut niama demakratyju i svabody. Inshymi slovami - ne padmianiajce paniacci, ni u dyskusiji ni u zhyccii. Kepska skonchycca.

Ад сябе хочацца Ананіму сказаць наступнае: Вы няправільна разумееце паняцьце "свабода", ня кажучы пра паняцьце "дэмакратычныя каштоўнасьці". У гэтым сьвеце па вызначэньні не існуе "свабоды АД чагосьці". Існуе толькі "свабода ДА чагосьці". То бок, вы не свабодны ад правілаў сайту Радыё Свабода, калі хочаце зьмясьціць свой камэнтар у нас. Але вы свабодны зьмясьціць свой расейскамоўны камэнтар на сайце зь іншымі правіламі, чым у нас. Адчуйце розьніцу.

Дарэчы, гэты аспэкт жыцьцёвай свабоды зьяўляецца зусім ясным для вядомага пэрсанажа беларускай кібэрпрасторы пад мянушкай "Димыч", які змагаецца за роўныя правы для расейскамоўных у Беларусі. Ён у верасьні перайшоў на беларускую мову, каб пісаць нам на сайт. Гэта ж для Димыча не "свабода ад расейскай мовы", а якраз "свабода да беларускай мовы". Інакш кажучы, ён у верасьні стаў чалавекам удвая больш свабодным, чым быў раней.

Пра завершанае посьпехам змаганьне сям’і Астроўскіх з Горадні за беларускамоўную адукацыі сваёй дачкі мы атрымалі вось такую нечаканую рэфлексію:

Зміцер: Ну дамагліся яны - добра! Але чаго яны дамагліся? У дзяўчынкі у гэтай школе не будзе ні воднай сяброўкі-аднаклясніцы якая б з ёй размаўляля па беларуску. Яна ж будзе як белая варона - а гэта вельмі цяжка для дзіцячай псыхікі. Бацькам трэба шукаць сабе падобных і разам дамагацца беларускіх клясаў, а не індывідуальных праграм.

Гэта, на жаль, праўда. І што тычыцца дзяўчынкі, і што тычыцца беларускай салідарнасьці у змаганьні за сваю школу. Але іншай долі для "зямлі пад белымі крыламі" пакуль ня дадзена. Мы ўсе калісьці думалі, што гэтая караткевічаўская мэтафара гаворыць пра крылы ці то анёлаў, ці то буслоў. Сёньня ўсім відаць, што на ўвазе маюцца, хутчэй за ўсё, крылы белых варонаў. Безь якіх Беларусі, як ні круці, ня выжыць.

Пра вынікі перапісу адносна роднай мовы:

Dzimon, Гомель: Вынікі перапісу сведчаць, што беларуская нацыя налічве больш за мільён чалавек.Не так і мала. Калі параўноўвацца з эстонцамі. Беларусы -- тыя, хто карыстаецца роднай моваю. Астатнія -- людзі без нацыянальнасць. Як у Эстоніі ёсць людзі без грамадзянства. Беларусы -- нацыянальная меншасць у небеларускай дзяржаве. Ці выжыве такая нацыя? Выжыве. Як караімы выжылі. Як лужычане. Але патрабаваць ад гэтай дзяржавы, якая варожа ставіцца да беларусаў, нейкага выканання сваіх нацыянальных правоў смешна.

Ну, дзякуй. Парадавалі, што называецца. Асабліва лёсам караімаў і лужычанаў. А з эстонцамі нам, пакуль, няма падставаў параўноўвацца.

Валеры Буйвал, Менск: Якая можа быць "дыскусія" па выніках перапісу, праведзенага пад акупацыйным рэжыме!? А калі б яны прадставілі "дадзеныя", што беларусаў ужо няма на гэтай зямлі (ім бы так хацелася), дык што кідацца ў істэрыку? Няхай засунуць сваю "статыстыку" у адно месца!

Ды праблема ня ў тым, спадар Буйвал, што статыстыку складаў "акупацыйны рэжым", а ў тым, што ўсе чакалі, што яна будзе яшчэ горшая.

Мазынскі Валеры: Сапраўды, вінаваціць няма каго. Калі можаш НЕ гаварыць па-беларуску, той не гаворыш. А калі НЯ можаш Негаварыць -- то ГАВАРЫ! Мова жыве, калі ёсьць носбіты. А ўсё астатняе -- ад Лукавага.

Амін.

Алесь з Горадні за свой камэнтар пра "боб з гарохам" атрымлівае ад нас узнагароду — віртуальную пляшку піва "Лобкавіц". На здароўе!

Мы мяркуем прысуджаць такую ўзнагароду — назавем яе пакуль Віртуальнай узнагародай за камэнтар тыдня (ВУКТ) — за выказваньне, якое нам на мінулым тыдні найбольш спадабалася ці то сваёй талковасьцю, ці то дасьціпнасьцю, ці то адным і другім)

Пішыце. Працягнем праз тыдзень.

П.С. Заўважце, што і пад гэтымі камэнтарамі можна пісаць камэнтары. :)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG